Усім вядома, што праблема разумнага выкарыстання энергіі – адна з галоўных для чалавецтва. Энергазберажэнне – гэта не толькі эканомія грошай, але і клопат пра прыроду, увогуле пра нашу планету.
11 лістапада, у Міжнародны дзень энергазберажэння, у Пятрэвіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе Навагрудскага раёна заўсёды шумна і весела.
Члены вучнёўскага самакіравання для бацькоў і дзяцей склалі “Шкодныя парады па энергазберажэнні”, якія адразу ж былі размешчаны ў інфармацыйным холе ўстановы адукацыі на “Стужцы ідэй энергазберажэння – 2020”.
У дзіцячым садку дзеткам, якім яшчэ цяжка ўсвядоміць праблему энергазберажэння, выхавальнікі чыталі казку Карнея Чукоўскага “Украдзенае сонца”, гутарылі на тэмы “Чаму гарыць лямпачка і што зрабіць, каб яна свяціла людзям заўжды?”, “Куды ўцякае цяпло і як яго спыніць?”
Вучні першага-чацвёртага класаў правялі акцыю “Сыходзячы, тушыце святло!”: пабывалі ў кожным школьным кабінеце, наведалі дырэктара, яго намеснікаў, настаўніцкую, дзе нагадвалі пра неабходнасць берагчы электрычнасць і пад кожным выключальнікам наклеілі лістоўку-напамін.
Камісія з ліку навучэнцаў – пераможцаў агульнашкольных мерапрыемстваў ацаніла работу вучняў 5-6 класаў у конкурсе малюнкаў “Беражом энергію – беражом будучае”.
Да мерапрыемстваў падключыўся і атрад аховы правапарадку ў школе. Але сёння ў іх была іншая місія – сачылі, каб не выцякала лішняя вада з крана, каб не была выкарыстана без неабходнасці ні адна кілават-гадзіна электраэнергіі.
Кожны класны калектыў вырашаў, што зрабіць карыснага па энергазберажэнні. Свае прапановы яны адлюстроўвалі на “Стужцы ідэй энергазберажэння – 2020”. Настаўнікі ж, у сваю чаргу, на спецыяльна адведзенай старонцы стужкі пісалі слоганы да Дня энергазберажэння.
Вельмі прыемна бачыць актыўных, неабыякавых да сваёй установы адукацыі, да сваёй Радзімы і да нашай планеты дзяцей. Іх шчырасць і жаданне зрабіць штосьці карыснае, агеньчык у іх вачах закрануць сэрца нават самага раўнадушнага чалавека.
Зялёнае святло вашым ідэям і пачынанням, нашы юныя сябры!
Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Пятрэвіцкі ВПК Д/С-СШ” Навагрудскага раёна
Фота Наталлі Юшкевіч
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?