Вы тут

Правілы для адходаў


Мінулы год быў багаты на навацыі ў сферы абыходжання з адходамі і прадухілення іх утварэння. У красавіку 2019-га Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 7 “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”, якая ў тым ліку абазначыла неабходнасць поўнай адмовы ад поліэтыленавай упакоўкі і замены яе на экалагічна бяспечную. Была прынятая Канцэпцыя стварэння аб’ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў і палігонаў для іх захоўвання. Пастановай Савета Міністраў, прынятай у канцы 2019 года, зацверджана забарона з 2021 года выкарыстання і продажу некаторых відаў аднаразовага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання і інш. Усе гэтыя напрамкі дзейнасці былі канкрэтызаваныя і ў дакументах, прынятых у пачатку студзеня 2020 года. Якія змены імі прадугледжваюцца?

Замест пластыкавых пакетаў лепш выкарыстоўваць больш экалагічныя торбы з тканіны.

Пашыраная адказнасць

З 2012 года ў нашай краіне дзейнічае прынцып пашыранай адказнасці вытворцы. Згодна з ім, вытворцы ці імпарцёры нясуць адказнасць за абыходжанне са сваімі таварамі і ўпакоўкай, калі тыя страцяць спажывецкія якасці і пяройдуць у катэгорыю адходаў.

– У сусветнай практыцы ёсць некалькі спосабаў выканання гэтага абавязку, аналагічныя прадугледжаны і ў Беларусі: вытворцы і пастаўшчыкі ствараюць уласную сістэму збору адходаў тавараў і ўпакоўкі ці фінансуюць агульную сістэму збору, – тлумачыць начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Анатоль Шагун. – Усё гэта прапісана ва Указе №313 “Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання”, прынятым у 2012 годзе.

Па словах дырэктара ДУ “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Наталлі Грынцэвіч, за час дзеяння дакументу ў краіне ўдалося істотна палепшыць сітуацыю са зборам адходаў тавараў і ўпакоўкі. Так, калі ў 2012 годзе ўзровень выкарыстання адходаў быў 10 %, то за 2019 год ён склаў 22,6 %. Аб’ёмы збору адходаў шкла павялічыліся ў тры разы, на 35 % – паперы і кардону. Сталі актыўна збіраць палімеры, бытавую тэхніку, шыны, адпрацаванае масла, электрычнае і электроннае абсталяванне, ртуцьутрымліваючыя лямпы, батарэйкі. За кошт чаго гэта было дасягнута?

– Указ № 313 дазваляе эканамічна стымуляваць збор і нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), – расказвае Анатоль Шагун. – Сродкі ад вытворцаў і імпарцёраў ідуць на развіццё сістэмы збору ДМР: павелічэнне колькасці нарыхтоўчых пунктаў, а таксама кампенсацыі зборшчыкам; закупку кантэйнераў, тэхнікі, абсталявання для іх падрыхтоўкі і выкарыстання; стварэнне вытворчасцяў па сартаванні і перапрацоўцы адходаў, у тым ліку тых відаў, якія раней не перапрацоўваліся.

Класці тавары, нават крупы, у сваю тару — адзін са спосабаў змяншэння адходаў.

Выкарыстоўваць як мага больш адходаў

З 1 ліпеня 2020 года на змену Указу № 313 прыйдзе новы дакумент – Указ № 16 ад 17.01.2020 г. “Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі”. Што ён зменіць?

– Палажэнні, прапісаныя ў дзеючай рэдакцыі, маюць абмежаваны напрамак дзеяння ў частцы эканамічнага стымулявання збору і перапрацоўкі адходаў. Яны тычацца толькі работы з традыцыйнымі ДМР, – тлумачыць Анатоль Шагун. – Збор паперы, шкла, пластыку, шын, бытавой тэхнікі – гэта, безумоўна, важны сегмент, які займае 25-30 % ад усяго аб’ёму цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Але каб выкарыстоўваць іх на 90-100 %, як у многіх еўрапейскіх краінах, толькі перапрацоўкай ДМР нельга абмежавацца.

У 2017 годзе Урадам была прынята Нацыянальная стратэгія абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года. Яна ўлічвае як традыцыйныя, так і новыя напрамкі – энергетычнае выкарыстанне і апрацоўку арганічнай часткі ЦКА. Каб мець магчымасць эканамічна стымуляваць і гэтыя кірункі, і былі ўнесены адпаведныя змены ў заканадаўства.

Пластыку – бой!

За апошнія дзесяцігоддзі пластык захапіў рынак тавараў і ўпакоўкі, а пластыкавыя адходы сталі адным з галоўных забруджвальнікаў наваколля – ад сушы да Сусветнага акіяну. Каб зменшыць яго ўплыў, быў прыняты План мерапрыемстваў, накіраваных на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную – на аснове паперы, шкла, кардону і біяраскладальнага пластыку. Ён быў зацверджаны Пастановай Савета Міністраў № 7 ад 13.01.2020 г.

– Усе мерапрыемствы Плану можна ўмоўна падзяліць на пяць блокаў, – расказвае начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вадзім Дэмко. – Гэта вытворчасць і выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай; навуковыя даследаванні па вызначэнні найбольш перспектыўных, экалагічна і эканамічна мэтазгодных тэхналогій атрымання бяспечнай упакоўкі, якія дазваляюць захаваць якасныя характарыстыкі і тэрміны прыдатнасці прадукцыі; тэхнічнае рэгуляванне, скарачэнне імпарту і вытворчасці палімернай упакоўкі; удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі, у тым ліку арганізацыя паасобнага збору ДМР і інфармацыйна-асветніцкая работа.

– Ужо сёння ў буйных аб’ектах гандлю прадугледжваюцца альтэрнатыўныя варыянты замяшчэння аднаразовай палімернай упакоўкі шматразовай і экалагічнай.

– З 1 студзеня 2021 года будуць забаронены выкарыстанне і продаж аднаразовага пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Спіс такіх прадметаў цяпер распрацоўваецца.

– У Беларусі ў бліжэйшыя гады плануецца адмовіцца ад выкарыстання палімернай тары аб’ёмам больш за адзін літр для разліву піва і слабаалкагольных напояў. А ў суседняй Расіі з 2017 года ўжо дзейнічаюць абмежаванні на продаж піва і іншага алкаголю ў ПЭТ-тары аб’ёмам больш за 1,5 л.

Ад палігонаў – да рэгіянальных цэнтраў

У краіне плануецца стварыць аб’екты па сартаванні і выкарыстанні ЦКА і палігоны для іх захоўвання. Адпаведная Канцэпцыя была прынята ў кастрычніку 2019 года Пастановай Саўміну № 715. Так, прадугледжваецца завяршыць пераход ад раённых сістэм кіравання адходамі да рэгіянальнага ўзроўню. Будуць створаны 28 цэнтраў, куды пачнуць звозіць камунальныя адходы і сартаваць іх для вымання прыдатных ДМР. Там жа пабудуюць пляцоўкі для кампаставання і падрыхтоўкі адходаў для энергетычнага выкарыстання, перапрацоўкі буйнагарабарытных і будаўнічых адходаў. Усё ж астатняе, што нельга пусціць у грамадзянскі абарот, будзе захоўвацца на палігонах, створаных паблізу.

Па словах міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Церахава, узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў да 2030 года можа вырасці да 66 %. Нагадаем, што ў Стратэгіі адпаведны паказчык быў запланаваны да гэтага тэрміну на ўзроўні 50 %.

Стварэнне пляцовак па кампаставанні адходаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў назваў ключавым напрамкам работы ў 2020 годзе. “Такія аб’екты павінны з’явіцца ў кожным рэгіёне, яны не патрабуюць вялікіх выдаткаў”, – падкрэсліў ён.

У краіне плануюць перайсці ад звычайных палігонаў да рэгіянальных цэнтраў па сартаванні і выкарыстанні адходаў.

Новае жыццё для бутэлькі

Не пазней 2022 года ў нашай краіне плануюць укараніць дэпазітную (залогавую) сістэму абарачэння спажывецкай упакоўкі. Адпаведны праект Указу цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэтая сістэма будзе распаўсюджвацца на ўсё, у што сёння разліваюцца напоі, – ПЭТ-бутэлькі, шкляныя бутэлькі і слоікі, бляшанкі, за выключэннем малочнай тары. Астатнія віды ўпаковак застануцца ў сістэме паасобнага збору.

– Залогавая сістэма падобная да той, што была ў Савецкім Саюзе, – кажа Анатоль Шагун. – Набываючы напой, пакупнік пакідае ў краме залог за бутэльку (плануецца, што ён складзе 20 капеек. – Заўв. аўт.). Здаўшы ўжо пустую тару ў гэтай жа ці іншай краме, ён вяртае сабе залог. Такая сістэма дазволіць як мінімум у два разы павялічыць аб’ёмы збіраемай тары ў рэспубліцы. Плануецца, што яна дасць не менш за 80 % звароту.

Навошта павышаюць збор?

Каб вытворцы пераходзілі на “зялёны” бок і адмаўляліся ад выкарыстання пластыку ва ўпакоўцы, важна не толькі забараняць, але і эканамічна стымуляваць іх да выкарыстання альтэрнатыўных матэрыялаў, упэўнены Анатоль Шагун. Гэта прадугледжваюць і нормы Указу № 16.

Згодна з імі, каб не плаціць збор, трэба пашыраць у вытворчасці палімернай упакоўкі і вырабаў з пластмас выкарыстанне пластыкавых адходаў. На сёння іх доля павінна складаць не менш за 30 %, з 2021 года – да 35 %, а з 2023-га – 40 %.

– Яшчэ адна мэта Указу, якая атрымае сваё развіццё ўжо ў дакументах Ураду, – зрабіць так, каб бізнес больш актыўна пераходзіў ад прынцыпу “заплаціў і забыўся” да стварэння ўласных кааперацыйных сістэм збору адходаў упакоўкі, без выплаты кампенсацыі, – гаворыць спецыяліст. – Дзякуючы гэтаму можна павялічыць аб’ёмы збору пластыку, дробнай бытавой тэхнікі і інш.

Прастымуляваць такія змены прызначана і павышэнне памераў платы за карыстанне пластыкавай упакоўкай, прадугледжанае пастановай Саўміну № 24 ад 16.01.2020 г. Яна будзе павялічвацца паэтапна: са 180 да 270 рублёў з 1 красавіка 2020 года і да 360 руб. з 1 студзеня 2021 года. У сваю чаргу плануецца напалову (да 90 рублёў з 01.04.2020 г.) знізіць плату за выкарыстанне біяраскладальнай упакоўкі, вырабленай з расліннай сыравіны.

Пры гэтым, па словах Анатоля Шагуна, чакаецца, што павышэнне платы ў два разы не прывядзе да істотнага павелічэння кошту тавараў. Так, сёння збор за адну ПЭТ-бутэльку, якая важыць каля 40 г, складае 0,7 капеек у цане тавару. Пры павелічэнні збору да 360 руб. яна стане адпаведна 1,4 капеек.

***

Усе гэтыя меры, што прадпрымаюцца ў краіне па ўдасканаленні сістэмы збору адходаў і прадухіленні іх утварэння, не будуць дзейснымі без актыўнага ўдзелу ў “безадходнай” кампаніі насельніцтва, упэўнены спецыялісты. Пры гэтым людзям не трэба пераварочваць горы смецця – дастаткова выкідваць ДМР і змяшаныя адходы ў асобныя кантэйнеры, як і небяспечныя для прыроды батарэйкі і люмінесцэнтныя лямпы; адмаўляцца ад аднаразовай палімернай упакоўкі на карысць шматразовай і старацца падаўжаць жыццё тых рэчаў, якія ўжо выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы.

Смеццеправоды павінны знікнуць?

Пытанне з заварваннем смеццеправодаў плануецца вырашыць у бліжэйшыя год-два, расказаў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў. Ён падкрэсліў, што гэта работа вядзецца пастаянна. Прытым улічваецца меркаванне жыхароў, а таксама магчымасць будаўніцтва кантэйнерных пляцовак.

Некалькі гадоў таму ўсе смеццеправоды заварылі ў Гродна, а ў Гомелі гэтыя мерапрыемствы завершаны больш за 10 гадоў таму. Вядзецца яна і ў кожным буйным населеным пункце.

Куды здаваць адзенне

Пакуль старую адзежу ў Беларусі амаль не перапрацоўваюць. У краінах жа Еўропы з яе вырабляюць напаўняльнікі для мэблі і аўтамабіляў або спальваюць на цэментных ці смеццеспальваючых заводах. Апошні спосаб плануецца развіваць і ў нас. Але 10-15 % ад аб’ёму адзення можна выратаваць – перадаць тым, хто ў ім мае патрэбу. Напрыклад, праз кантэйнеры Чырвонага крыжу, устаноўленыя ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, а таксама ў Мінску.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.