Вы тут

Сямейны капітал адносін. Разважанні напярэдадні Дня сям'і


Ці заўважылі вы, як падчас гэтай сусветнай навалы ўздымаецца каштоўнасць сям'і? Правільней сказаць, не ўздымаецца, а высвечваецца, падкрэсліваецца, нагадвае пра сябе. Хоць, здавалася б, і так ясна, што галоўны свой вопыт і духоўны падмурак чалавек атрымлівае ў сям'і. Проста апошнім часам той самы чалавек вельмі шмат ганяўся за іншымі каштоўнасцямі. Амаль уся сістэма інфармацыйнага грамадства, лічы, накіраваная на стварэнне прыгожай карцінкі быцця, якая трывала асядае ў свядомасці асабліва маладога індывідуума. У аснове вобраза прыгожага жыцця, вядома, знаходзяцца грошы, за якія як быццам бы ўсё можна купіць.


sjrchita.com

Ахвяравала нырку сыну

Але ж, як аказваецца, не ўсё. Апошняе становіцца зразумела на прыкладзе многіх і многіх сем'яў, якія змагаюцца за здароўе сваіх дзяцей, падтрымліваюць блізкіх у хваробах ды іншых няшчасцях. Ну хто б яшчэ быў здольны на такое, калі не маці? Кажу зараз пра Алену Клімовіч з Ружан, з якой пазнаёмілася ў пачатку 2015 года. Алена Мікалаеўна аддала сыну сваю нырку. Такім чынам у Сашы паявіўся шанц на жыццё. Бо да перасадкі органа тры разы на тыдзень яму трэба было ездзіць у суседні райцэнтр на працэдуру гемадыялізу.

Гэтае рашэнне далося ёй нялёгка, нават родная маці адгаворвала. У самой Алены здароўе, мякка кажучы, вымушае жадаць лепшага. Некалі ў зусім маладой пасля першых родаў адняліся ногі. Дзе толькі не лячылася, істотнага паляпшэння не наступала. І тады адна з доктарак падказала, што трэба нарадзіць яшчэ, маўляў, бывалі выпадкі. І праўда, пасля другіх родаў нібы само сабой усё стала на месца. Літаральна праз некалькі гадзін Алена змагла ўстаць. Выходзіць, што малодшы сын выратаваў яе самую, узняў на ногі. Дык хіба яна не здолее зрабіць усё, каб яго выратаваць? — разважала тады.

Саша з самага дзяцінства быў хваравіты, нават у школу не хадзіў, быў на надомным навучанні, пазней праявілася невялікае адставанне ў развіцці. З гадамі стала развівацца сур'ёзная паталогія нырак. Але яны з мужам Уладзімірам разам пераадольвалі ўсе выпрабаванні лёсу. Дабудоўвалі і добраўпарадкавалі дом, які выдзеліла сельгаспрадпрыемства, трымалі падсобную гаспадарку, вялікі агарод, каб хапала і на дзяцей, і на ўладкаванне дома. Вядома, калі б Уладзімір быў жывы, ёй прыйшлося б нашмат лягчэй пасля аперацыі. Сама без ныркі, слабая, даглядала сына, які праходзіў доўгую рэабілітацыю. Але ж дзесяць гадоў таму муж памёр ад пухліны галаўнога мозга. Літаральна згарэў за кароткі прамежак часу. І вось гэта было адным з галоўных аргументаў тых, хто адгаворваў: «Ты адна не справішся з такім цяжарам». Але яна справілася.

Ёй і дактары не давалі ніякай гарантыі. У яе чацвёртая група крыві са станоўчым рэзусам, у яго трэцяя — з адмоўным. Пры такім раскладзе рызыка ўзрастае шматразова. Яе папярэджвалі, што нырка можа не прыжыцца, тады яе давядзецца выдаліць, і яе ахвяра становіцца марнай. Але яна прыняла рашэнне... Аперацыю зрабілі роўна сем гадоў таму. Алена Клімовіч вельмі ўдзячная дактарам, сёстрам, малодшаму персаналу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак пры 9-й клінічнай бальніцы. Яна лічыць, што пацыентам дапамагаюць не толькі тэхналогіі, прэпараты, самі найскладанейшыя аперацыі, але і добразычлівасць, спагада. Нездарма ж потым у сваёй царкве яна заказала малебен за здароўе ўсіх медыкаў брыгады, якая рабіла абедзве аперацыі.

Пасля аперацыі ёй давялося на некаторы час пакінуць работу, бо Сашу патрабаваўся догляд. Строгія дыеты, таблеткі па 50 і болей за дзень строга па часе. Дадаць сюды пастаянныя паездкі ў Брэст і Мінск да дактароў. Як усё гэта перажыла, асіліла, яна потым і сама растлумачыць не магла. Проста рабіла ўсё, што трэба. Тады яна не раз чула ад сяброў, знаёмых на свой адрас: «Моцная жанчына». Горка ўсміхалася, адказвала, што моцнай яе зрабілі гора, слёзы і безвыходнасць.

Паступова ўсё ў іх наладзілася. Саша падлячыўся, Алена выйшла на работу на мэблевую фабрыку. Падрастаюць унукі ў сям'і старэйшага сына. А яна аптыміст па жыцці, шмат усміхаецца, кажа, што ўсё ў іх будзе добра. Відавочна, што крыніца яе сілы і моцы хаваецца ў яе мацярынскай душы.

Пакінуць дзіця ў сям'і

У той жа год, як з Аленай, мне давялося пазнаёміцца яшчэ з адной маці — Ганнай Бахур. Там іншая гісторыя, якая моцна нашумела тады ў краіне. Ганна — інвалід першай групы, муж — таксама інвалід першай групы. На гэтай падставе яшчэ ў радзільным доме маладой маці паведамілі, што яны з мужам не могуць выконваць бацькоўскіх абавязкаў і дзіця ў іх забіраюць. Хлопчыка збіраліся накіроўваць у адпаведную дзіцячую ўстанову, потым — уладкоўваць у прыёмную сям'ю ці сямейны дзіцячы дом. І Аня не змірылася, яна стала біць ва ўсе званы...

У самой Ганны прыроджаная анамалія канечнасцяў, яна нарадзілася без кісцяў рук, з кароткімі нагамі, крыху недаразвітымі ступнямі. Але са сваім калецтвам Аня даўно навучылася жыць. Яна ўсё робіць па гаспадарцы, даглядае агарод, шые. Больш за тое, яна піша карціны, найбольш пейзажы. У яе ёсць сябры, якія часам прадаюць работы. Такім чынам паяўляецца дадатковая капейка да пенсіі. Разам са сваім мужам Анатолем, інвалідам-калясачнікам, яны зрабілі цудоўны рамонт у кватэры ў чаканні сына. Але пасля нараджэння здаровага хлопчыка маці з малым больш за месяц не выпісвалі з бальніцы, пакуль вырашаўся іх лёс. Тым часам Ганна з дапамогай сяброў сумела прыцягнуць да сябе ўвагу СМІ. Пра яе стала вядома ў краіне. У Івацэвіцкай бальніцы мэтанакіраваную маці наведала тагачасны міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. Міністр назвала сітуацыю нестандартнай і паабяцала дапамогу.

У бальнічнай палаце мы гутарылі з Ганнай, калі яшчэ ўсё вісела на валаску. 37-гадовая жанчына казала, што яе рашэнне стаць маці было свядомае і выпакутаванае. Сама яна вырасла ў дзіцячым доме, куды трапіла з прычыны свайго калецтва. І найбольшай марай усяго яе жыцця была звычайная сям'я, дзе ніхто нікому не здраджвае, ніхто нікога не пакідае ў бядзе. А нараджэнне здаровага дзіцяці бачылася ёй пасланнем нябёсаў за ўсе пакуты. Яна не магла аддаць сына, не магла змірыцца, нават калі шанцаў, здавалася, не засталося, і мясцовыя чыноўнікі сказалі рашучае «не». Але ж, як даўно сказана, хто стукае, таму і адчыняюць. Пасля візіту міністра пытанне стала вырашацца. Сям'і выдзелілі дзвюх нянек з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія дапамагалі маці даглядаць малога да трох гадоў.

Цяпер Косціку хутка пяць, ён расце актыўны, рухомы, любіць ездзіць на самакаце, радуе бацькоў. А сацыяльны работнік прыходзіць у іх сям'ю тры разы на тыдзень. Аб гэтым расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтра Алена Чатырбок. Алена Мікалаеўна ведае Ганну даўно, з той пары, як сама Аня хадзіла ў дзённае аддзяленне. І не дзіва, што ўзрушаная маці пасля шчаслівага завяршэння гісторыі запрасіла Алену Мікалаеўну быць хроснай маці Косціка. А ганаровай хроснай свайго сына яна лічыць менавіта Мар'яну Шчоткіну, бо яе ўмяшальніцтва ўсё вырашыла.

Дарэчы, Мар'яна Акіндзінаўна кожны год цікавіцца справамі гэтай не зусім звычайнай сям'і. Нездарма ж яна некалі паверыла ў сілу духу Ганны і сказала на ўсю краіну: «Трэба падтрымліваць жанчын, якія матываваныя на мацярынства». Тым самым зрабіла шчаслівай адну асобную сям'ю, якую маглі разбурыць.

Свайго агароду работнік

Прыведзеныя вышэй гісторыі — хутчэй выключэнне, чым правіла, бо там патрабавалася змаганне, рашучасць, ахвярнасць у рамках адной сям'і. А ў звычайным жыцці сям'я для любога служыць прычалам, хай сабе запасным, але надзейным аэрадромам, дзе можна сустрэць разуменне ў вачах, пачуць словы падтрымкі, перачакаць нейкія неспрыяльныя абставіны. Нядаўна давялося прачытаць кранальны сюжэт пра оперную спявачку Маргарыту Ляўчук, якая на перыяд пандэміі прыехала да бацькоў у вёску Страдзеч пад Брэстам. Маргарыта мае вядомасць у свеце опернага мастацтва, выступала на многіх оперных сцэнах свету. Пандэмія застала яе ў Італіі, спявачка вылецела на радзіму літаральна ледзь не апошнім самалётам. Але адбыўшы двухтыднёвы тэрмін самаізаляцыі ў мінскай кватэры адразу прыехала ў бацькоўскі дом. Тут з задавальненнем акунулася ў вясковыя агародна-гаспадарчыя клопаты. Ходзіць у госці да бабуль, прыбірае ў іх дамах, дапамагае па гаспадарцы. Стала здымаць забаўныя кліпы і дзяліцца здымкамі ў Інстаграме з калегамі-артыстамі, каб узняць ім настрой. Бо для актыўнага, творчага чалавека вымушаная самаізаляцыя пагражае абярнуцца дэпрэсіяй. А Рыце ў бацькоўскай сядзібе сумаваць не выпадае. Пра сябе яна сказала ў сеціве: «Першы работнік у агародзе».

Сёння многія сем'і аб'ядналіся вакол уласных агародаў і ў прамым, і ў пераносным сэнсе, бо знешнія стасункі рэзка скараціліся. І шчаслівы той, у каго гэты агарод моцны і надзейны. Цяпер усе адчулі, што сямейны капітал — не столькі той, які кладуць на рахунак пасля нараджэння трэцяга і наступных дзяцей, альбо які сама сям'я назапашвае на ўласным банкаўскім рахунку, а той, які гадамі выбудоўваецца з цаглінак адносін і не дае трэшчыну пры першым жа выпрабаванні.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.