Вы тут

«Хочацца, каб усё хутчэй скончылася і ўсе былі жывыя...»


Аб гэтым марыць Сяргей Шапартаў, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы.

З 4 красавіка — гэта перадавая, дзе людзі, змяніўшы белыя халаты на супрацьчумныя скафандры, ваююць з новым захворваннем. Менавіта ў гэты дзень сюды трапіў першы пацыент з COVІD-19. І цяпер іх прывозяць сюды ўжо рэгулярна. Хоць, як сцвярджае суразмоўнік, сітуацыя пакуль не крытычная. На 11 мая ў рэанімацыі на шэсць месцаў былі свабодныя і ложкі, і апараты ШВЛ. У сярэднім «кавідныя» хворыя праводзяць у рэанімацыі 6-7 дзён, потым іх накіроўваюць у іншыя аддзяленні. Магілёўская «інфекцыёнка» разлічана на 134 месцы і пакуль таксама цалкам не загружаная.


— У нас усё пачалося пазней, чым у Мінску ці Віцебску, практычна на месяц, невядома як будзе далей, — кажа загадчык аддзялення. — Пакуль паступаюць у асноўным людзі ва ўзросце. Самай малодшай было 45 гадоў. Была таксама 91-гадовая бабуля, не так даўно мы перавялі яе ў звычайнае аддзяленне. Наогул праз рэанімацыю з 4 красавіка прайшло 17 пацыентаў. Нашмат болей іх у Магілёўскай бальніцы № 1. Яна ў пяць разоў магутнейшая, і рэанімацыя там вялікая.

Медыкі інфекцыйнай бальніцы працуюць выключна ў сродках індывідуальнай аховы, не здымаючы рэспіратары, акуляры, маскі, пальчаткі, што таксама з'яўляецца сапраўдным выпрабаваннем, бо цела не дыхае, і гэта вельмі адымае сілы. Працаваць даводзіцца шмат, часам па 12 гадзін, і, бывае, што без выхадных. Але пакуль ёсць магчымасць адпачыць пасля змены дома. І гэта таксама плюс, бо, як жартуе Сяргей Шапартаў, самы небяспечны ўрач — той, які не адпачыў. На рабоце часу для перакуру няма. Бывае, што нават і паесці няма калі, прызнаецца суразмоўнік. Па гуманітарнай дапамозе медыкам перадалі шмат вады, але яна стаіць амаль не кранутая, бо, пасля таго як натоліш смагу, працаваць у супрацьчумных касцюмах яшчэ цяжэй.

— Цяпер рызыка заразіцца вялікая, таму лепш цярпець нязручнасці, чым рызыкаваць, — кажа ўрач. — Мяне радуе, што ў нашым аддзяленні ніхто не звольніўся, ніхто не пайшоў у адпачынак, усе засталіся ратаваць хворых. Прафесія ў нас такая — умець ахвяраваць. На амбразуру лезці не трэба, павінны быць цвярозы розум і халодны разлік. Каб заставацца ў страі і дапамагаць іншым.

На гэтым тыдні супрацоўнікі «інфекцыёнкі» атрымалі разлікоўкі з надбаўкамі. Даплата годная, у некаторых сумы выраслі амаль на 200 працэнтаў. Сяргей Шапартаў, напрыклад, атрымаў крыху больш чым 2000 рублёў — на 100 % больш, чым было раней.

— За даплату дзякуй, для мяне яна падрасла адчувальна, але больш хочацца, каб хутчэй скончылася пандэмія і ўсе засталіся жывыя, — кажа суразмоўнік. — Зараз няма ні сіл, ні жадання траціць гэтыя грошы. Мая жонка, Наталля Юр'еўна, таксама медык, працуе ўчастковым урачом у паліклініцы і прымае ўдзел у аглядах каранавірусных пацыентаў і лячэнні іх дома. Мы зараз з ёй ізаляваліся ад усіх сваіх родных. Маці жыве на дачы, два месяцы не бачыліся з ёй, падтрымліваем сувязь толькі па тэлефоне. З дзецьмі і ўнукамі кантактуем па вайберы. Ужывую сустракацца дастаткова небяспечна. Ідзём на работу і думаем пра тое, як ратаваць людзей. А ў мяне яшчэ і бальніца такая — пастаянна цяжкія пацыенты. Але гэты вірус небяспечны тым, што мала вывучаны. Пры захворванні церпяць усе органы, але перш за ўсё пашкоджваюцца лёгкія. І пагаршэнне можа адбыцца раптоўна на фоне поўнай стабільнасці. Здаецца, усё добра, а праз дзве гадзіны чалавека трэба ратаваць: даваць кісларод, у горшым выпадку падключаць да апарата ШВЛ. Як доўга працягнецца гэта пандэмія, думаю, ніхто ў свеце не ведае. Вакцына, як абяцаюць, будзе яшчэ толькі праз год. Калектыўны імунітэт утворыцца толькі тады, калі перахварэе асноўная колькасць насельніцтва. Але для гэтага таксама павінен прайсці час. Таму сёння вельмі важна выконваць усе гэтыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы: насіць маскі, мыць рукі як мага часцей, не датыкацца да твару, вачэй. Калі ідзяце па вуліцы і ў радыусе 20 метраў нікога няма, маску можна і зняць, але ў аўтобусе, маршрутцы, краме абавязкова выкарыстоўвайце. Абавязкова! Вы абароніце і сябе, і таго, хто побач. Апошнім часам людзі крыху разняволіліся, знялі маскі, і гэта дрэнна. Хвароба вельмі каварная. І як доўга нам давядзецца жыць ва ўмовах пандэміі, на жаль, ніхто не ведае.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Сяргея ШАПАРТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.

Грамадства

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Пра асаблiвасцi абароны правоў дзяцей-правапарушальнiкаў (затрыманне, прымяненне мер стрымлiвання, следчыя дзеяннi) расказалi эксперты падчас аднаго з вэбiнараў, якiя сумесна з Рэспублiканскай калегiяй адвакатаў Дзiцячы фонд ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi арганiзаваў яшчэ летам. 

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.