Вы тут

Цёплыя апавяданні ў халодную пару


Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

г. Брэст

 

Шаснаццатая

Шаснаццатая скрыня заўсёды была пустая. Паштовы «апендыкс» пятнаццацікватэрнага пад’езда пастаянна забіваўся смеццем. І тата перажываў. Я тэлефанавала яму, пыталася:

— Як справы?

І ён казаў:

— Дрэнна! У пустой скрыні зноўку пакамечаныя паперкі, пясок, парэзаная гума і нейкія запчасткі ад старога гадзінніка...

— А што ў свеце? Што там па тэлевізары? — я аддалялася ад татавага мікрасусвету.

— Не глядзеў, бо ціск узняўся! — хмурнеў тата. Дакладна хмурнеў — я гэта адчувала.

— Не думай пра дробязі! У Еўропе — чуў? Паводка... У Ірландыі вулкан прачнуўся! А яшчэ малакавоз перавярнуўся... Не памятаю дзе, але перавярнуўся, а тут звычайная паштовая скрыня, добра прымацаваная, спакойна вісіць ды яшчэ багацее на ўсялякі хлам, — супакойвала я.

— Акрамя мяне ніхто пад’езд не прыбірае, — злаваўся тата.

— Ты таксама не прыбірай! Навошта ў тваім узросце напружвацца...

— Дык прыбіраць няма каму, — упарціўся ён. — У Ірыны з пятай кватэры дзетак трое, Сямёнавы паўгода як на дачы жывуць, Пятровы...

— Тат, мне таксама няма калі, — я паглядзела на гадзіннік, — давай я табе сабачку куплю, будзеш з ім гуляць...

— А калі памру, куды вы яго? Табе ж няма калі, — уздыхае тата.

Цяпер ужо я цяжка ўздыхаю.

— А давай заўтра мы прыедзем і адпілім гэтую скрыню ад секцыі...

— Справа не ў скрыні, — сумным голасам сказаў тата. — Учора мне дзвярное вочка хтосьці заклеіў. Спецыяльна! Помсцяць за парадак.

— Тат, беражы сябе, ну іх усіх! — усхліпнула я.

Папін дэтэктыў з шаснаццатай скрыняй сядзеў у мяне ў галаве да ранішняй кавы. За пяцьдзясят пяць гадоў столькі жыхароў змянілася ў доме... «Цікава, хто гэты злодзей, які рэжа гуму, жуе паперу, збірае іржавыя цвікі і аскепкі шкла? Дарэчы, яшчэ там былі арэхі і пабіты гадзіннік, — разважала я... да першай лыжкі цукру. Потым кава стала салодкай, зазвінеў мабільнік…

Позна ўвечары зразумела, што забылася патэлефанаваць тату. Сэрца трывожна ёкнула. Узгадала паштовую скрыню і тое, як мы на пачатку дзевяностых усім пад'ездам рабілі рамонт. Мужчыны сцены і парэнчы фарбавалі, жанчыны фіранкі на вокны пашылі, былі і кветкі ў самаробных гаршках. Стала шкада тату. Усё лета перажывае з-за гэтай скрыні. Ціхенька паплакала. Напісала яму СМС: «Не спіш?»

У адказ прыляцела карцінка з задаволеным мульцяшным катом і кароткае «Зараз патэлефаную».

Правадны тэлефон падаў голас.

— Тат, як ты? — узняла я трубку.

— Цяпер я ведаю, хто разводзіць бруд у шаснаццатай!

Па голасе зразумела, што ён шчаслівы.

— А я адразу казала — трэба ў міліцыю тэлефанаваць!

Тата задаволена засмяяўся:

— Самі басякі прыйшлі, і цяпер я згараю ад сораму!

— ???

— З пяцігадовымі дзецьмі ваяваў, — весела адказаў тата.

— ???

— Учора пазваніў у дзверы Ірчын хлапчук, а побач з ім карапузы стаяць, значна меншыя. Рукі ў бакі, бровы панасуплівалі, сур’ёзныя такія: «Дзядуля, ты навошта наш штабік усё лета разбураеш?» — «Які штабік?» — кажу я. «Шаснаццаты», — кіўнуў на скрыню малы. «Ах, дык гэта вы шкоднічаеце!» — раззлаваўся я. А малы кажа: «Гэта не шкода, а абломкі касмічнага карабля і марсіянскі грунт — мы яго вывучаем ў спецыяльнай лабараторыі», — малеча паказаў скрынку ад абутку.

Заўтра ў штабік цукерак пакладу, — задаволена сказаў тата. — Будучым навукоўцам неабходна салодкае.

— Лепш вафлі «Чарнаморскія». Хай мараць на наступны год з’ездзіць да мора! — усміхнулася я.

Засынала спакойна, бо прыдуманыя марсіяне ведаюць толк у караблях і ў тым, куды і калі трэба прызямліцца, каб усе былі шчаслівыя.

 

Непаслухмяны

У далёкіх паездках нішто так не палохае, як выпадковыя спадарожнікі. «Асаблівы падарунак» у дарогу — чужыя дзеці. Трохгадовы Мікіта з першых хвілін заняў усю прастору аўтобуса. Спачатку ён атакаваў прысутных віскам і крыкам. Але большасць слухачоў хутка прывыклі да яго адвольнай праграмы, і ён прыняўся за тых, хто быў ізаляваны ад прагляду прадстаўлення. Нікіта ўзяўся за моладзь: з незвычайным энтузіязмам падбягаў да студэнтаў, зрываў з іх навушнікі, пасля чаго дарыў цёплую ціхую ўсмешку і тут жа нечакана на вуха «жахаў», як студзёнай вадой з вядра, сваёй пранізлівай крычалкай.

Астраўком спакою і абыякавасці была толькі мама хулігана. Прыкрыўшы вочы, яна рабіла выгляд, што дрэмле. Праз паўгадзіны нашага падарожжа рэпертуар маленькага артыста рэзка змяніўся: свабоды здалося мала і дзіця гучна, працягла і манатонна заплакала, тупаючы нагамі і стукаючы маленькімі кулачкамі па мамчыных каленках.

Гледачы падзяліліся на два лагеры. Адны папракалі матулю за няўменне выхоўваць дзіця, іншыя шкадавалі яе. Маладая жанчына крыва ўсміхалася, патупіўшы позірк. Ці то гэта была ахоўная рэакцыя яе арганізма, ці то яна сама здзеквалася з усіх, цяжка было сказаць.

Але пажылая дама з бэзавымі, кучаравымі і пухнатымі да празрыстасці валасамі затрэслася ад абурэння:

— І не сорамна вам?! Увесь аўтобус у закладніках у вашага дзіцяці!

Мікіта не застаўся ў даўгу і, зваліўшыся ў праём паміж радамі, аглушальнымі крыкамі пачаў абараняць анямелую, спалоханую матулю.

— Трэба непаслухмянага хлопчыка і яго маму ў лесе высадзіць! Хай іх ваўкі з’ядуць! — пажартаваў сур’ёзны мужчына ў касцюме і акулярах.

Але Мікіта выдатна разумеў злую іронію незнаёмца і не думаў здавацца.

Паводле ўсіх законаў тэатра, у такі момант павінна было адбыцца нешта нечаканае і вострае. І тут зашаргацела газета...

Выратавальніца пасадзіла малога на калені і ціхенька прашаптала:

— Мяне завуць Валянціна Дзмітрыеўна. І я чытаю вельмі цікавую газету. Адгадай, як яна называецца?

Хлопчык здзіўлена і зацікаўлена паглядзеў на жанчыну.

— А ну давай хуценька знойдзем яе назву... Дзе яна тут схавалася? Ты ж такі разумненькі, кемлівы! Будучы выдатнік.

Мікіта ўмомант падцягнуўся, уважліва паглядзеў на сваю настаўніцу і дзелавіта сказаў:

—Я ведаю, у пачатку будзе назва, давайце пагартаем...

— Давай пагартаем, — паўшэптам паўтарыла Валянціна Дзмітрыеўна.

Пасля Мікіта шукаў у загалоўках літары «а», «о» і «у», лічыў старонкі, меркаваў, да якіх падзей размешчаны фотаздымкі, і распавядаў, пра што б ён напісаў у газеце. А праз пятнаццаць хвілін наш забіяка заснуў моцным сном.

— Хутка, аднак, вы яго абяззброілі! — усміхнуўся мужчына ў акулярах. — Вы, напэўна, педагог.

— Увага — вось што абяззбройвае! — усміхнулася Валянціна Дзмітрыеўна. — Усе любяць, каб да іх ставіліся ўважліва… А па прафесіі я садавод...

Я заплюшчыла вочы і ўявіла летні духмяны сад Валянціны Дзмітрыеўны. Як пяшчотна ветрык гайдае цяжкія галінкі з сакавітымі чырвонымі яблыкамі, а потым буйныя кроплі цёплага жнівеньскага дажджу… Насычаныя пахі яблычнага павідла, кампоту. «Вось прыеду дахаты і адразу куплю першых смачных яблыкаў, — скрозь дрымоту падумала я, — усе вечарам будуць стомленыя, знерваваныя, а я да дамачадцаў з вітамінамі Увагі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.