Вы тут

Чым заняць дзяцей з маленькай розніцай ва ўзросце?


Навіна пра тое, што яна стане мамай, была нечаканай. Тады Алена не верыла ў гэты цуд. Тое, што ў іх будзе першынец, муж-дальнабойшчык даведаўся ў камандзіроўцы — яго шчасцю не было межаў.

Будучы бацька марыў пра хлопца, а цяжарная Алена прыглядалася ў крамах да ружовых панчошак ды сукеначак для маленькіх прыгажунь. На 23-м тыдні УГД паказала, што будзе дзяўчынка. Як пра гэта сказаць мужу, каб той не маркоціўся і не хваляваўся, маладая маці нават не ўяўляла... Цяпер жа гэтыя перажыванні ў сям'і ўспамінаюць з гумарам, тым больш што праз два з паловай года на свет з'явіўся і доўгачаканы хлопчык.

Як праходзіць звычайны дзень новаспечанай маці, чым заняць дзяцей з маленькай розніцай ва ўзросце і як не забыцца на сябе падчас хатніх клопатаў, «СГ» расказала маладая матуля з Оршы Алена КАСЦЯНКА.


Дзень Алены пачынаецца а сёмай раніцы — да гэтага яе прывучылі дзеці. Пакуль маладая маці ў ванным пакоі, пакрысе пачынаюць падымацца і малыя. Сын Кірыл прачынаецца рана, што не скажаш пра яго сястрычку Арынку. Тая любіць зрабіць выгляд, быццам у садок ёй не трэба. «Што цікава, — здзіўляецца паводзінам сваіх гарэзаў Алена, — у выхадны дзень гэтыя жэўжыкі раніцай доўга не спяць, і маё жаданне хоць крыху адпачыць зноў не спраўджваецца».

Кожны будні дзень для жанчыны праходзіць у прыемных турботах: пакуль гатуецца сняданак для дзяцей, маці можа папіць кавы, потым заплесці коскі малой. Адзенне ў садок ужо падрыхтаванае напярэдадні, хоць іншы раз Арына праяўляе няўрымслівы характар і ўпарта адмаўляецца надзяваць тое, што сама выбірала яшчэ ўчора. Любіць таксама паспрачацца наконт цацак, якія запланавала браць з сабой у садок. Тут патрэбна цярплівасць матулі... і не толькі. Брацік, як сапраўдны джэнтльмен, амаль заўсёды церпіць дзявочыя свавольствы сваёй чатырохгадовай сястрычкі. «Так, — расказвае Алена, — на мінулых выхадных дзеці адпачывалі ў бабулі. Кірыл захацеў папіць. Заўважыўшы гэта, Арынка падбегла да яго і… наўпрост адабрала кубачак. Калі ёй зрабілі заўвагу, то адказала, што старэйшая, таму ён павінен саступаць. Спакойная рэакцыя малога заслугоўвала павагі. Вось так выхоўваецца вытрымка!» — усміхаецца суразмоўніца.

Маладая жанчына саджае ў каляску свайго сыночка. Арынка ўжо ведае, што трэба прытрымаць дзверы альбо ўзяць з рук маці нейкія рэчы: нягледзячы на няпросты характар, у такія моманты яна вельмі дапамагае.

Пасля таго як малую завялі ў садок, гаспадыні трэба паклапаціцца пра абед. Вядома, калі муж вяртаецца з рэйсу, то дапамагае жонцы па доме. Аднак такое выпадае не часта. Для малых Алене трэба на адзін-два дні прыгатаваць суп. Дачка харчуецца ў садку, і гэта ўжо палёгка. Каля адзінаццатай гадзіны жанчына выходзіць з каляскай на шпацыр — добра, што побач з домам ёсць алея, а паблізу працякае Дняпро... Далей па раскладзе — сілкаванне і пасляабедзенны сон. Гэтым часам матуля таксама можа дазволіць сабе крыху адпачыць ці заняцца, напрыклад, прыборкай. Пасля дзённага сну ў Кірыла — падвячорак, звычайна гэта ёгурт альбо пюрэ з садавіны. Дарэчы, улетку маладая матуля стараецца вывозіць дзетак у вёску да сваёй бабулі, якая корміць праўнукаў натуральнымі прадуктамі, балазе, сёлета садавіны і агародніны багата, а чаго вартае казінае малачко з ягадамі!

«Калі з садка прыходзіць маленькая Арынка і яны з Кірылам пачынаюць гуляць, дык хоць ты ўцякай ад шуму! Тады бяром самакат ці ровар і — на вуліцу. Вельмі любім наведваць гарадскі дзіцячы парк альбо забаўляльны цэнтр, дзе малыя даюць волю эмоцыям і гарэзяць там. Пры такіх цэнтрах ёсць няні, яны могуць прыгледзець за дзецьмі, а маці гэты час можа прысвяціць сабе, — гаворыць жанчына. — Увогуле жыццё мужа і жонкі, калі з'яўляюцца дзеці, вельмі крута мяняецца. На дзяцей ідзе каля 70 % даходу сям'і. Бацька гатовы купіць малым усё, што яны пажадаюць. А я стараюся ўсё ж такі да пакупак падыходзіць больш рацыянальна. У краме дзецям хочацца ўсяго, аднак спрабую адвесці іх убок, прапанаваць нешта іншае, больш таннае ці карыснае, напрыклад, пайсці на атракцыёны ці пакатацца на поні».

Алена ўспамінае, як з мужам доўга не маглі вызначыцца з імем сваёй дачушкі. Ніводнае не падабалася. Пяць дзён бацькі не рашаліся спыніцца на нейкім адным. І нарэшце згадзіліся з імем Арына. Што датычыцца сыночка, то тут выйшла значна прасцей — імя адразу знайшлося.

Пасля першага вопыту нараджэння наша гераіня з упэўненасцю казала, што заводзіць другое дзіця не збіраецца. І сужэнцы не планавалі папаўнення. Калі праз год і дзесяць месяцаў яна даведалася, што цяжарная, да апошняга не ведала, што рабіць. Увесь час луналі думкі: яшчэ зусім маленькая дачушка на руках. Як спраўляцца, дзе браць грошы, бо спатрэбіцца ўдвая больш? Калі ж прыйшла на прыём да ўрача і той спытаў, ці збіраецца яна пакідаць малога, адразу вымавіла «так». Цяпер вельмі радая, што ў яе ёсць сынок і дачушка — жанчына не ўяўляе, як магла б жыць без іх. Адзінае, напачатку вельмі баялася, ці ўдасца ёй справіцца з хлопчыкам. Як аказалася, асаблівай розніцы ў доглядзе няма. Тым больш да нараджэння сыночка дачушку ўжо аддала ў садок, стала прасцей. Ужо ведала, якія лекі патрэбныя, якую каляску лепш выбраць, дзе памперсы купляць, як карміць малога і г. д. Наконт колькасці дзяцей яна больш не загадвае — хто ведае, што запланаваў Бог.

А сёмай гадзіне вечара сям'я збіраецца за вячэрай, так маленькія непаседы вучацца правільна паводзіць сябе за сталом, трымаць відэлец, лыжку, пачынаюць адчуваць еднасць з бацькамі, прывучаюцца да сямейных традыцый. Перад тым як рыхтавацца да сну і чысціць зубкі, малыя любяць пасваволіць. Апошнім часам Арыне падабаецца танцаваць перад тэлевізарам, брацік таксама не адстае — хоць не выразна, аднак імкнецца паўтараць рухі за сястрычкай. Маці, дарэчы, даўно заўважыла гэтую прыхільнасць у дачкі. «Наведвалі нават харэаграфічную школу для маленькіх, аднак тады, напэўна, было зарана аддаваць, а сёння дачушка ўжо сама папрасіла, каб я адвяла яе на танцы», — гаворыць матуля. Алена мяркуе, што, вядома, трэба як мага раней паспрабаваць дзіця ў розных занятках, але ў выніку яно само павінна вырашыць, чым хоча займацца.

Для ўтаймавання малых маці заводзіць іх у душ — і Арынка, і Кірыл абажаюць прымаць ванну. «Штораз у нядзелю раблю кожнаму з пенай, з цацкамі — ім вельмі падабаецца», — дзеліцца жанчына. А дзясятай дзеці павінны быць у ложку, бо заўтра трэба збірацца ў садок і адной, і другому. Так-так, яна вырашыла і малога прывучаць да садка. Учора на гадзінку-другую пакідала хлопчыка ў групе, сама ж за дзвярыма прыглядала, як той сябе паводзіць. Маладая мама лічыць, што чым раней аддаеш дзіця ў садок, тым лепш. Хутчэй адбываецца адаптацыя. Так было з дачушкай, яна хутчэй навучылася трымаць лыжку, стала сама прасіцца на гаршчок, пачала добра гаварыць. У групе дзіця бачыць, як паводзяць сябе астатнія, і імкнецца не адставаць. Вядома, многія матулі не спяшаюцца аддаваць сюды сваіх гадаванцаў, лічаць, што самі могуць быць і выхавальніцай, і сябрам для малога. Аднак, на думку Алены, гэта не зусім правільна. Матуля не адмаўляе, што часам у яе з'яўляецца адчуванне «вінаватасці» перад сваёй «крывінкай» — за тое, што пакідае дзіця ў садку і не можа быць побач, як звычайна. Аднак гэтае пачуццё хутка знікае.

Я спытала ў яе, што самае цяжкае ў мацярынстве, а што, наадварот, прыносіць неймаверную радасць? Алена адказала, што цяжка, бясспрэчна, падымацца ўначы, калі ў дзіцяці нешта баліць. Нялёгка выдзеліць час для сябе, каб элементарна прыняць душ ці зрабіць маску, і пры гэтым трэба яшчэ сачыць, каб у доме не ўтвараўся вэрхал. «Аднойчы дала дзецям марозіва, думала, хоць крыху сцішацца, аднак калі праз нейкі час зайшла да іх у пакой, гэтае марозіва было ўсюды: на канапе, на дыване, і нават люстэрка было ў ім, — расказвае Алена. — Муж часта ў камандзіроўцы, таму дзеці паўсюль са мной, з імі я — і ў банк, і ў краму, а яшчэ нязручна з каляскай прыстасоўвацца да лесвіц». Радуе жанчыну само адчуванне мацярынства — што пашанцавала стаць мамай разнаполых дзетак.

Яшчэ амаль праз год маладой жанчыне выходзіць на работу — яна працуе тэхнолагам на льнозаводзе — таму пакуль мая гераіня стараецца не прыспешваць час і атрымліваць асалоду ад кожнага дня дэкрэтнага водпуску.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.