Вы тут

Як навучыць школьніка вучыцца?


Як бы нi суцяшалi бацькi сябе тым, што адзнакi — не паказчык ведаў, практыка ўсё ж паказвае, што часцей на справе яны дэманструюць не толькi ўзровень ведаў, але i ўзровень матываванасцi дзiцяцi да развiцця. А што рабiць, калi ў яго няма жадання вучыцца? Цi калi жаданне з узростам знiкла? Як наогул дапамагчы маленькаму чалавеку? На гэтыя пытаннi адказала псiхолаг Мiнскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'i i дзяцей Вольга МАСКАЛЕНКА.


— У дзяцей не бывае ляноты, — лiчыць псiхолаг. — Да сямi гадоў у малых галоўным вiдам дзейнасцi павiнна быць гульня. Пасля сямi — вучоба, потым — работа. Калi дзiця легла на ложак i не хоча вучыцца, трэба разбiрацца, што было да гэтага. Можа, бацькi перагрузiлi гурткамi цi знiк кантакт з роднымi... Бывае, што ў малога нешта не атрымлiваецца цi ў яго праблемы з аднакласнiкамi i настаўнiкамi, а можа, павысiлася па нейкiх прычынах трывожнасць. У такiх выпадках нельга адназначна сказаць, што менавiта здарылася. Можна паспрабаваць разабрацца самiм бацькам, калi яны ў кантакце з дзiцем. Калi не, то лепш звярнуцца да псiхолагаў, якiя дапамогуць разабрацца ў праблеме iндывiдуальна. У iншых выпадках трэба працаваць з матывацыяй.

Дзяцiнства, на думку спецыялiста, доўжыцца да 25 гадоў. Да 12 гадоў — тыповае дзяцiнства, якое характарызуецца фантазiйным мысленнем. У гэтым узросце дзецi вераць у Дзеда Мароза ды феяў, i iм цяжка рэфлексаваць. Пасля iдзе падлеткавы перыяд, у гэтым узросце дзецi пачынаюць шуткаваць, падколваць дарослых, знiкае вера ў казкi. Аднак падлеткавасць — гэта не пра даросласць i прыняцце спелых рашэнняў. У 18 гадоў па пашпарце ў нашай краiне чалавек лiчыцца дарослым, але на самай справе — гэта ўзрост больш дарослага падлетка. Толькi прыкладна да 23 гадоў чалавек пры добрых умовах развiцця i правiльным пераадоленнi ўзроставых крызiсаў ужо навучыцца разумець, што ён адчувае, навучыцца выбудоўваць «дарослыя» межы i не парушаць чужых. У залежнасцi ад таго, як праходзiць перыяд дзяцiнства, могуць узнiкаць праблемы з матывацыяй да вучобы i ўвогуле развiцця. Матывацыя можа быць унутраная i знешняя.

— Калi ў дзiцяцi нешта добра атрымлiваецца, то ўзнiкае пачуццё задаволенасцi сабой i сваёй дзейнасцю, — тлумачыць Вольга Маскаленка. — Гэта дазваляе нарадзiцца ўнутранай матывацыi, якая можа датычыцца i дзейнасцi, i навучання. Напрыклад, у дзiцяцi добра атрымалася спячы пячэнне. Яму хочацца рабiць гэта яшчэ, а потым i паэксперыментаваць у гэтым кiрунку. Так спрацоўвае ўнутраная матывацыя i са школьнымi прадметамi. Такую матывацыю дарослым вельмi важна падтрымлiваць i падмацоўваць, даваць ёй развiццё i ўдасканальваць.

Каб падтрымаць развiццё ўнутранай матывацыi ў дзiцяцi, дарослым трэба стаць вельмi ўважлiвымi назiральнiкам. Нельга навязваць свае патрэбы дзецям. Прыкладна ў трохгадовым узросце ў дашкольнiка здараецца першы ўзроставы крызiс. Ён пачынае аддзяляць сябе ад мацi, адчувае, што яму не заўсёды хочацца рабiць тое, што яго просяць бацькi.

— Задача бацькоў — убачыць, што падабаецца рабiць малому, — лiчыць псiхолаг. — I паспрабаваць тое развiць. Гэта можа быць спорт, музыка, маляванне, лепка, канструктар, робататэхнiка ды ўсё, што заўгодна...

Знешняя ж матывацыя ўзнiкае ўжо з дапамогай людзей i нейкiх вонкавых сiтуацый. Гэта самая распаўсюджаная матывацыя ў нашых людзей. «Калi зараз не зраблю дамашняе заданне, то атрымаю двойку, а там i пакаранне ад бацькоў», — думае дзiця. I робiць часта не таму, што яму цiкава, а каб двойку не атрымаць.

З такой матывацыяй адносiны ў дзяцей вельмi няпростыя. Прыклад з музычнай школай. Многiя дзецi вельмi хочуць у яе паступiць, пачынаюць вучыцца i праз гады два ўжо мараць пакiнуць гэтую ўстанову.

— Калi дзiця не ўлавiла «кайф» ад пераадолення цяжкасцяў i атрымання вынiкаў, то так, хутчэй, i адбудзецца, — мяркуе спецыялiст. — Тут галоўнае для бацькоў — не перацiснуць! Захоча дзiця потым музыкай займацца, няхай займацца, калi падрасце i рашэнне будзе свядомае i ўнутрана матываванае. А дарослыя, калi вырашаюць, кiнуць дзiцяцi «музыкалку» цi не, таксама робяць выбар: заставацца бацькамi ў кантакце з дзiцем цi «нацiснуць» i страцiць добрыя адносiны. Канешне, вучыць пераадольваць цяжкасцi важна, але калi дарослы адчувае, што далей толькi «вайна», лепш адступiць. I паспрабаваць дзесяць кiрункаў дзейнасцi, але каб дзiця «гарэла» справай, а не давесцi адно, але адбiць жаданне наогул спрабаваць нешта новае.

Пасля 12 гадоў знешняя матывацыя становiцца больш значная для падлетка, чым унутраная. Акружэнне i сябры аказваюць велiзарны ўплыў на яго, таму бацькам так важна быць з дзiцем у кантакце i ствараць вакол яго пэўнае асяроддзе. Калi ж дзiця да 9 класа так i не вызначылася для сябе, чым хацела б займацца, можна падключыць да справы псiхолагаў-прафарыентолагаў. Яны дапамогуць знайсцi «зоны адоранасцi» дзiцяцi, «уключыць» унутраную матывацыю.

— I наогул у чалавека ўсё жыццё наперадзе, — упэўнена спецыялiст. — Нармальна i ўжо дарослым мяняць прафесii, здабываць новыя навыкi i спрабаваць рознае. Галоўнае, улавiць кантакт з патрэбай развiвацца i атрымлiваць ад гэтага стану асалоду.


Лайфхакi, якiя настрояць на вучобу

Рабочае месца

Усе ведаюць пра тое, што святло павiнна падаць збоку, а спiну трэба трымаць прама. Але на практыцы дарослыя самi часта чытаюць цi робяць працу лежачы. Дзецi робяць тое самае. I шмат губляюць, бо няправiльна ўладкаванае рабочае месца знiжае эфектыўнасць.

Вылучыце дзiцяцi асобнае месца для заняткаў — гэта дапаможа правесцi мяжу памiж вучобай i ўсiм астатнiм. Перыядычна звяртайце ўвагу на тое, каб на стале быў парадак. Кацярына Ленгольд у кнiзе «Проста космас» нагадвае: «Хаос на рабочым месцы абмяжоўвае здольнасць мозгу апрацоўваць iнфармацыю. Беспарадак «загружае» мозг, ствараючы шум, якi перашкаджае канцэнтравацца».

Планаванне

Адзiн з галоўных навыкаў у вучобе — планаванне. Калi не дапамагчы дзiцяцi авалодаць iм, то яно будзе дрэнна спраўляцца з заданнямi, не зможа ўкласцiся ў тэрмiны i нават можа страцiць упэўненасць у сабе. Планаванне не патрабуе шмат часу, дастаткова адводзiць 10 хвiлiн на складанне штодзённага плана. Усталюйце ў тэлефоне або на камп'ютары напамiны аб ключавых датах i тэрмiнах. Выбiрайце зручны варыянт для вашага дзiцяцi. Аднаму падыдзе раздрукоўка, iншаму — мабiльнiк.

Сачыце за адпачынкам!

Часам тэмп жыцця дзiцяцi ўражвае: школа, рэпетытары, курсы, секцыi... Ператамленне i выгаранне — пастка, якая чакае на шляху да поспеху загружанага малога. Таму абавязкова плануйце час для адпачынку i сачыце за рэжымам сну. Недахоп сну негатыўна адбiваецца на ўвазе, здольнасцi да мэтанакiраванай дзейнасцi, рабочай памяцi, настроi, лагiчным мысленнi i нават на маторыцы. Iдэальная колькасць сну не вызначана, але ў сярэднiм гэта 8 гадзiн для дарослых i не менш як 9 гадзiн для дзяцей.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Загаловак у газеце: Ва ўсiм вiнаватая матывацыя, або Як навучыць вучыцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.