Вы тут

У студатрадах — больш за 17 тысяч байцоў


Менавіта такую колькасць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сёлета працаўладкаваў у складзе студэнцкіх атрадаў. У рамках круглагадовай працоўнай занятасці ў 1353 студэнцкія атрады ўсіх сямі зацверджаных профіляў патрапілі 17 827 байцоў, таксама была аказана дапамога ў індывідуальным працаўладкаванні 284 хлопцам і дзяўчатам. Такім чынам, фактычна было больш за 18 тысяч працаўладкаваных. Самая вялікая колькасць іх у Гродзенскай вобласці — 4154 чалавекі ў складзе 301 атрада.


У студатрадаўскім руху ўдзельнічаюць і школьнікі. Па ўказе Прэзідэнта яны маюць права на працу ў студэнцкіх атрадах з 14 гадоў. Такім чынам, да папулярнага маладзёжнага руху далучыліся 8119 непаўналетніх. З іх працаўладкаваны 512 падлеткаў, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, і 170 знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паведамляе БРСМ.

Сёлета трэці працоўны семестр стартаваў 28 чэрвеня. За гэты час удалося рэалізаваць два маштабныя працоўныя праекты. Гэта Усебеларуская маладзёжная будоўля «Горад маладосці» — будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры Астраўца, і міжнародны вытворчы працоўны праект «Атлант-2020». Таксама байцы працавалі на абласных і мінскай гарадской маладзёжных будоўлях. Напрыклад, на будаўніцтве агульнаадукацыйнай сярэдняй школы на 1020 месцаў у Баранавічах, сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў Гомелі, на рэканструкцыі комплексу будынкаў гарадской клінічнай бальніцы № 3 у Гродне, паліклінікі для дарослых і дзяцей у Магілёве. У сталічным рэгіёне абласной маладзёжнай будоўляй стаў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна.

Трэці працоўны семестр працягваецца. Увосень па плане будуць працаваць прыкладна 122 атрады з 2544 чалавек. Сельгасатрады прыступілі да справы ва ўсіх рэгіёнах, але дагаворы на фарміраванне працягваюць заключацца. У цэлым па краіне ў верасні—кастрычніку байцы студэнцкіх атрадаў будуць займацца ўборкай і сартаваннем бульбы і іншых караняплодаў, зборам яблыкаў, уборкай лёну.

Да прыкладу, у Брэсцкай вобласці працуюць пяць сельскагаспадарчых атрадаў. Хлопцы і дзяўчаты збіраюць яблыкі ў ААТ «Батчы», «Лядзецкі», «Імянінскі», РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», КСУП «Беражное». У Віцебскай вобласці працуюць 30 сельскагаспадарчых атрадаў. Іх байцы ўбіраюць і сартуюць сельгаспрадукцыю ў філіялах «Вясна-энерга» і «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга», РУП «Талачынскі кансервавы завод», ВК «Альгоўскае», ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-Агра», «Камайскі-Агра». У Гродзенскай вобласці працуюць 35 сельгасатрадаў. Маладыя людзі шчыруюць на палях КСУП «Малабераставіцкая элітная гаспадарка», «Мацвееўцы», «Эксперыментальная база «Кастрычнік», ААТ «Прынёманскі», Іўеўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Закрыццё трэцяга працоўнага семестра запланавана на 13—15 лістапада ў Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы» падчас Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў «Час руху». У гэты ж час пачнецца падрыхтоўка да новага працоўнага праекта для ўдзельнікаў студатрадаўскага руху «Зімовы маршрут» і міжнароднага праекта «Снежны дэсант», які пройдзе на тэрыторыі Расіі і Казахстана.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.