Вы тут

Хто, чым і па якіх цэнах гандлюе на экарынку пад Мінскам


Першы ў краіне шматфункцыянальны харчовы экарынак адкрыўся ў Мінскай вобласці. Месціцца ён непадалёк ад вёскі Валяр'янава на трасе М3 Мінск — Віцебск. Дабрацца са сталіцы да яго можна аўтобусам, маршруткай, што ідуць у напрамку Бараўлян. У будаўніцтва гандлёвага комплексу ўкладзена 17 мільёнаў долараў. Інвестарамі выступілі Першы Мінскі гармалзавод, «Агракамбінаты «Ждановічы» і «Дзяржынскі», таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вялес-Міт».


Чатырохпавярховы будынак, які з'явіўся на месцы даўгабуда, сапраўды ўражвае сваімі памерамі: яго плошча каля 20 тысяч квадратных метраў, створана 140 гандлёвых месцаў. Тут можна знайсці сельскагаспадарчую прадукцыю на любы густ і кашалёк — буйных вытворцаў, фермераў, фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў.

Рынак разлічаны на продаж арганічных прадуктаў, вырашчаных па спецыяльных тэхналогіях, без хіміі і розных дабавак. Аднак прыстаўка «эка» тут пакуль лішняя, тавары з такой маркіроўкай практычна адсутнічаюць, паколькі ў Беларусі няма лабараторыі, якая выдавала б гэтыя сертыфікаты. Прадукцыя, якая тут прадаецца, хутчэй за ўсё падпадае пад катэгорыю «натуральная».

Насупраць уваходу ў гандлёвую залу размясціліся прылаўкі з агароднінай і садавіной, у асноўны імпартнымі. Сярод замежных дароў прыроды — шмат хурмы ад 8.50 да 9.50 рубля за кілаграм. Лімоны прапануюць па 4.50, гранаты — па 8.50 за кіло.

— Падыходзь, выбірай, — зазывае пакупнікоў індывідуальны прадпрымальнік. — У мяне тавар толькі першай катэгорыі.

Сапраўды, на выгляд фрукты выглядаюць апетытна, як на падбор, пераліваюцца, блішчаць у яркім электрычным святле.

— Адкуль гэтае багацце? — пацікавілася ў гаспадара.

— Прывозім амаль што з 50 краін свету.

— Вельмі дорага, — спыняецца каля прылаўка пажылая пара.

— Якасны натуральны тавар не можа быць танны, — парыруе спадар Магамедаў.

Забягаючы наперад, скажу, што пасля экарынку наведала сталічную Камароўку і параўнала цэны на аналагічную прадукцыю. Практычна кошт аднолькавы, штосьці крыху таннейшае, нешта — даражэйшае.

— Я вельмі задаволены гэтым рынкам, шмат месца і арэндная плата невялікая. Мяркую, разумна паступілі ўлады, гэта дасць магчымасць прыцягваць сюды ўсё больш гандляроў і хутчэй акупіць выдаткі на будаўніцтва комплексу, — кажа прадпрымальнік.

Мой суразмоўнік заадно прапаноўвае пакаштаваць арэхі. Іх процьма на суседнім прылаўку — фундук, грэцкія, бразільскія, кеш'ю, міндаль, арахіс. Самыя дарагія сорту пекан — 39 рублёў за кілаграм.

— Гэта ідэальныя дэсертныя арэхі, якія нагадваюць салодкую выпечку, утрымліваюць мала цукру, затое ў іх шмат тлушчу і бялку, антыаксідантаў — вітамін Е, магній, фосфар, кальцый. Пеканам можна пасыпаць марожанае, дэсерты, дабаўляць у крэм-супы, запякаць з ім мяса, агародніну, — нахвальвае свой тавар спадар Мамедаў.

Я ж купіла трыста грамаў лушчаных грэцкіх арэхаў па 29 рублёў за кілаграм. На развітанне гаспадар выказаў спадзяванне, што ў мяне лёгкая рука і сёння яму пашанцуе з пакупнікамі.

Сапраўды, праз колькі часу заўважыла, што каля прылаўка майго новага знаёмага пачалі збірацца людзі.

Некалькі чалавек спынілася і каля вітрыны з мёдам. Ліпавы, лугавы, з пропалісам, з пылком, лясны, грэцкі, кветкавы — усяго больш за дзясятак найменняў. Прадавец кансультуе пакупнікоў, чым яны адрозніваюцца, якія смакавыя якасці мае кожны, які лепш выбраць. Цэны адпавядаюць, на мой погляд, любому кашальку — ад 13 да 18 рублёў.

Ганна Іванаўна з Мядзельскага раёна гандлюе на рынку два дні — у суботу і нядзелю, спыняецца ў знаёмых.

— У майго сына фермерская гаспадарка, займаецца ён і развядзеннем трусоў. Корміць даўгавухіх толькі натуральнай ежай. Сам назапашвае для іх траву, якую змешвае з перамолатым зернем. Ніякіх камбікармоў або дабавак не выкарыстоўвае. Паглядзіце, якія прыгожыя тушкі! Учора жанчына купіла адну, сёння прыйшла падзякаваць, вельмі смачнае рагу атрымалася.

Менавіта пры адкрыцці экарынку старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын сказаў, што цэнтральны рэгіён ускладае вялікія надзеі на Мядзельшчыну. Там ужо ёсць фермеры з еўрапейскімі сертыфікатамі на экалагічную прадукцыю.

Ну як тут не спакусіцца на экалагічна чыстую прадукцыю па
15 рублёў за кілаграм. Усяго трусіная тушка зацягнула на 35 рублёў. А тым часам на Камароўцы прапаноўваюць такую ж прадукцыю на рубель даражэй за кіло.

Разам з тым фермеры гандлююць не толькі мясной, але і ўжо гатовай прадукцыяй дамашняга прыгатавання — вэнджаная і вяленая рыба, пірагі, каўбасы, вырабы з вантробаў, рулеты, хлеб, сыры. Цэны на гатовыя прадукты вышэйшыя, чым на звычайныя. Напрыклад, за 100 грамаў сыру просяць да 4 рублёў у залежнасці ад віду, тэхналогіі прыгатавання. Але цэны не палохаюць людзей. «Лепш даражэй, ды смачней, — кажа адна з пакупніц. — Пенсія ў мяне невялікая, але ж пакаштаваць далікатэсаў хочацца».

Усё самае смачнае і карыснае прадаюць і буйныя прадпрыемствы — Першы Мінскі гармалзавод, Барысаўскі, Маладзечанскі мясакамбінаты, «Крышталь», «Мінскхлебпрам», агракамбінат «Ждановічы», агракамбінат «Дзяржынскі». Яны прапануюць ялавічыну, свініну, мяса птушкі, каўбасы вэнджаныя і вараныя, сасіскі, малако, сыры, тварог, ёгурты, хлеб, выпечку, тарты, напоі, рыбу. Выразка з ялавічыны каштуе крыху больш за 14 рублёў,
дзясятак яек — 1,6—1,7, рабрына свіная — 8,5 рубля, кумпяк свіны — 8—9 рублёў, шыя свіная — 12—13 рублёў, бекон — 10,30. Зрэшты, цэны цалкам дэмакратычныя. З цягам часу асартымент будзе папаўняцца навінкамі.

Напрыклад, агракамбінат «Дзяржынскі» распрацаваў шырокую лінейку натуральнай прадукцыі з дзічыны: лася, казулі, аленя. Гэта прадукты, якія багатыя на бялок, вітаміны, макра- і мікраэлементы, што вельмі цэніцца прыхільнікамі здаровага спосабу жыцця і харчавання.

Прыцягвае ўвагу пажылы мужчына, што рэкламуе пакупнікам нейкую канцэнтраваную настойку на травах, якая, па яго словах, прыдае мужчынам сілы ды і нао-
гул з'яўляецца панацэяй амаль ці не ад усіх хвароб. На прылаўку раскладзены розныя зёлкі, карэньчыкі, травы, у слоіках — сушаныя грыбы, чарніцы, суніцы, мочаныя брусніцы.

— А ў вас, падобна, ныркі «барахляць»? — звяртаецца да мяне прадавец. — Раю купіць кветкі календулы ці бяссмертніку. А вось корань дуброўкі — найлепшы сродак ад хвароб страўніка, унутраных органаў. Лофант дапамагае выводзіць з арганізма солі цяжкіх металаў. Травы збіраю ў экалагічна чыстых мясцінах, у запаведніках, сам сушу, раблю настоі, адвары.

— У вас медыцынская адукацыя? — цікаўлюся ў суразмоўніка.

— Не, я па спецыяльнасці эканаміст, закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, гэта былы Інстытут народнай гаспадаркі. А народнай медыцынай цікаўлюся даўно.

— Ныркі ў мяне ў парадку ды і наогул на здароўе не скарджуся. Але дзякуй за кансультацыю, — развітваюся з народным лекарам.

Пакуль на рынку адкрыўся толькі першы паверх, і ён цалкам не запоўнены. Некаторыя секцыі яшчэ закрытыя. На адной шыльда, якая сведчыць, што тут будзе крама аднаго з рытэйлераў. Побач расчыніць дзверы магазін тавараў для жывёл.

— Чаму менавіта сюды прыехалі гандляваць? — спытала ў аднаго з прадаўцоў.

— Цікава было паглядзець, што гэта за комплекс, — кажа яна. — Спадабалася ўсё. Шмат прастору, святла. Побач з гандлёвымі месцамі ракавіны з вадой, што вельмі зручна, не трэба кожны раз бегаць у санвузел, каб рукі вымыць. Для разбірання мяса адведзены асобныя памяшканні, увесь працэс адбываецца без прысутнасці пакупнікоў.

— А вам спадабаўся новы рынак? — звяртаюся ў двух мужчын з ёмкімі пакункамі, якія кіруюцца да выхаду.

— Цэны прымальныя, зрэшты, як і ўсюды, а па некаторых пазіцыях нават танней, чым на іншых аб'ектах гандлю. Пажывём, пабачым, як яно будзе далей. Магчыма, калі прадукцыю пачнуць сертыфікаваць як экалагічна чыстую, цэны падскочаць. Зразумела, што вытворчасць арганічных прадуктаў патрабуе большых затрат, чым традыцыйных.

— А мне здаецца, што ў мінулыя выхадныя асартымент быў больш шырокі і разнастайны, а цэны ніжэйшыя, чым сёння, —
лічыць яго сябар.

— Добры рынак, усё тут сабрана ў адным месцы. Можна знайсці тое, што табе па кішэні. На такіх рынках мы бывалі толькі за мяжой. Ды і выкладка тавараў прыгожая, эстэтычная. У гандлёвай зале прасторна, шмат святла, — канстатуе маладая пара.

Перад тым як пакінуць рынак, я прадэзінфіцыравала і вымыла рукі над ракавінай, што ўстаноўлены ў зале. Гэта таксама клопат аб пакупніках, захаванні імі санітарна-гігіенічных правіл.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Валяр'янава супраць Камароўкі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.