Вы тут

Чатыры эпохі ў цэнтры Гродна


Якія рэальныя асобы «ажылі» на маляваных парталах


У абласным цэнтры з'явіліся маляваныя парталы, у якіх адлюстраваныя чатыры гістарычныя перыяды горада. Цікава, што некаторыя персанажы маюць рэальных прататыпаў, іншыя нагадваюць вядомых асоб.

Гродзенскі мастак-рэстаўратар Аляксей Навумчык не першы раз бярэцца за ўвасабленне гарадскога асяроддзя на будынках. Пачынаў ён з відаў горада пачатку ХХ стагоддзя. Але роспіс не захаваўся, бо будынак з-за аварыйнага стану знеслі. Але гаспадары пабудоў, а гэта гандлёвы дом «Нёман», прапанавалі ажыццявіць новы праект. У мастака была ідэя ўвасобіць розныя эпохі з гісторыі горада. Пасля таго, як эскізы былі прынятыя і зацверджаныя, Аляксей прыступіў да іх рэалізацыі. Работы пачаліся ў красавіку, і вось нядаўна ва ўнутраным дворыку гандлёвага цэнтра з'явіліся маляўнічыя парталы, на якіх адлюстраваныя чатыры эпохі — рэнесанс, эпоха царызму, міжваенны час і сталы савецкі. Усе работы выкананыя акрылавымі фарбамі ў стылі фрэсак.

Як расказаў сам аўтар, у асноўным ён працаваў па фотаздымках. Але не толькі. Напрыклад, увасабленне горада ХVІІ стагоддзя базіруецца на гравюры Макоўскага. Старажытны горад ідзе далёкім фонам, а бліжэй да гледача, у прыгожых пакоях, малады чалавек гадае на рамонку, а за ім свае адносіны высвятляе маладая пара — гэта знакамітыя героі шэкспіраўскіх трагедый. Дарэчы, твар Гамлета нечым нагадвае самога мастака. Але Аляксей не пагаджаецца: каб ён хацеў намаляваць сябе, зрабіў бы яго больш падобным.

А вось наступныя парталы заснаваныя на дакументальных матэрыялах. Праўда, «царскі» перыяд у жыцці Гродна канца ХІХ стагоддзя прадстаўлены з некалькіх фотаздымкаў дарэвалюцыйных часоў. Добра бачныя старыя будынкі, Фара Вітаўта, якую знеслі ў 60-я гады. А ў цэнтры — дзве маладыя графіні, за якімі пільна назірае малады чалавек. Гэта ўвогуле тыповая гісторыя для ўсіх часоў, калі дзяўчаты ідуць, а ім услед паглядаюць хлопцы. Як патлумачыў аўтар, фігуры дабаўлены на канкрэтнае месца горада, а самі персанажы паходзяць з іншых крыніц.

Адрозная гісторыя ў партала міжваеннага перыяду. Малюнак зроблены з канкрэтнага фотаздымка. І тут усе персанажы рэальныя. Такая сям'я сапраўды некалі жыла ў Гродне, а хлопчык, што стаіць з бацькамі, жыве і зараз, толькі ўжо ў Польшчы. Праўда некаторыя будынкі, якія бачныя за плячыма гродзенскага сямейства, не дайшлі да нашых часоў. Затое брукаванка тая самая, старажытная.

А вось сюжэт партала 70-х гадоў многія гродзенцы пазнаюць і зараз. На ім — будынак старога ўнівермага з усімі атрыбутамі тых часоў. Многія памятаюць паласатыя навесы каля сцен. Па словах Аляксея, некаторыя рысы таго часу ён увасобіў і са сваёй памяці. Напрыклад, абаранкі ў руках, шкарпэткі дзяўчынак, туфлі-лодачкі, бутэлькі з малаком, чамадан — гэта ўсё характэрна для таго перыяду. Для паўнаты карціны каля ўнівермага з'явіліся і аўтамабілі «Масквіч» і «Волга».

На пярэднім плане звяртае на сябе ўвагу постаць мужчыны з кнігай у руках. Саму кампазіцыю аўтару нагадаў вядомы савецкі фільм пра Шурыка. Вось і куртка на ім амаль такая ж. І хаця сам мастак гэты вобраз назваў зборным, у мужчыне можна пазнаць таксама вядомага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, які доўгі час жыў і працаваў у Гродне. А кніга ў руках — чым не сімвал яго пісьменніцкага таленту?!.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.

Грамадства

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Непаўналетнiя ў крымiнальным працэсе: практычныя нюансы

Пра асаблiвасцi абароны правоў дзяцей-правапарушальнiкаў (затрыманне, прымяненне мер стрымлiвання, следчыя дзеяннi) расказалi эксперты падчас аднаго з вэбiнараў, якiя сумесна з Рэспублiканскай калегiяй адвакатаў Дзiцячы фонд ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi арганiзаваў яшчэ летам. 

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.