Вы тут

У выхадныя магчымы першы мокры снег


Эх, якія цудоўныя паўтара месяца восені мы ўжо пражылі! Надвор'е ў гэтыя дні — проста выдатнае, амаль увесь час тэмпература была на 2—6 градусаў вышэйшай за кліматычную норму. Так будзе да чацвярга, а далей уладу ў свае рукі возьме другая палова сезону, так званая «панурая восень». А пакуль да сярэдзіны тыдня будзем радавацца паўднёваму цяплу, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У сераду мы апынёмся ва ўладзе атмасферных франтоў ад цыклона над Польшчай. Чакаецца, што будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер чакаецца заходні, паўднёва-заходні парывісты, уначы ў заходніх раёнах месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе 7—13 цяпла, удзень — ад плюс 10 градусаў да 17 градусаў вышэй за нуль, па паўднёвым усходзе краіны — да 19 цяпла.

Першыя кроплі дрэннага надвор'я мы «зловім» ужо ў чацвер, калі пачне мяняцца накіраванасць паветраных патокаў. У дзённыя гадзіны паўднёвы вецер будзе пераходзіць на паўночна-заходні і стане паступаць халодная няўстойлівая паветраная маса. Вось тады і пачнецца пахаладанне. Уначы пераважна па паўночнай палове, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны — слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—10 цяпла, удзень — ад плюс 8 да плюс 15 градусаў, у паўднёва-ўсходніх раёнах — да 17 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу халаднаватае паветра распаўсюдзіцца на ўсю Беларусь. Уначы будзе 2—8 цяпла, па паўднёвым усходзе — да плюс 10 градусаў. Удзень чакаецца ад 4 да 11 градусаў вышэй за нуль, па поўдні — на пару градусаў цяплей. Адчуванне холаду ўзмоцніць парывісты паўночна-заходні вецер. Сіноптыкі прагназуюць на выхадныя халоднае надвор'е, Уначы будзе ад нуля да плюс 2 градусаў, пры праясненнях — да мінус 2. Удзень чакаецца 4—10 цяпла. Месцамі на поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі. Гэта будзе дождж, але ў некаторых раёнах не выключаны першы ў гэтым сезоне мокры снег. Усё мяняецца. Хутка, аднак...

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: belmir.by

Загаловак у газеце: Халодны пералом з сярэдзіны кастрычніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.