Вы тут

Як рашыць экалагічныя праблемы праз інавацыйныя праекты


Мінулым летам у краіне стартаваў рэспубліканскі конкурс найлепшых бізнес-ідэй у галіне экалогіі «Belarus Green Awards 2020». Яго місіяй стаў пошук рашэнняў экалагічных праблем праз інавацыйныя праекты.


З 58 прынятых анкет з усёй Беларусі ў паўфінал выйшлі 12 удзельнікаў. Народнае галасаванне, у якім узяло ўдзел больш за 7000 чалавек, вызначыла сем фіналістаў.

— Колькасць удзельнікаў конкурсу і народнага галасавання сведчыць аб тым, наколькі актуальная тэма аховы навакольнага асяроддзя, «зялёнай», цыркулярнай эканомікі, экалагічнай бяспекі, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. — Я вельмі рады, што сёння грамадскасць так турбуе гэта тэма. Таму што самае важнае ў нашым жыцці — здаровае навакольнае асяроддзе. Будзе яно — будзе здаровая нацыя, будзе эканоміка і будзе квітнець наша родная Беларусь.

Якія ж праекты на думку журы сталі найлепшымі?

Дапамагчы прыродзе і пасёлку

Першае месца ў конкурсе заняў праект «ZNOVA» (г. п. Зэльва, Гродзенская вобласць). Гэта школьная бізнес-кампанія Зэльвенскай сярэдняй школы № 2 па вытворчасці паперы з трыснягу. Па словах яго кіраўніка, настаўніцы хіміі Наталлі ГРОМ, праект дапамагае паменшыць выкарыстанне пластыку, замарудзіць працэс знікнення лясоў і вырашыць праблему зарастання вадаёмаў.

З трыснягу можна вырабляць паперу для экапакетаў і кардонных скрынак, а таксама для дэкаратыўнай творчасці і сувенірнай прадукцыі. Такую паперу лёгка перапрацоўваць і выкарыстоўваць без дадатковых выдаткаў і шкоды для наваколля.

— Мы гадуем юных бізнесменаў, якія робяць упор на экалогію, — расказала Наталля Гром. — Наша мэтавая аўдыторыя — рамеснікі, мастакі, свядомыя спажыўцы.

Канчатковая ж мэта — запусціць вытворчасць экаўпакоўкі з трысняговай паперы. Гэта не толькі дапаможа рашэнню экалагічных праблем, але і створыць дадатковыя рабочыя месцы ў пасёлку.

Агарод у цэнтры горада

«Серабро» конкурсу атрымала «Сіціферма Ogorod» (Мінск). На першай гарадской ферме вырошчваецца мікразеляніна — маленькія парасткі агароднінных і салатных культур, вострых траў. Яе выкарыстоўваюць у рэстаранах і кафэ, прадаюць у прадуктовых крамах, ужываюць для дэкору страў.

Па словах прадстаўніка праекта Кацярыны МІРОНАВАЙ, вертыкальныя фермы становяцца ўсё больш папулярныя ў свеце, да таго ж яны дапамагаюць вырашыць праблему харчавання. З-за перанасялення Зямлі, змены клімату, росту плошчы гарадоў і дэградацыі зямель у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі колькасць ежы можа паменшыцца. Вертыкальныя ж фермы можна размяшчаць і ў гарадах, яны не патрабуюць значнай колькасці вады, на іх не выкарыстоўваюцца пестыцыды.

«Зялёны» дакументаабарот

Трэцяе месца на конкурсе заняў ІT-праект «Е3» (Мінск) па стварэнні і развіцці экалагічнага электроннага дакументаабароту. Ён прызначаны дапамагчы спецыялістам у галіне аховы навакольнага асяроддзя скараціць працягласць выканання руцінных аперацый і павялічыць час на рашэнне важных экалагічных задач на прадпрыемстве.

Як расказала кіраўнік праекта, інжынер-эколаг Алеся ГАЦУРА, ключавая яго ідэя — стварэнне зручнай анлайн-праграмы на базе «воблачнай» платформы для збору і апрацоўкі экалагічнай інфармацыі. Гэта дазволіць аптымізаваць работу аддзелаў экалогіі на прадпрыемствах, скараціць працазатраты, выключыць падаванне няправільных даных у кантрольныя органы.

Праект «Е3» уключае некалькі модуляў. Спецыялісты ўжо працуюць з модулем «Е3 паветра», затым плануецца падключыць «Вытворчыя адходы», «Водаадвядзенне і водакарыстанне», «Зялёныя насаджэнні» і «Агрэгаванне».

Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праект здаровага спосабу жыцця і «зялёнага» спажывання «Пастарнак» і нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа».

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Экалагічны бізнес стварае будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.