Вы тут

Як рыхтуюцца да Новага года і каго чакаюць у госці жыхары невялікіх аддаленых вёсак


Зараз усе актыўна рыхтуюцца да навагодніх свят. Жыхары вялікага горада наведваюць гандлёвыя цэнтры, купляюць падарункі, карэктуюць планы святочных сустрэч на прадмет таго, з кім убачыцца асабіста, а каго павіншаваць у рэжыме анлайн. Гаспадыні набываюць прадукты, абдумваюць меню, каб парадаваць блізкіх.

Адным словам, прывычным перадсвяточным вэрхалам ахоплены вялікія і малыя гарады, пасёлкі, аграгарадкі. А як сустракаюць свята жыхары маленькіх вёсачак на ўскраінах? — задалася я пытаннем і патэлефанавала некаторым героям сваіх матэрыялаў. Яны расказалі.


Дочкі прыедуць

Воль­га Гры­цук.

Вольга Грыцук жыве ў вёсцы Манцы Пружанскага раёна. 88-гадовая Вольга Максімаўна — энергічная, рухавая, працавітая, усмешлівая жанчына. У свой час за работу ў калгасе атрымала ордэн «Знак Пашаны». Са сталых жыхароў іх маляўнічай вёскі на ўскрайку пушчы засталіся два чалавекі — яна і суседка Валянціна, ёсць некалькі дачнікаў. Аўдавела Вольга Максімаўна некалькі гадоў таму і жыве адна. Але ж бабуля яна багатая — мае пяць унукаў і 12 праўнукаў. Адна дачка жыве ў суседняй вёсцы, другая — у горадзе.

— Дочкі, вядома, прыедуць, — гаворыць Вольга Максімаўна, — яны і цяпер заязджаюць. А сама з пачатку другой хвалі эпідэміі нікуды не выходжу, нават у царкву рашыла на гэты час не ездзіць. Па ўзросце я ж у першай групе рызыкі, таму палічыла неабходным прыняць усе меры засцярогі. Хату да свята я самастойна падрыхтавала. Дачка прыехала і здзівілася: «Вой, у цябе поўны парадак!» Ну а што, я парадак люблю, і паціху самастойна яго навяла. Працаваць з дзяцінства прывучаная, пакуль сілы дазваляюць, раблю па доме і на прысядзібным участку, курачак трымаю. Вунь сусед мой прыедзе, дачнік Барыс, яек яму занясу, пачастую. Ён нам таксама ва ўсім дапамагае.

Раней мае ўнучкі, праўнучкі з Мінска прыязджалі, — працягвае пенсіянерка. — Весялосць у хаце, радасць. А цяпер хіба па мабільніку пазвоняць і павіншуюць. Не хочуць рызыкаваць маім здароўем, вось і не едуць. Буду святкаваць Новы год адна ў спадзяванні, што налета ўсё будзе інакш, ну а на Каляды, вядома, дачка з зяцем прыедуць. Толькі б усе былі здаровыя.


Удваіх — добра

Мі­ка­лай Ка­пань­ка.

У вёсцы Зеляніца Маларыцкага раёна жывуць працавітыя сужэнцы Надзея і Мікалай Капанькі. Былы калгасны шафёр у свае 83 гады водзіць уласны аўтамабіль і не мае праблемы, калі трэба пад'ехаць па справах у горад ці ў сельскі Савет. Вось і падчас нашага наведвання пашкадаваў, што няма дома гаспадыні, бо напярэдадні завёз яе ў бальніцу ў Олтуш на планавае лячэнне.

Але хораша расказаў пра вёску, пра сваю сям'ю. Бацька Мікалая Міхайлавіча загінуў на вайне, а маці паднімала трох малых адна. А вось цяпер яны на пенсіі з Надзеяй Васілеўнай ні дня не сядзяць без справы, зрабілі свой падворак, можна сказаць, узорным: вырошчваюць мноства кветак, што цвітуць з вясны да позняй восені. Дарэчы, абодва за работу ў калгасе маюць дзяржаўныя ўзнагароды, а сёлета адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця.

На гэты раз пагаварыць удалося з гаспадыняй. Надзея Капанька сказала:

— Хутчэй за ўсё, будзем святкаваць удваіх. Самі ведаеце, з якой прычыны цяпер дзеці і ўнукі не часта праведваюць. У нас усё ёсць, аўтакрама два разы на тыдзень, пошта прыязджае да нас. Ды і сам муж можа ў магазін падскочыць, калі спатрэбіцца што купіць. Так што стол прыгатую: і сабе, і катам хопіць. Гадуем тут цэлую каціную ферму, — засмяялася суразмоўніца. — Так ужо выйшла. Хата нашая стаіць на рагу вёскі, пры самай дарозе. Вось некаторыя гараджане едуць у лес у грыбы ды і выпусцяць з машыны кацяня, якое іхнім дзецям надакучыла. І не вытрымліваем, каб не пакарміць такога няшчаснага катка. Раз пакорміш, ён і застанецца. Вось так ужо шэсць катоў і назбіралася.

За паромнай пераправай

Зоя Алех­нік.

Зоя Алехнік у Драгічынскім раёне жыве не проста ў маленькай вёсцы, але ў вёсцы за паромнай пераправай. Зоя Андрэеўна расказвала гісторыю, якая ўжо стала амаль вясковай легендай, як у іх збіраліся пабудаваць мост, каб звязаць вёску з «вялікай зямлёй» ды... перадумалі. Тады Навасёлкаўскі рыбгас быў эканамічна моцнай гаспадаркай, узводзілі нават жыллё для яго работнікаў. Але тагачасныя кіраўнікі чамусьці адмовіліся ад ідэі ўзвесці мост цераз раку, бо баяліся, што стане шмат ахвотных красці рыбу. У выніку мост не зрабілі, рыбгас паціху стаў страчваць былыя пазіцыі, і вёска пачала згасаць. Цяпер зносіны з усім навакольным светам Навасёлкі ажыццяўляюць з дапамогай паромнай пераправы. У вёсцы засталося некалькі пенсіянераў ды дзве сям'і працаздольных людзей. Пра сябе Зоя Андрэеўна сказала, што багатая на ўсю акругу: мае пяць дачок, пяць зяцёў, дзевяць унукаў, адзінаццаць праўнукаў.

— Прывыкла ўжо тут, за паромам, — разважае 80-гадовая жыхарка Навасёлак. — Аўтакрама да нас тры разы на тыдзень ходзіць. Праўда, зараз прадавец памянялася. А ранейшая, Рая, была нам як родная. Прывязе не толькі прадукты, якія толькі пажадаем, але і ў аптэку сходзіць, лекі купіць, калі што па гаспадарцы трэба, у гаспадарчы магазін забяжыць. Спадзяёмся, што і новая супрацоўніца будзе такая. Адным словам, да свята ёсць дзе купіць. Мая галоўная праблема — здароўе, ногі баляць, хаджу з цяжкасцю. Але ж на свята адна не буду. Побач жыве дачка з зяцем. З імі будзем адзначаць. У іх два дарослыя сыны. Ужо ВНУ скончылі, працуюць. Хлопцы выраслі працавітыя, шкодных звычак не маюць, усе выхадныя ў вёску едуць, каб бацькам дапамагчы. Так што ёсць нагода парадавацца, што добрыя дзеці, унукі, праўнукі выраслі, а гэта і ёсць свята для мяне.

Унучка з Італіі пазваніла

Ма­рыя Дзям­чук

Марыя Іванаўна Дзямчук жыве ў аддаленай вёсцы Маларыцкага раёна з цікавай назвай Ацяты. Яна расказала легенду пра назву, якая тут перадаецца з пакалення ў пакаленне. Казалі, што мясцовы пан, які жыў у Арэхаве, высылаў сюды асабліва свабодалюбівых, непакорных жыхароў. Па-руску Отяты значыць «оттятый, отрезанный». І праўда, некалькі сем'яў нібы адрэзалі ад свету, пасяленне ўтварылася ў лесе ў балоцістай мясцовасці, аддзеленае ад дарог. У іх нават пры савецкай уладзе ў апошніх правялі святло, у апошніх з'явілася радыё. Лясное месцазнаходжанне вёскі стала горам падчас акупацыі. За сувязь з партызанамі расстралялі 20 жыхароў.

Цяпер ёсць добрая дарога, рэгулярна прыходзіць аўтакрама, а вось жыхароў засталося зусім мала. Марыя Іванаўна жыве адна. Сям'я ў яе цудоўная, усе прыязджаюць, клапоцяцца, тэлефануюць.

— Звоняць мне кожны дзень: як ты там жывеш? І ўнучка з Італіі пазваніла. Кажу, жыву яшчэ, вірус той кіем адганяю. Вось бачыце, якая навала на людзей прыйшла, — бядуе суразмоўніца. — Мае ўсе захварэлі: і ў Брэсце, і ў Мінску. Забараніла ўсім прыязджаць. Нават тым, хто паправіўся. Я тут перасяджу адна, паспеем убачыцца, пагаварыць. Галоўнае, каб усе былі здаровыя. Летам маё 80-годдзе спраўлялі, усе-усе сабраліся, толькі ўнучка з Італіі не прыехала, хоць збіралася. Але ж з-за гэтай пандэміі давялося планы памяняць. Цяпер вышываю ды малюся. Прашу ў Бога здароўя для родных і блізкіх, для ўсіх людзей. Няхай гэта немач сыдзе ад нас, каб мы ўсе не баяліся сустракацца, святкаваць вялікімі кампаніямі, каб усе, хто захварэў, паправіліся. Гэта цяпер самае галоўнае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Прэв’ю: freepik.com

Загаловак у газеце: «Вірус кіем адганяю»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.