У вольны час многія юнакі і дзяўчаты пачынаюць прыгадваць, як некалі ў дзяцінстве тата дазваляў патрымаць руль і іх радасці не было мяжы. З узростам жаданне апынуцца на запаветным месцы кіроўцы ўзрастае. І вось яны ўжо асвойваюць патрэбныя навыкі і вывучаюць Правілы дарожнага руху, каб у хуткім часе атрымаць правы.
Многія падлеткі задаюцца пытаннем: «Як я магу навучацца, калі мне ўсяго 15 гадоў?» А вось так. Можаш нават і з 14 гадоў, паколькі, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху», пачынаць навучанне кіраванню транспартнымі сродкамі можна за два гады да дасягнення мінімальнага ўзросту, неабходнага для атрымання правоў абранай катэгорыі. І тады атрымаецца ўжо на першым-другім курсе ездзіць на ўласным аўто або байку.
Што ж значаць гэтыя наборы літар? Такім чынам механічныя транспартныя сродкі, саставы транспартных сродкаў і самаходныя машыны падраздзяляюцца па катэгорыях і падкатэгорыях. Атрымаць правы можна толькі па дасягненні ўстаноўленага ўзросту для сваёй катэгорыі.
Так, дык як жа атрымаць пасведчанне кіроўцы? Першае, што патрабуецца, гэта прайсці медкамісію — яна вызначыць і зафіксуе ў форме медыцынскай даведкі вашу прыгоднасць да кіравання транспартным сродкам. Другое, што неабходна, — навучыцца бяспечна кіраваць ім. Для гэтага вы можаце запісацца ў аўташколу. Навучанне ў ёй ваджэнню звычайна можна праходзіць у любы час па выбары: раніцай, днём, вечарам ці на выхадных. У сярэднім тэрмін навучання на катэгорыю В — каля трох месяцаў. Працэс будзе складацца з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. На першай вы вывучыце Правілы дарожнага руху, атрымаеце базавыя веды па ўстройстве аўтамабіля, па аказанні першай медыцынскай дапамогі, навучыцеся вырашаць тэарэтычныя задачы па ваджэнні. Практычная частка заняткаў пройдзе на пляцоўцы (аўтадроме), а таксама ў горадзе. Калі ў вас няма магчымасці наведаць аўташколу, можна самастойна вывучыць тэорыю і практыку. Пасля навучання неабходна здаць унутраныя экзамены па іх і толькі пасля гэтага вы можаце здаваць экзамен у ДАІ. Калі навучаліся ў аўташколе, вам дазволяць праходзіць яго на яе аўтамабілі. А ў выпадку, калі спасцігалі ўсё самастойна, транспартны сродак выдзяляе ДАІ. Важна: кіраванне здаецца на механічнай каробцы перадач! І, вось, вы ўжо трымаеце ў руках сваё запаветнае вадзіцельскае пасведчанне.
Абітурыент Арцём Накаў сёлета навучаўся ў аўташколе і дзеліцца сваімі ўражаннямі:
— Я зразумеў, што хачу атрымаць правы, яшчэ ў раннім узросце. Натхнілі на гэта камп'ютарныя гульні і фільмы. Рыхтаваўся ў нашай аўташколе ў Бялынічах. Абраў яе, таму што не стаў спадзявацца на свае сілы. Лічу, што так усё прасцей і лепш засвойваецца. Там працуюць спецыялісты, якія не першы год у гэтай справе. У групе нас было 30 чалавек: 16 дзяўчат і 14 хлопцаў. Вывучалі тэорыю разам, а на практыцы нас падзялілі на дзве групы. Заняткі па тэорыі праходзілі ў панядзелак, сераду і чацвер у камп'ютарных класах. Яны чымсьці нагадваюць школу: у пачатку — паўтарэнне вывучанага, пасля — новая тэма. Заняткі па ваджэнні прызначаў інструктар — каталіся па нашым горадзе. Навучанне доўжылася чатыры месяцы і каштавала мне 750 рублёў.
Аўташкола чаканні апраўдала: вучыцца было прыемна і не сумна. Складанасцяў не ўзнікала, галоўнае — прыкладаць усе намаганні і быць у гэтым зацікаўленым. Зараз мне 17 гадоў. Засталося здаць унутраны экзамен, а пасля 18-годдзя — экзамен у ДАІ. Рады, што зусім хутка атрымаю пасведчанне кіроўцы. Праўда, машыны ў мяне пакуль няма, але ў хуткім часе планую набыць. Па меры вопыту буду ўдасканальваць свае навыкі, паколькі хачу навучыцца дрыфту. Усім хачу пажадаць не баяцца — гэта самае галоўнае. Страх — гэта такая штука, якая можа «паставіць крыж» на ўсім навучанні. Тады ўжо і не спраўдзіцца мара.
Вікторыя ГРЫБКОВА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?