Вы тут

У музеi-сядзiбе Рэпiна арганiзавалi iнтэрактыўнае свята «Восеньскi букет»


Недалёка ад Вiцебска ў музеi-сядзiбе I. Я. Рэпiна «Здраўнёва» (фiлiял Вiцебскага абласнога краязнаўчага музея) арганiзавалi iнтэрактыўнае свята «Восеньскi букет». Сёлета 90 гадоў з даты смерцi генiя: ён пайшоў з жыцця 29 верасня 1930 года, гэта здарылася прыкладна за сорак кiламетраў ад Санкт-Пецярбурга (памёр у сваёй тамтэйшай сядзiбе Пенаты). Культурная падзея стала добрай магчымасцю ўспомнiць яго жыццё, стаць блiжэй да творчай спадчыны мастака.


Упершыню падчас мерапрыемства можна было ўбачыць «выстаўку аднаго дня» — карцiну «Iсус з чашай» (з фондаў абласнога музея). Яна была напiсана для Слабадской царквы, што знаходзiлася непадалёк, i на могiлках каля якой быў пахаваны бацька мастака. Акцыя «Восеньскi букет» стала сюрпрызам для шматлiкiх аматараў творчасцi Рэпiна, турыстаў, якiя прыехалi здалёк у сядзiбу ў гэты дзень. Iмпрэза, так бы мовiць, закрыла летнi музейны сезон. Але ж, безумоўна, «лецiшча» славутага мастака адкрыта для наведвальнiкаў круглы год.

У багатай праграме былi майстар-клас па стварэннi букетаў, карцiн з кветак, турнiр па гульнi ў кракет — апошнi вельмi падабаўся мастаку. Арганiзавалi i мiнi-кiрмаш рамеснiкаў, распродаж выпечкi, i там увесь час стаялi чэргi. У «Арт-зонах» малявалi партрэты i шаржы... Вельмi спадабалася наведвальнiкам сядзiбы экскурсiя ў склеп рэпiнскага перыяду. На жаль, гэта адзiнае збудаванне дарэвалюцыйнага часу. Народ добра рэагаваў на прапанову пакаштаваць «рэпiнскай самагонкi» i закусiць салам з агуркамi... Нават жанчыны, якiя самi займаюцца вырабам саленняў, прызнавалiся, што такiх смачных агуркоў даўно не елi.

Пра тое, якой была рэпiнская гаспадарка, распавядаў гасцям краязнавец Валерый ШЫШАНАЎ, намеснiк дырэктара Вiцебскага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце.

Пад Вiцебскам у цёплую пару года Рэпiн пачаў адпачываць пасля таго, як iмператар Аляксандр III набыў за 35 тысяч рублёў яго карцiну «Запарожцы». На беразе Заходняй Дзвiны ў 1892 годзе мастак купiў маёнтак у адзiнокай жанчыны Софii Яцкевiч. Яе сям'я валодала iм з 1836 года. А наогул, сядзiба пад рознымi назвамi вядомая па дакументах з 1785-га. Тут Рэпiн напiсаў палотны «Беларус», «Асеннi букет», «На сонцы», «Дуэль», «Месячная ноч» i iншыя.

— Iлья Яфiмавiч аддаў шмат сiл добраўпарадкаванню Здраўнёва. З грэбня рачной тэрасы адкрывалiся цудоўныя перспектывы на парослы лесам супрацьлеглы бераг, палi i аддаленыя паселiшчы. Але трохi парушыў гармонiю шэраг гаспадарчых пабудоў. У цэнтры сядзiбы знаходзiўся гаспадарчы двор са свiрнам, домам для рабочых i флiгелем... Па беразе ўнiз па цячэннi ракi забудову завяршалi хлявы, адрыны, двор для жывёлы i малацiльны ток. Каб палепшыць гэтую пярэстую карцiну, Рэпiн высаджвае елкi на выездзе на бальшак. А вакол саду — палосы з ельнiку, бярозы, ляшчыны. З лагчыны зрабiлi сажалку. У садзе разбiлi лiпавую алею. Уладкоўваецца пляцоўка для гульнi ў кракет. Насупраць вокнаў майстэрнi насыпалi горку для пазiравання. I мастак з гумарам назваў яе «Манблан». Яшчэ была дзярновая лаўка ў выглядзе амаль замкнутай акружнасцi. Яе за падабенства да кратара вулкана мастак празваў Везувiем, — расказаў супрацоўнiк музея.

Апошнi раз Рэпiн гасцяваў пад Вiцебскам у 1904 годзе.

Дзiўна, што ў адрозненне ад iншых сядзiб гэтую не разрабавалi. А ўсё таму, што сяляне вельмi паважалi мастака i яго сям'ю. Рэпiн i яго блiзкiя клапацiлiся аб тым, каб простыя людзi жылi годна, дапамагалi iм у цяжкiя гадзiны... Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Здраўнёве жыла сям'я малодшай дачкi мастака. У жнiўнi 1930-га родныя Рэпiна з'ехалi ў Пенаты, а састарэлы дом быў прададзены на дровы...

Здраўнёва дзесяцiгоддзямi чакала аднаўлення. I работы на тэрыторыi рэпiнскай сядзiбы распачалi яшчэ ў савецкi час. А дакладней, у другой палове 1980-х. Музей быў створаны ў 1988-м. Але цяжкi лёс бывае i ў будынкаў, не толькi ў людзей. У 1995-м дом згарэў. Праз пяцiгодку тут зноў пабывалi першыя наведвальнiкi.

Цяпер у музеi кожны год дзясяткi тысяч турыстаў. Тут праводзяць круглыя сталы, семiнары, пленэры. У сядзiбы такая класная энергетыка, што падчас яе наведвання аднаўляюцца сiлы, творчыя людзi натхняюцца новымi iдэямi. Безумоўна, «Здраўнёва» — адна з сапраўдных турыстычных жамчужын Беларусi.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Букеты рэпiнскага дома

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.