Вы тут

Лаўрэат конкурсу «100 талентаў НАН Беларусі»: Калі ты навуковец, сумна ніколі не бывае


За 13 гадоў у Інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі Маргарыта Досіна абараніла кандыдацкую дысертацыю, стала лаўрэатам конкурсу «100 талентаў НАН Беларусі», дарасла да пасады вучонага сакратара і паступіла ў дактарантуру.

І галоўнае — ні разу не расчаравалася ў тым, што калісьці аддала перавагу не музыцы, а біялогіі.


— У дзяцінстве і юнацтве займалася па класе віяланчэлі і фартэпіяна, марыла аб тым, што прысвячу сябе тэорыі музыкі. Але ў сёмым класе пасля поспеху на алімпіядзе вельмі захапілася біялогіяй. Скончыўшы Магілёўскі абласны ліцэй № 1, паступіла на біяфак БДУ, — распавядае Маргарыта.

У Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі яна прыйшла, калі вучылася на пятым курсе БДУ. Лічыць, што ёй вельмі пашанцавала: і з навуковым кіраўніком, акадэмікам НАН Беларусі Уладзімірам Кульчыцкім, і пазней — з абранай тэмай для дысертацыі. Работу над кандыдацкай называе найбольш складаным, напружаным і разам з тым самым цікавым часам.

— Я даследавала, як уплываюць умовы мікрагравітацыі на рост і развіццё клетак — здаровых і пухлінных, — адзначае суразмоўніца. — Для правядзення эксперымента на Зямлі мадэляваліся ўмовы, аналагічныя касмічнаму палёту. Вынікі шмат у чым апынуліся нечаканыя. Пухлінныя клеткі запавольваліся, а здаровыя альбо не мяняліся, альбо паскаралі свой рост і дзяленне. Памятаю, якое шчасце адчула, калі абаранілася і маю работу высока ацанілі.

Нароўні з такімі даследаваннямі Маргарыта займаецца вывучэннем таго, як, не зніжаючы ўздзеяння хіміяпрэпаратаў на пухлінныя клеткі, абараніць ад іх пабочнага, таксічнага ўплыву здаровыя. Аказалася, гэта дасягальна пры спалучэнні хіміяпрэпаратаў з гетэрацыклічнымі злучэннямі. Удзельнічае яна і ў сумеснай рабоце навукоўцаў інстытута з траўматолагамі; высвятляе, як ствалавыя клеткі (у якасці дадатковага фактару, нароўні з традыцыйнай тэрапіяй) могуць паскорыць аднаўленчыя працэсы пасля траўмаў спіннага мозгу.

Малады навуковец ужо пачала рыхтаваць доктарскую, якую прысвеціць аартальным стэнтам, якія дазваляюць захоўваць цэласнасць артэрый.

Асноўная задача — прааналізаваць бяспеку іх прымянення, параўнаць айчынныя ўзоры з замежнымі аналагамі, вывучыць магчымасці таго, як зрабіць новыя тэхналогіі больш эфектыўнымі для медыцынскіх мэт.

— Навука — гэта спосаб жыцця, нельга быць навукоўцам з 9.00 да 18.00, — разважае Маргарыта. — Сапраўдны даследчык пастаянна ў стане пошуку. Безумоўна, бываюць складаныя перыяды, калі шукаеш і не можаш знайсці адказы на пытанні, якія цікавяць. Навука — адна з самых працаёмкіх сфер дзейнасці, і трэба праяўляць упартасць, не апускаць рукі, заставацца аптымістам. Затое калі дамагаешся, хай і невялікіх, вынікаў на сваім шляху, гэта натхняе і прымушае рухацца далей. А ўжо калі твая распрацоўка знаходзіць практычнае прымяненне, напрыклад, у медыцыне, то зведваеш ні з чым не параўнальнае пачуццё. Быць навукоўцам — неверагодна цікава. Ніколі не бывае сумна.

Маргарыта заўсёды ахвотна ўдзельнічае ў канферэнцыях. Асабліва падабаецца выступаць перад практыкуючымі ўрачамі, чуць іх меркаванні, іх бачанне праблем. Жывы дыялог дазваляе карэктаваць кірунак навуковых даследаванняў. У мінулым годзе як лаўрэат конкурсу «100 талентаў НАН Беларусі» Маргарыта наведала Вялікабрытанію, дзе падзялілася з калегамі вынікамі сваіх даследаванняў і атрымала ўдзячныя водгукі. Заадно пазнаёмілася з эксперыментальнай базай англійскіх даследчыкаў, асвоіла замежныя методыкі.

— Маргарыта — чалавек мэтанакіраваны, працавіты і на рэдкасць арганізаваны. Усё, за што яна бярэцца, робіць добра і своечасова. Паспявае займацца навукай, грамадскай работай (яна старшыня Савета маладых навукоўцаў аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі), аддае час сям'і, — кажа акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Кульчыцкі.

Сама гераіня перакананая: жанчыны ў навуцы могуць быць не менш паспяховыя, чым мужчыны, асабліва калі ў іх добры «тыл», калі блізкія шануюць і разумеюць іх працу і памкненні. У яе з гэтым таксама ўсё склалася.

Муж Аляксандр далёкі ад таго, чым займаецца Маргарыта, але ва ўсім падтрымлівае яе і разумее, калі той даводзіцца позна вечарам ці ў выхадныя пісаць навуковы артыкул, рыхтавацца да канферэнцыі.

Прафесіі ў Аляксандра і Маргарыты розныя, але погляды на жыццё, каштоўнасці, прыярытэты падобныя. Свой вольны час яны прысвячаюць тэатрам, музеям, падарожжам, лецішчы. Сама Маргарыта цяпер садзіцца за фартэпіяна ўжо рэдка, значна часцей слухае вядомых выканаўцаў. Музыка для яе — крыніца натхнення. У тым ліку і да навуковай творчасці.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.