Вы тут

Грамадская думка можа стаць заслонам вясновым палам. Як прадухіліць пажары


Нядаўна пад Пінскам адбыўся маштабны пажар. «Гарыць як у кіно» — пісалі на форуме заклапочаныя пінчукі і выкладвалі ў сеткі вячэрнія здымкі, калі яны выглядалі найбольш эфектна. Некалькі дзён гараджане адчувалі едкі дым і смурод. Асабліва несла з боку набярэжнай Піны, якая выходзіць на гістарычную частку горада.


Фота Валеыя Караля.

Па злой волі ці па дурасці

У гэтым месцы, недалёка ад вёсак Горнава і Высокае, ратавальнікам давялося тушыць пажар два дні. Як расказваў потым журналістам намеснік начальніка Пінскага гараддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Цітоў, становішча ўскладнялася тым, што мясцовасць балоцістая, тэхніка не ўсюды праходзіць. Хуткаму распаўсюджванню агню спрыяла высокая расліннасць — чарот і кустоўе ў асобных месцах дасягаюць трох з паловай метраў. А калі яны сухія, то гараць сцяной, адсюль і «эфектныя» карцінкі ў інтэрнэце. Вясна цяпер амаль без дажджоў, таму па версе гарэла хутка. Давялося задзейнічаць шмат сіл і сродкаў, каб утаймаваць полымя.

— А пачынаецца ўсё як заўсёды: з чалавечай неабачлівасці, безадказнасці, нават глупства, калі кідаюць запалку ў леташнюю сухую траву, — кажа
старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Гузіч. — Такое здараецца штогод. Цяпер удалося справіцца адносна хутка, таму што зямля была даволі вільготная і тарфянікі не загарэліся. Але ж апошняе не здымае з грамадзян адказнасці за іх паводзіны.

На жаль, не заўсёды ўдаецца злавіць зламысніка за руку пры падпальванні травы. Хоць усе ведаюць, што вясновыя палы забаронены, аднак... Таму застаецца карпатліва выхоўваць насельніцтва, — працягвае Іосіф Іванавіч.

Старшыня райсавета расказаў, што кожны з сельскіх Саветаў праводзіць тлумачальную работу з жыхарамі вёсак. На большасці сельскіх сходаў бываюць супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, просяць, тлумачаць, раздаюць памяткі. І работа дае свае вынікі. Палы ўжо не носяць масавага характару, як раней, дзясятак ці два гады таму. Але ж час ад часу знаходзіцца аматар падпаліць, а то і проста неабачлівыя паляўнічыя ці рыбаловы забудуць патушыць касцёр.

Рэйды — у кожным раёне

Прадстаўнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў адзначае, што тлумачальную работу супрацоўнікі МНС вядуць круглы год, а з пачаткам вясны накіроўваюцца ў рэйды. Такія рэйды праходзяць і цяпер у кожным раёне.

Напрыклад, у Маларыцкім у сакавіку адбылося 19 пажараў у экасістэмах на плошчы больш за два гектары. У большасці выпадкаў прычынай узгаранняў стала неабачлівасць гаспадароў сядзіб, якія наводзілі парадак на сваіх падворках і сотках, дзе спальвалі смецце. Падчас аднаго з такіх рэйдаў інспектар Маларыцкага РАНС Аляксандр Арышчук па рацыі атрымаў паведамленне, што гарыць сухая трава ў вёсцы Лешніца. Аказалася, што трывогу забіў стараста вёскі Мікалай Хявук. Мікалай Мікалаевіч хутка арганізаваў людзей, вяскоўцы прыбеглі з лапатамі, вёдрамі, перакапалі зямлю. У выніку стварылі перашкоду агню, потым яго затушылі вадой. Такім чынам, справіліся самастойна.

Але так бывае не заўсёды. Напрыклад, летась невялікі касцёр на ўчастку ў вёсцы Струга стаў прычынай пашкоджання амаль 200 гектараў лесу. Цяпер той выпадак ратавальнікі згадваюць у кожнай гутарцы з вяскоўцамі падчас рэйдаў. Так было і ў Вялікарыце, калі жанчына паліла сухія рэшткі на сваім участку. Побач стаяла ёмістасць з вадой, а сама гаспадыня не адыходзіла ад кастра, а вось праз колькі дамоў гаспадар забыўся на правілы бяспекі, там сухія лісты і іншае смецце тлелі без нагляду. Грамадзяніну зрабілі заўвагу і нагадалі пра адміністрацыйную адказнасць за падобнае парушэнне правіл бяспекі.

Асуджэнне на форумах

Праходзяць такія рэйды і ў Жабінкаўскім, Лунінецкім, Камянецкім раёнах. Супрацоўнікі МНС, старшыні сельскіх Саветаў як станоўчы адзначаюць той факт, што людзі ў сацсетках выказваюць заклапочанасць вясновымі паламі і безадказнасцю землякоў. Калі ўзнік пажар у пойме ракі Лясной каля самага Камянца, то ў інтэрнэце паднялася моцная хваля абурэнняў. Многія пыталіся: «Людзі, хто гэта зрабіў?» Згадвалі, што нядаўна загарэлася трава на кар'еры пад Раснай гэтага раёна.

Як адзначыла старшыня Белавежскага сельскага Савета Жанна Хілюціч, сёлета на тэрыторыі сельсавета не было падобных здарэнняў. Паводле яе слоў, людзі сёння дэманструюць сацыяльную сталасць, калі абмяркоўваюць гэтую тэму ў сацыяльных сетках, даюць сваю ацэнку негатыўным фактам, такім чынам удзельнічаюць у фарміраванні грамадскага меркавання адносна вясновых палаў.


Некалькі гадоў таму мае калегі-журналісты сталі сведкамі маштабнага пажару ў Белавежскай пушчы. Сорак чалавек з дапамогай тэхнікі і падручных сродкаў амаль гадзіну адстойвалі вёску Акольнік Пружанскага раёна, якой пагражала знішчэнне. У вёсцы палічылі, што пажар узнік ад таго, што нейкі неабачлівы чалавек выкінуў попел з вуглямі ў сухую траву. Ну і загарэлася.

Фотакарэспандэнт Валерый Кароль так апісваў свае ўражанні відавочцы: «Век бы не падумаў, што здаровая зялёная сасна за секунды ўспыхвае як свечка, пры гэтым агонь паглынае яе з гукам, падобным на выбух. Па сухой траве полымя распаўсюджваецца за імгненні, невялікі ўчастак на вачах ператвараецца ў мора агню, утаймаваць якое вельмі і вельмі цяжка. Полымя літаральна бегла па сухой траве ў рост чалавека і хутка падступала да крайніх хлявоў».

Тады, на шчасце, усе службы спрацавалі хутка. Па новай аб'язной дарозе вакол Белавежскай пушчы за хвіліны прыбылі пажарныя разлікі з Шарашэва, Клепачоў, Сухопаля, Нацыянальнага парку. Полымя пагражала не толькі вёсцы, але і лясному масіву пушчы.

Агонь не пусцілі ў вёску, у якой ад перажытага асобным пажылым людзям пасля моцнага стрэсу нават спатрэбілася дапамога медыкаў. Здарэнне магло закончыцца вельмі дрэнна. І ўсё ад банальнага вясновага палу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Полымя бегла па сухой траве...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.