Вы тут

Гісторыя Таццяны Бойнічавай. Год таму жанчына стала ахвярай жудаснай аварыі


У складанай жыццёвай сітуацыі апынулася педагог з Гомеля Таццяна Бойнічава. Год таму жанчына стала ахвярай жудаснай аварыі. Цяпер яна перасоўваецца на інваліднай калясцы, а кожны выезд з пад'езда — цяжкае і небяспечнае выпрабаванне. Пры садзейнічанні дэпутатаў для з'езду з першага паверха на вуліцу ў пад'ездзе зроблена спецыяльная пляцоўка, на вуліцы ёсць пандус. Але сітуацыю можа выратаваць толькі механічны пад'ёмнік. Па папярэдняй ацэнцы «Гомельліфта» яго кошт каля 10 тысяч рублёў. Сям'я Таццяны Бойнічавай спадзяецца на дапамогу ўсіх неабыякавых людзей, а таксама гарадскіх улад.


Апынуцца па той бок крымінальнай навіны

20 мільёнаў вынікаў выдае пошукавік у інтэрнэце на запыт «жудасная аварыя ў цэнтры Гомеля 12 кастрычніка 2019 года». На відэа і фотарэпартажы з месца ДТЗ, што адбылося на вуліцы Савецкай, нельга глядзець са спакойным сэрцам. «Звязда» таксама пісала аб падрабязнасцях трагічнага здарэння.

Па той бок крымінальнай навіны, якая абляцела краіну, а потым доўга мусіравалася ў сацсетках, аказалася гамяльчанка Таццяна Бойнічава. Той вечар якраз у прафесійнае свята — Дзень настаўніка — падзяліў жыццё педагога на безапеляцыйныя «да» і «пасля». Адно імгненне адабрала ў яе сяброўку, кар'еру, здароўе... Потым была доўгая барацьба за жыццё, а ўрэшце, як прысуд, — інвалідная каляска.

У гадавіну жудаснай аварыі, якая забрала жыццё найлепшай сяброўкі Алы, а саму яе скалечыла, Таццяна Львоўна не можа прымусіць сябе ўбачыць месца здарэння. Да таго ж яна, некалі актыўны чалавек, педагог амаль з 30-гадовым стажам, любіміца калектыву, дзяцей і іх бацькоў, сёння вельмі рэдка можа выйсці з кватэры на вуліцу. Пад'езд шматпавярховіка, у якім яна жыве, на жаль, дрэнна прыстасаваны для інвалідаў-калясачнікаў.

Баліць і цела, і душа

— Я апрытомнела праз два дні пасля аварыі. Памятаю толькі вочы мужа ды сына, — расказвае Таццяна Бойнічава і просіць не саромецца задаваць «балючыя пытанні». Яна прывыкла. Горш, калі сэрца пячэ ад няшчырасці:

— Калі мяне толькі прывезлі з ДТЗ, на назе была парвана аорта. Увогуле ледзь паспелі давезці да бальніцы, таму што я губляла шмат крыві. Спачатку ўрачы змагаліся за тое, каб я проста засталася жыць. Праз тыдзень, калі стан нармалізаваўся, — зрабілі паўторную аперацыю. Увесь гэты час я думала аб сваёй сяброўцы, была ўпэўнена:  яна ў цяжкім стане, можа, у іншай бальніцы, але мы хутка сустрэнемся. 29 кастрычніка — дзень нараджэння Алы. Мяне ўжо перавялі ў звычайную палату, і я ўначы вырашыла напісаць ёй, павіншаваць першай. Адкрыла старонку ў сацсетцы і ўбачыла фота ў чорнай рамцы. Свет абрынуўся. Душа скалечаная не менш за маё цела.

У лютым Таццяну Львоўну накіравалі ў Рэспубліканкую бальніцу медыцынскай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне.

— Я жыла гэтым момантам, — прызнаецца жанчына, — таму што мне казалі, што людзі пасля Аксакаўшчыны ўстаюць і выходзяць на сваіх нагах. Са мной так не здарылася. Але жыць штохвілінным чаканнем, што вось ты хутка пойдзеш, пачнеш адчуваць свае ногі — гэта самая страшная пастка.

Таццяна Львоўна кажа, што ўрачы прагнозаў не робяць: сітуацыя цяжкая — закрануты спінны мозг. Але разрываў няма, а значыць — ёсць надзея на выздараўленне. Сёння яе сіла, яе жыццёвы стрыжань, яе вера — гэта муж, сын і мама.

Не прынята абмяркоўваць

— Я працавала доўгі час настаўнікам матэматыкі, потым — намеснікам дырэктара. Марыла зноў вярнуцца да выкладання, каб зноў узяць пяты клас, а потым выпусціць дзяцей у жыццё. Толькі два месяцы вучэбнага года адпрацавала...

Цяпер Таццяна Львоўна — сама вучаніца. Яна вучыцца жыць з інваліднасцю:

— Я стала куды хутчэй перасоўвацца, бо бачу, што маме цяжка. Зараз я ў сваёй сям'і — шэф-кухар. Пачынала з таго, што ў пакоі ставіла на падлогу мультыварку і прасіла прынесці прадукты, загружала ў яе. Цяпер і пірагі пяку сама. Я зразумела, што да аварыі мая сям'я была для мяне крыху на другім плане з-за працы. Усё справы, справы, а ў найбольш складаны момант менавіта муж, сын і мама сталі самай сапраўднай апорай.

Муж Таццяны Бойнічавай — Аляксандр — пераабсталяваў усё ў кватэры, каб жонцы было зручней рухацца на калясцы. Усталявалі неабходныя для рэабілітацыі трэнажоры. Дзень жанчыны цяпер распісаны як у прафесійнага спартсмена. Вельмі важны трэнажор-вертыкалізатар, які выцягвае пазваночнік і дае магчымасць стаяць пэўны час, сям'я набыла дзякуючы сродкам, сабраным прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі Гомеля. Цяпер яшчэ б атрымаць магчымасць выходзіць на вуліцу. Жыць без прагулак і свежага паветра згубна для нерухомага чалавека.

— Мне даводзіцца з'яўляцца на вуліцы, толькі калі муж і сын вяртаюцца з працы. Пакуль яны павячэраюць, адпачнуць, усё — ноч. Праўда, я прывыкла выбірацца з кватэры толькі ў цемры. Баялася, што пазнаюць і будуць шкадаваць. Не хочацца ставіць знаёмага чалавека ў няёмкую сітуацыю, калі ён не ведае, як сябе паводзіць. Таму імкнёмся выбірацца з дому два разы на тыдзень. Бывае, што ўзмацняюцца болі. Калі казаць шчыра, я саромеюся паказвацца ў такім становішчы.

Тым часам Таццяна Львоўна збіраецца на прагулку. Па абсталяванаму пры падтрымцы дэпутата пандусе спускацца значна прасцей, але ўсе разумеюць — гэта прыстасаванне толькі часовае, гаворыць муж гераіні:

— Да гэтага новага спуску ўвогуле ЖКГ былі зроблены драўляныя палазы без абмежавальнікаў. Зразумела, што ў камунальнікаў не было сродкаў на больш грунтоўнае прыстасаванне. Аднойчы каляска з Таццянай пакацілася, і мы з сынам яе ледзьве злавілі, — кажа Аляксандр Бойнічаў, а тым часам лавіруе з каляскай міма чыгуннай батарэі ў пад'ездзе. — Самастойна чалавек на калясцы не спусціцца, гэта відавочна.

Таццяну Львоўну засмучае і тое, што па яе зваротах зроблена нямала, людзі імкнуцца дапамагчы, але ў выніку яна ўсё адно не можа самастойна выехаць на вуліцу. Нават калі прыварыць парэнчы, каляска можа ў любы момант саскочыць з пандуса, бо нахіл спуску празмерна круты.

— У маёй галаве часам шчоўкае — можа, я хутка ўстану і пайду, можа, усё гэта марна, — шчыра перадае свае эмоцыі Таццяна Львоўна. — Але насамрэч жыццё мінае, а такія думкі — пастка.

Яна прызнаецца, што цяпер думае аб тым, як вучыць школьнікаў належна ставіцца да людзей з інваліднасцю:

— Так, цяпер я разумею, што бар'еры — гэта не толькі бардзюры на шляху чалавека ў інваліднай калясцы, яны яшчэ і ў сэрцах. У мой першы «выхад у свет» сустрэла былых калег. Людзі разгубіліся. Пытаюся: што не так? Адказваюць, што не ведаюць, нават як са мной размаўляць. А я ўсё тая ж Таццяна, толькі значная мацнейшая.

Між тым, яна агучвае і іншыя моманты:

— Самы першы званочак, што людзі мяне не забыліся, быў яшчэ ў бальніцы. У мяне быў дзень нараджэння, і я прачнулася не ў палаце, а быццам у кветкавай краме. Вось у мяне траўмы, перажыванні, а жыццё павінна працягвацца. Быццам перанеслася ў адмысловую фотазону: усе з аддзялення прыходзілі да мяне фатаграфавацца. Прыгажосць нават у горы аб'ядноўвае.

Калі вонкавым пандусам можна карыстацца, то ўнутраны пандус трэба мяняць, упэўнены муж Аляксандр.

— Ці ўстанавіць спецыяльны пад'ёмнік.

Але ні тое, ні другое Бойнічавы самастойна зрабіць не могуць. Да рашэння гэтай праблемы далучыўся дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу па Гомельскай прамысловай акрузе № 35 Аляксандр Машкараў.

— У дадзеным выпадку пры падтрымцы нашых дэпутатаў і гендырэктара прадпрыемства «Медпласт» было знойдзена тэхнічнае рашэнне. Для новай пляцоўкі выкарысталі матэрыялы трывалыя, але не важкія. Канструкцыя дазваляе чалавеку выязджаць з пад'езда і вяртацца, але, безумоўна, неабходна суправаджэнне. У далейшым, калі канструкцыю трэба будзе ўдасканальваць, мы будзем шукаць іншыя варыянты.

Між тым Таццяна Бойнічава марыць вярнуцца да сваёй работы. Кажа, больш за ўсё жадае зноў бачыць цікаўныя дзіцячыя вочы. Яна не губляе надзею, што знойдзецца магчымасць зрабіць яе жыццё больш мабільным, а значыць — шчаслівым.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Жыццёвы стрыжань

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.