Вы тут

Што кажуць псіхолагі аб тым, як неабходнасць закрываць палову твару змяняе наш свет


За лета і цёплы верасень-кастрычнік многія паспелі забыць пра маскі. Здавалася, што мы перажылі гэта, як перажылі многае за апошнія паўгода. Кожны дзень падкідваў такія навіны, што ўспамінаць аб першай хвалі «кароны» і пра тое, як мы прывыкалі насіць маскі, проста не было калі. І вось яны вярнуліся ў наша жыццё — падобна, для таго каб трывала і прынамсі на некалькі месяцаў стаць яго абавязковым атрыбутам. На гэтым тыдні масачны рэжым уведзены на тэрыторыі ўсёй краіны.

Маскі з гэтага часу абавязковыя ў любых грамадскіх месцах: у крамах і гандлёвых цэнтрах, у кафэ і піцэрыі, у аптэцы і паліклініцы, пры наведванні пошты і банка, кіно і тэатра, пры паездцы ў метро або таксі. Нароўні з тэлефонам, кашальком і ключамі медыцынская маска цяпер павінна быць у кожнага, хто выходзіць з дому.


Калі задумацца, нічога звышнатуральнага. Калісьці для дам лічылася непрыстойным выходзіць з дому без капялюшыка і пальчатак. А да гэтага мужчыны і жанчыны насілі парыкі. І нашэнне маскі — гэта проста новы этыкет. Пагадзіцеся, у сучасным грамадстве сёлета маска стала своеасаблівай адзнакай адукаванага, сацыяльна адказнага чалавека. Яна «раскажа», што вы клапоціцеся пра сваё здароўе і для вас важнае таксама здароўе суграмадзян, што выпадкова ці не апынуліся побач з вамі. Акрамя таго, яна спрыяе зніжэнню панікі — калі хтосьці баіцца захварэць, медыцынскія маскі на тварах навакольных падораць яму адчуванне большай бяспекі і кантролю над сітуацыяй.

Пры гэтым на пытанне, ці сапраўды маска здольная абараніць ад «ковіда» і больш традыцыйных рэспіраторных захворванняў, медыкі не адказваюць адназначна «так». Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што медыцынская маска не здольная на 100 % абараніць чалавека ад віруснай інфекцыі. Яна затрымлівае часцінкі сліны, у якой могуць быць мікробы. Але ж вірус трапляе ў арганізм чалавека не толькі праз рот, але і праз вочы, ранкі і мікратрэшчыны на скуры, брудныя рукі. Ды і маскай трэба яшчэ ўмець карыстацца. Каб ахова была трывалая, медыцынскую маску трэба мяняць кожныя дзве гадзіны (што робяць далёка не ўсе), а аксесуар з тканіны — яшчэ часцей (выкарыстаны — мыць ў гарачай вадзе з мылам). Так што медыцынская маска ў першую чаргу служыць напамінам пра тое, што варта вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю, часцей мыць рукі і не чапаць імі нос і рот. Больш эфектыўную абарону даюць рэспіратары, але іх на нашых вуліцах пакуль няшмат. Зрэшты, маскі абараняюць не настолькі надзейна, як хацелася б, або не, але насіць іх трэба — горш не будзе. Тым больш што «бязмасачнага» наведвальніка цяпер могуць настойліва папрасіць пакінуць тую ці іншую ўстанову. За масачны рэжым у арганізацыях адказваюць кіраўнікі ўстаноў, і калі імі будзе прынята адпаведнае рашэнне, чалавека без маскі могуць і не абслужыць.

Ну, а псіхолагі кажуць аб тым, што неабходнасць для ўсіх і кожнага з'яўляцца ў грамадстве з закрытым тварам змяняе наш свет...

Да лепшага...

Уласна кажучы, маска як штодзённая дэталь «адзення» ўжо даўно стала нормай для многіх вялікіх гарадоў Азіі — у адным такім горадзе, як вядома, можа жыць больш людзей, чым ва ўсёй Беларусі. Яшчэ да «ковіднага» 2020 года людзі хадзілі ў масках у мегаполісах Кітая, Японіі, Тайланда, у Тайвані і ў Ганконгу. Псіхолагі кажуць, што неабходнасць нашэння масак цягне за сабой шэраг станоўчых перамен.

Правільнае дыханне. Эфект не зусім з вобласці псіхалогіі, хутчэй, з вобласці медыцыны. У нашым сырым і вільготным клімаце людзі з прычыны частай заложанасці носа з дзяцінства прывыкаюць дыхаць ротам. Частае ж нашэнне маскі спрыяе аднаўленню правільнага насавога дыхання: дыхаць ротам у масцы папросту нязручна. Насавое дыханне натуральным чынам паляпшае самаадчуванне і станоўча ўплывае на здароўе. Дзякуючы яму больш эфектыўна забяспечваецца кіслародам мозг (знікаюць мігрэні і некаторыя неўралагічныя праблемы), вентылююцца насавыя пазухі (зніжаецца верагоднасць развіцця гаймарытаў і сінусітаў), а таксама слыхавая труба і сярэдняе вуха (скарачаецца рызыка атытаў).

Больш эфектыўная праца. Маскі ўплываюць на рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу, адзначаюць псіхолагі.

— Неабходнасць нашэння масак у працоўных калектывах прыводзіць да таго, што людзі менш адцягваюцца на староннія размовы, флірт, сумесныя кава-паўзы, — кажа сямейны псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Такім чынам нашэнне масак ўплывае на павышэнне выніковасці работы калектыву. Людзі засяроджваюцца на працоўных задачах і выконваюць іх больш хутка і якасна.

Упэўненасць у сабе. Не сакрэт, што прыгожым людзям жывецца лягчэй, чым тым, каму не пашанцавала са знешнасцю. Яшчэ адзін «не сакрэт» — у тым, што Бог няроўна дзеліць: камусьці дастаюцца белыя зубы і правільныя рысы твару, камусьці — знешнасць «на аматара». І нават калі вам пашанцавала, старэнне нікога не шкадуе. Апошнія дзесяцігоддзі (нягледзячы на заклікі да бодзіпазітыву, «натуральнага старэння» і наогул умення «палюбіць сябе такой, якая ты ёсць»), прайшлі пад знакам імкнення да маладосці і знешняй дасканаласці. Жанчыны рознага ўзросту адбельвалі зубы, мянялі форму вуснаў і змагаліся з насагубнымі зморшчынамі пры дапамозе ін'екцый прыгажосці. Мужчыны ўсё часцей наведвалі касметалагічныя кабінеты і падстрыгалі дагледжаныя бародкі і вусы ў барбер-шопах. Маскі паказалі, што ўсё гэта — мітусня і марнасць.

— Можна выказаць здагадку, што нашэнне масак паступова скароціць колькасць комплексаў з-за знешнасці, — падкрэслівае гештальт-тэрапеўт Алена Чарных. — Маска шмат у чым ураўноўвае людзей з рознымі знешнімі данымі, і гэта безумоўны плюс.

Павышэнне адаптыўнасці. Маска дае магчымасць быць больш натуральнымі ў соцыуме — яна зніжае ўзровень трывогі, паколькі дадае прыватнасці. Даследчыкі пішуць, што маска падсвядома асацыюецца з safe space (ад англ. «абароненая прастора»), якая засцерагае ад небяспекі навакольнага свету. Такім чынам, нашэнне маскі павышае псіхалагічную пластычнасць і адаптыўнасць, асабліва ў некаторых напружаных сітуацыях, напрыклад, на экзамене, на сумоўі пры прыёме на работу, пры выступленні перад незнаёмай аўдыторыяй і г. д.

Рост самаацэнкі. Кожны нармальны чалавек хоча думаць аб сабе, што ён добры і харошы. Сумленны, надзейны, адказны. Надзяваючы маску перад тым, як адправіцца ў грамадскія месцы, чалавек такім чынам клапоціцца пра іншых — гэта ўносіць уклад у яго станоўчую самаацэнку і дазваляе думаць пра сябе як пра добрага чалавека, адзначаюць псіхолагі.

Адмова ад курэння. Паліць пры наяўнасці маскі нязручна — кожны раз, перш чым сунуць у рот цыгарэту, маску трэба здымаць. А пах тытунёвага «перагару» (непрыемны не толькі для людзей, якія не кураць, але і для курца), які «пасяляецца» ў масцы на твары, адчуваецца вельмі востра. І гэта, як адзначаюць псіхолагі, цалкам можа падштурхнуць да цвёрдага рашэння адмовіцца ад цыгарэт.

...І да горшага

Ёсць культуры, дзе спрадвеку прынята хаваць твары. Для славянскай культуры ўтойваць твар ніколі не было характэрна. Раней мы жылі сярод людзей з адкрытымі тварамі. Гэты год змяніў сітуацыю. І нашэнне масак, на думку некаторых псіхолагаў, цягне за сабой таксама і шэраг негатыўных наступстваў.

Людзі горш разумеюць маўленне суразмоўцы...

Камунікатыўны феномен «Эфект Мак-Гурка» ўпершыню быў апісаны ў 1976 годзе. Нейрабіёлагі адкрылі эфект, калі для некага рух вуснаў іншага чалавека не супадае з тым, што ён на самай справе кажа. З-за гэтага тое, што гаворыць адзін чалавек, і тое, што чуе другі (адрасат выказвання), зусім не супадаюць. Нашэнне масак не пакідае магчымасці для суразмоўцы бачыць рух вашых вуснаў — і гэта можа ўскладніць зносіны і зрабіць цяжкім данясенне сваіх думак. З аднаго боку, маска не дазваляе чытаць па вуснах і апрацоўваць невербальныя сігналы, якія пасылае суразмоўца. З другога, прыглушае голас — і гэта таксама абцяжарвае зносіны.

— Асабліва сур'ёзныя цяжкасці ў сувязі з нашэннем маскі адчуваюць людзі, што слаба чуюць. Яны прывыклі спадзявацца ў тым ліку на чытанне па вуснах, — адзначае Кацярына Алёхіна.

...І наогул горш разумеюць адно аднаго.

Як ужо гаварылася, маска абцяжарвае счытванне невербальных сігналаў з твару суразмоўцы. Без маскі рух вуснаў і твар у цэлым выдаюць настрой і перажыванні чалавека, які размаўляе з вамі. Але калі твар да вачэй закрыты, вызначыць пачуцці суразмоўцы становіцца больш складана. Твары здаюцца раўнадушнымі, і пра пачуцці, якія хавае «покер-фэйс», даводзіцца толькі здагадвацца.

Маска служыць напамінам, што чалавек чалавеку — прыхаваная пагроза. Некаторыя псіхолагі выказваюць занепакоенасць тым, што нашэнне масак (калі гэта стане нормай на гады і дзесяцігоддзі) з цягам часу можа спрыяць не толькі фізічнаму дыстанцыяванню людзей, але і псіхалагічнаму адчужэнню. Бо маска на твары іншага чалавека — напамін і сігнал, што гэты іншы можа прадстаўляць патэнцыйную небяспеку. Але гэтая думка — вельмі спрэчная.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Эфект маскі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.