Вы тут

Як з кавалкаў тканіны зрабіць модныя рэчы?


Лапікавая бабуліна коўдра, вясёлы дыванок, стракатыя накідкі на старых крэслах, пашытыя з рознакаляровых кавалачкаў тканіны — рэчы, добра знаёмыя ўсім нам з дзяцінства. Сёння зноў яны ўрачыста вяртаюцца ў нашы кватэры: дызайнеры называюць пэчворк самым модным акцэнтам загараднага інтэр’ера.


Навучыцца майстэрству нашых бабуль няцяжка, галоўнае тут жаданне — і вы зможаце самі напоўніць дачны катэдж або вясковы бацькоўскі дом цеплынёй і ўтульнасцю, вярнуць мілыя дзіцячыя ўспаміны.

  • Пэчворк (рatchwork — «выраб з абрэзкаў», анг.) — вядомы досыць даўно від рукадзелля, у якім паводле прынцыпу мазаікі ствараецца цэльнае палатно з кавалкаў. Такі спосаб шыцця рэчаў хатняга ўжытку і адзення першапачаткова выкарыстоўвалі з меркаванняў эканоміі.

Практычна адначасова шыццё з кавалкаў з’явілася ў краінах Усходу і ў Егіпце. Пра гэта сведчаць экспанаты музеяў Каіра, дзе выстаўлены лапікавыя коўдры, пашытыя егіпецкімі жанчынамі, і лапікавае кімано — найцікавейшы экспанат музея ў Токіа. Гэтыя рэчы датуюцца ІХ ст. да н.э. Больш позняя знаходка — кілім, створаны з кавалачкаў адзення паломнікаў, ён знойдзены ў Пячоры Тысячы Буд у Кітаі.

Зусім іншыя першыя знаходкі пэчворка ў Еўропе. У эпоху крыжовых паходаў рыцары актыўна выкарыстоўвалі тэхніку «шматкоў» пры стварэнні сцягоў і ваенных палотнаў. Але сапраўды папулярным лапікавае шыццё стала дзякуючы брытанцам. Прычына гранічна простая — эканомія: у пачатку XVIII ст. у Англіі была ўведзена забарона на продаж індыйскага паркалю. Увозілася бавоўна ў краіну нелегальным шляхам, адпаведна, кошты на яе сталі астранамічнымі. Выкінуць у сметніцу кавалачкі, што засталіся пасля асноўнага вырабу з такога каштоўнага матэрыялу, рука не падымалася. Прадпрымальныя англічанкі вырашылі дэкарыраваць шматкамі любыя іншыя рэчы, а потым сталі сшываць кавалачкі ў адзінае палатно, якому потым абавязкова знаходзілася прымяненне. Такім чынам яны міжвольна перанялі тэхніку азіяцкіх народаў, узбагаціўшы яе новымі варыянтамі арнаментаў.

На нашых землях лапікавае шыццё вызначаецца пачаткам XVIII ст. І звязана яно з асяроддзем старавераў: вымушаныя пакінуць родныя мясціны, яны вельмі ашчадна адносіліся да сваёй маёмасці, да нешматлікіх рэчаў хатняга ўжытку. Менавіта стараверы пачалі шырока выкарыстоўваць лапікавыя коўдры і стракатае, з палосак, адзенне для «брыдкай працы», а таксама для дзяцей і падлеткаў. Вясковыя сяляне заўважылі і перанялі гэты іх добры прыклад.

Аж да XIX ст. «шыццё з абрэзкаў» было чыста сялянскім заняткам. А потым нечакана, калі больш даступнымі сталі дарагія заморскія шаўкі і парча, пэчворк стаў папулярным відам рукадзелля і замацаваўся сярод паненак як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ствараліся ўнікальныя прадметы дамашняга побыту з якасных матэрыялаў, усё гэта часта аздаблялася адмысловымі карункамі і ўзорамі вязання кручком.

А вось XX ст. у гісторыі пэчворка ўспрымаецца неадназначна. Авангардысты і футурысты актыўна выкарыстоўвалі яго ў сваіх палотнах для надання адпаведнага каларыту і экспрэсіі. Але ў звычайным жыцці пэчворк паступова губляў сваю прысутнасць: пасля цяжкіх войнаў лапікавае шыццё ўспрымалася як напамін пра час нягод і разрухі. І яно паступова знікала з побыту...

Толькі XXІ ст. разам з небывалым узлётам цікавасці да розных відаў hand made вяртае да нас пэчворк, ён становіцца сапраўды модным хобі. Лапікавае шыццё дае поўную свабоду для творчасці і ідэй. Яно не ставіць дакладных межаў у спалучэнні колераў і форм. Але існуе пэўная база, на якую напластоўваюцца ўсе аўтарскія фантазіі — гэта веданне асноўных відаў і тэхнік пэчворка.

Віды пэчворка

1. Самы папулярны від — класічны пэчворк, ён жа англійскі пэчворк. Кавалачкі тканіны падбіраюцца аднолькавай формы і памеру; колеравая гама стрыманая — як правіла, выкарыстоўваюцца два-тры асноўныя колеры. Праца выконваецца па загадзя выбранай схеме ці шаблоне. Атрыманая карціна лаканічная, акуратная ў выкананні і прывабная сваёй эстэтыкай.

2. Другі шырока распаўсюджаны від — crazy-пэчворк (шалёнае шыццё), калі лічыцца, што не варта думаць пра геаметрыю і маляваць схемы, размяшчэнне дробных і буйных шматкоў тканіны адбываецца бессістэмна, у хаатычным парадку. Аднак вырабы ў такім стылі зусім не падобныя да тварэння рук вар'ята, наадварот, яны арыгінальныя і прыцягальныя.

Crazy-пэчворк ніяк не абмяжоўвае фантазію рукадзельніцы, не стварае ніякіх межаў для творчай натуры. Часткі тэкстыльнай мазаікі могуць быць рознымі па колеры, форме і памерах. Выраб можа быць упрыгожаны стужкамі, карункамі ці вышыўкай. Выглядае так, быццам гэты ўзор быў выпадкова сабраны і сшыты. Такая сутнасць метаду «вар'яцкага пэчворка».

3. Яшчэ адзін від лапікавага шыцця — усходні. Прынцып пабудовы вырабаў блізкі да класічнага, асаблівасцю з’яўляецца выкарыстанне такіх дэталей для аздаблення, як махры, «косы», вузельчыкі, іншыя дэкаратыўныя элементы. Унутры гэтага віду вылучаецца японскі пэчворк: выкарыстоўваецца абавязкова шоўк, а шыццё ідзе спосабам «сашыка»: шывок «наперад іголка» і абавязкова кантраснай ніткай.

4. Асобна стаіць такі від творчасці, як вязаны пэчворк. Аснову складаюць вязаныя квадраты, яны выконваюцца спіцамі або кручком. Пража бярэцца рознакаляровая, што вельмі зручна, калі засталося крыху ад кожнага матка.

Тэхнікі пэчворка

У іх аснову пакладзена элементарная геаметрыя — спалучэнні розных геаметрычных фігур. Самая лёгкая — тэхніка квадратаў. Выраб выконваецца з квадратных кавалачкаў або з вырабленых блокаў тканіны квадратнай формы, пашытых з рознакаляровых палосак. Прыкладамі гэтай тэхнікі могуць служыць арнаменты.

  • Для пачаткоўцаў ідэальны варыянт — «шахматка»: квадраты кантрасных колераў складаюцца ў шахматным парадку ў ідэальны ўзор.

Наступная па папулярнасці — тэхніка палос. Асноўны малюнак збіраецца з асобных палос, якія могуць ісці паралельна (паласа да паласы), размяшчацца ў выглядзе спіралі вакол цэнтральнага квадрата («барвенне на хаце») або змяшчацца ўбок адносна адна адной («барджелло»).

Тэхніка трохвугольнікаў. Тут часцей за ўсё выкарыстоўваюцца роўнабаковыя яркія трохвугольнікі (узор «вясёлыя трыкутнікі»). Цікава атрымліваецца, калі пашыць трохвугольнікі ў выглядзе зорак (узор «зорка»).

І нарэшце дзве самыя цікавыя тэхнікі — «соты» і «лапачыха». Выкананы ў тэхніцы «соты» ўзор нават вонкава нагадвае пчаліныя соты: палатно збіраецца з даволі дробных шасцівугольнікаў. Лапачыха ўяўляе сабой аб'ёмнае шыццё: каляровыя лапікі розных тканін мацуюцца зверху да палатна-асновы.

Пэчворк ў загарадным доме

Сёння вам не трэба самастойна збіраць шматкі тканін, разразаць старыя сукенкі або кашулі. Як толькі гэты від рукадзелля стаў папулярным, у крамах з’явіліся ўжо гатовыя наборы для пэчворка.

Пачынаць варта, вядома ж, ад выбару агульнага дызайнерскага рашэння для інтэр'ернай прасторы. Дзе вы лічыце мэтазгодным зрабіць такі дэкор: у спальні, гасцёўні, на кухні або, напрыклад, верандзе? Важна адзначыць: пэчворк — шыццё пярэстае (нават калі выкарыстоўваюцца пастэльныя адценні), яркае і адразу кідаецца ў вочы. У любым пакоі яго не павінна быць зашмат, інакш прывабнасць стракатай мазаікі дасць зваротны эфект.

Для спальні можна планаваць лапікавае пакрывала, дэкаратыўныя падушкі або дыванок пад ногі. Вядома, не ў кожнага хопіць уменняў і цярпення пашыць адразу коўдру. Тады варта звярнуць увагу на вырабы, якія меншыя па памерах і нескладаныя ў выкананні: сурвэткі, накідкі на зэдлік, абрус, палавічок. Тое, што здолее пашыць нават зусім неспрактыкаваная майстрыха.

Абмежаванняў па колерах і выбары тэхнікі для пачаткоўцаў няма — фантазія, фантазія і яшчэ раз фантазія! Напрыклад, чаму б вокны летняй сталоўкі не ўпрыгожыць «цыганскімі шторамі», а на канапу не змайстраваць вясёлых узораў падушачкі? Галоўнае — не перабраць з пярэстым дызайнам.

Што спатрэбіцца майстрыхам?

Найперш інструменты. Для шыцця пэчворк вам спатрэбяцца: швейная машынка, іголкі, шпількі, нож для тканіны, нажніцы, ніткі, абрэзкі тканіны, бейка або стужка для акантоўкі, вацін або сінтэпон для напаўнення, добры прас і дошка для прасавання.

Падрыхтоўка тканіны. Колер лапікаў павінен гарманіраваць з агульнай каляровай гамай пакоя. Перад тым, як будзеце шыць кавалкі тканін, іх трэба вымыць, прасушыць і прагладзіць. Баваўняную тканіну можна накрухмаліць, каб яна стала больш жорсткай. Чым больш жорсткая тканіна, тым лягчэй з ёй працаваць.

Выбіраем узор і складаем яго. Падрыхтаваныя кавалкі тканіны складаем ў пары. Потым трэба застрачыць кожную пару і сшыць іх паміж сабой. Адпрасаваць. І выконваць гэтыя дзеянні зноў, арыентуючыся на схему. Нарыхтоўку лапікаў замацоўваем шпількамі.

Сёння ёсць шмат інтэрнэт-урокаў па розных тэхніках пэчворка, і гэта вялікая дапамога пачаткоўцам.

Марыя МАРОЗ


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.