Вы тут

Пачаў работу традыцыйны выставачны праект «Новы год. Анталогія свята»


Учора ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачаў работу ўжо традыцыйны выставачны праект «Новы год. Анталогія свята». На выстаўцы можна даведацца шмат незвычайнага пра тое, што лічыцца звычайным для Новага года. Архіўныя фотафакты і сведчанні размяшчаюцца побач з праектамі сучасных беларускіх мастакоў.


Так, у праекце «Снежань. № 12» Алена Данброва даследуе, якім чынам навагоднія трыдыцыі і стэрэатыпы захоўваліся і падтрымліваліся праз СМІ. За аснову аўтарка ўзяла выніковыя снежаньскія выпускі часопіса «Работніца і сялянка» за перыяд з 1950 па 1965 год. Да часопіса дадаюцца старыя фотаздымкі, якія даюць магчымасць больш дэталёва адчуць атмасферу таго часу. Паколькі свята абавязкова прадугледжвае асабістую прысутнасць і ўдзел, яно звязана з вяртаннем дадому і ўз'яднаннем з блізкімі. На выстаўцы можна ўбачыць шмат фотаздымкаў, якія з'явіліся тут шляхам адкрытага збору, з сямейных архіваў. Па іх наведвальнікі могуць прасачыць і параўнаць, якімі былі савецкія і постсавецкія навагоднія святкаванні ў другой палове мінулага стагоддзя.

Паколькі свята — гэта заўсёды гульня са сваімі правіламі, то праект «Персаніфікацыя селядзечніцы» Юрыя Тарэева, відэа «Дыхай» Аляксандры Салдатавай, карнавальная серыя Віктара Саўчанкі, работы іншых аўтараў, у тым ліку з музейнага збору НЦСМ, дапамогуць даследаваць рытмы і сімвалы Новага года. А вось фотапраекты Альфрэда Мікуса і Віктара Ведзеня прысвечаны адраджэнню ў сучаснай Беларусі старажытнага абраду калядавання.

Выстаўка будзе цікавая і для дзяцей, якія даведаюцца, напрыклад, што ў сябе ўключае абрад калядавання і чаму ён такі важны для беларусаў, а таксама змогуць памаляваць акурат у выставачнай зале сярод твораў мастацтва. А дарослыя здзейсняць своеасаблівае падарожжа ў мінулае, згадаюць эмоцыі дзяцінства, калі верыш у цуды. Выставачны праект працягнецца да 7 лютага наступнага года. Інфармацыю пра суправаджальную праграму адсочвайце на сайце і на старонках НЦСМ у сацыяльных сетках.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.