28 кастрычніка, серада

Вы тут

Старажытны Брыгiцкi манастыр ХVII стагоддзя ў Гродне рыхтуецца прадставiць свае экспанаты


Пакуль экспазiцыя знаходзiцца ў чатырох невялiкiх пакоях падвальнага памяшкання. Тут захоўваюцца рэчы, якiя некалi належалi манахiням-брыгiткам, а затым — назарацянкам. Сярод экспанатаў — кнiгi, абрадавыя i бытавыя прадметы, карцiны i нават сельскагаспадарчыя прылады. Пасля таго як у манастыры завершыцца рэканструкцыя, усе рэчы трапяць у прасторную i прыстасаваную для гэтага залу.


Там быў фамiльны склеп...

Сапраўды, захоўваць старажытныя прадметы, якiм да трохсот гадоў, у падземным склепе даволi складана. Для таго каб падтрымлiваць мiкраклiмат, тут працуе спецыяльны кандыцыянер. Але пакойчыкi вельмi малыя, таму групе з 20-30 чалавек тут цеснавата. Ды i святла не хапае, каб добра разгледзець усе экспанаты. А яны насамрэч даволi цiкавыя.

Каб iх убачыць, трэба спусцiцца па крутой лесвiцы ў гэты самы склеп. Падвал цалкам адноўлены, атынкаваны. Але адзiн пакой застаўся ў першапачатковым выглядзе. Яго ачысцiлi адмысловым растворам, якi дазволiць доўгi час захоўваць памяшканне ў такiм стане, i дасць уяўленне, як выглядаў склеп падчас пабудовы. Тут вiдаць старажытную кладку, у асноўным цагляная, хоць фундамент у тыя часы звычайна клалi з камянёў, бо тады ён больш трывалы. Аказваецца, цэгла выраблялася на самой будоўлi i была высокай якасцi. Цiкава, што кладка сыходзiцца зверху ў адну лiнiю без усякiх падпорак. Разам з цаглiнамi можна ўбачыць яшчэ i вялiкiя камянi, бо ўсё падзямелле — гэта фундамент касцёла. Для чаго зроблены гэты склеп? Паколькi тэрыторыя комплекса была абнесена высокай мураванай агароджай, а сёстры-брыгiткi вялi адасобленае жыццё, падвал стаў месцам iх пахавання. Тут знаходзiлiся i астанкi заснавальнiкаў манастыра: князёў Весялоўскiх i iх прыёмнай дачкi Грызельды — менавiта яна прасiла бацькоў пабудаваць у Гродне гэты манастыр. Пасля вайны астанкi былi вывезены, а куды — невядома. Захавалася толькi частка надмагiльных плiт.

Храм — дыспансер — храм

Увогуле Брыгiцкi манастыр — гэта цэлы комплекс у гiстарычнай частцы горада. У яго складзе — сам манастыр брыгiтак, касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыi i драўляны лямус. Захавалася частка былой высокай сцяны i адной вежы. А вось прыгожая брама да нашых часоў не дайшла, як i высокая вежа-званiца. Яе знеслi, каб пашырыць дарогу. Нейкiм цудам ацалеў звон ад вежы. Ён нават мае ўласнае iмя — Себасцьян. Цяпер звон уладкаваны каля касцёла, i кожны, хто пажадае, можа пазванiць у яго.

За амаль 370-гадовую гiсторыю тут адбылося нямала змен. Пасля ордэна брыгiтак у пачатку ХХ стагоддзя насельнiкамi манастыра сталi назарацянкi. У 1950-х гадах манастырскi комплекс стаў уласнасцю горада, тут уладкавалi дзiцячы сад, а праз некаторы час былыя манастырскiя пакоi абсталявалi пад псiханеўралагiчны дыспансер. Але было зразумела, што помнiк архiтэктуры ХVII стагоддзя патрабуе рэканструкцыi. Гэтую мiсiю вырашыла ўзяць на сябе Гродзенская каталiцкая епархiя. Ёй i быў перададзены Брыгiцкi манастыр роўна 30 гадоў таму. Дарэчы, справа гэтая была не такая простая. Пасля ўзгадзення з мясцовымi ўладамi прадстаўнiкi епархii ездзiлi ў Маскву, дзе атрымалi канчатковую згоду. Фотаздымкi з навейшай гiсторыi манастыра складаюць невялiкiю экспазiцыю ў адным з падвальных пакояў. Пасля рэканструкцыi яны таксама зоймуць месца ў адноўленым памяшканнi.

Захаваць аўтэнтыку

Трэба сказаць, што татальная рэканструкцыя пачалася не адразу. Асноўныя работы распачалi 15 гадоў таму. За гэты час адрамантаваны касцёл. З-пад тынкоўкi ўзнавiлi зграфiта — чорна-белы ўзорны «пояс» па перыметры касцёла.

Тую частку вежы, якая захавалася, таксама адновяць. А вось некаторыя тэхнiчныя пабудовы i гаражы будуць знесены. Мяркуецца надаць былым пакоям аўтэнтычны выгляд, бо многае за гэты час перабудавана i ў самым манастыры — былi зроблены перагародкi, павялiчаны аконныя праёмы, з'явiлiся новыя дзверы.

У манаскiх келлях будзе гасцiнiчны комплекс. Людзi, якiя прыедуць паглядзець горад, змогуць застацца на некалькi дзён, зняць сабе пакой. Гэта будуць пакоi, стылiзаваныя пад тыя самыя келлi манахiнь. У адной з частак хола пад высокай скляпенiстай столлю размесцяць музей.

Ад глобуса да сеялкi

Што тут можна будзе ўбачыць? Вядома, усе тыя экспанаты, што цяпер знаходзяцца ў падвале. Пра iх расказала гiд-валанцёр Марта Марцiшэўская. Яна звярнула ўвагу на манаскую бiблiятэку. Сапраўды, захавалася шмат старых кнiг — амаль дзве шафы. Гэта ў асноўным рэлiгiйная лiтаратура на лацiнскай, французскай, польскай i рускай мовах. Ёсць i навуковая. Захаваўся нават стары глобус. Менавiта сёстры-назарацянкi арганiзавалi ў Гродне школу для дзяўчынак, якая потым стала гiмназiяй. Зараз гэта адзiн з галоўных карпусоў Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта.

У падвале захоўваецца шмат iкон i карцiн з вобразамi святых. Вядома толькi адна аўтарка — гэта настаяцельнiца сясцёр-назарацянак, хоць яе работы i не падпiсаны. Некаторыя карцiны патрабуюць рэстаўрацыi, на iх ёсць парэзы i iншыя дэфекты.

У падвале знаходзяцца i некаторыя прадметы з драўлянага лямуса — гаспадарчай пабудовы, дзе захоўвалiся прылады працы i харчовыя запасы. Напрыклад, старажытная сеялка, дзе памiж двума коламi прычэплена каробка для насення. Дарэчы, сам лямус, пабудаваны без адзiнага цвiка, цяпер таксама на рэканструкцыi. Iдуць вельмi складаныя работы па яго захаваннi — давялося нават з дапамогай крана падымаць будынак, каб ён стаяў роўна. Работы вядуцца сумесна з польскiм бокам.

Адным з каштоўных экспанатаў музея лiчыцца адзенне, у якiм сюды прывезлi з Ватыкана мошчы святога Клiмента. Ён быў воiнамі рымскай армii i загiнуў за хрысцiянскую веру. Папа Рымскi падараваў мошчы гродзенскаму старасту, каб горад меў свайго ахоўнiка. Цяпер адзенне знаходзiцца ў музеi, а самi мошчы ў рыцарскiх даспехах утрымлiваюцца ў шкляным саркафагу каля алтара касцёла.

У падвальных пакоях можна ўбачыць некалькi сакратэраў, стары тэлефон, канцылярскiя i медыцынскiя прылады. Усе гэтыя рэчы захоўвалiся самiмi манахiнямi. Пры перадачы манастыра Гродзенскай каталiцкай епархii прадметы вярнулi. Праўда, не ўсе. Некаторыя сталi экспанатамi Гродзенскага музея гiсторыi рэлiгii. Значная колькасць iкон i выяў святых пасля рэстаўрацыi ў Эрмiтажы знаходзiцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi ў Мiнску, у тым лiку i партрэты сям'i Весялоўскiх — фундатараў касцёла.

Брыгiцкi манастыр папулярны сярод турыстаў. А гiды-валанцёры ахвотна праводзяць экскурсii для ўсiх ахвотных. У мiнулую нядзелю, напрыклад, экскурсiя стала часткай урачыстасцi ў храме. У гэты дзень адбылося асвячэнне новага алтара, устаноўленага замест драўлянага (той даўно знiк). Алтар зроблены пад мармур у тэхнiцы венецыянскай тынкоўкi з дзвюма залатымi калонамi. Што датычыцца музея, то канкрэтных тэрмiнаў у касцелё назваць не бяруцца. Вядома адно — яго праект падрыхтаваны i чакае свайго здзяйснення.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У чаканнi музея i з новым алтаром

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.