Вы тут

Алена Панкратава: «ЭКА дае нам шчасце мацярынства»


Многія беларускія жанчыны з хваляваннем і надзеяй чакаюць прыняцця ўрадам дакумента, дзе будуць канкрэтызаваныя ўмовы на бясплатную працэдуру экстракарпаральнага апладнення (ЭКА), што прадугледжана ва ўказе «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян».

З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца жанчынам на шляху да жаданага мацярынства? Як правільна клапаціцца пра сваё жаночае  здароўе? Пра гэта чытачам «Алесі» сёння

расказвае загадчыца аддзялення планавання сям'і медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ», гінеколаг-рэпрадуктолаг з 23-гадовым стажам Алена Панкратава.


Кар'ера або дзеці

Сёння жанчын, якія пасля 35 гадоў плануюць мацярынства, становіцца ўсё больш. Ці можна іх папракаць, што перш яны імкнуцца атрымаць сур'ёзную адукацыю, зладзіць кар'еру, а потым ужо ў іх планах нараджэнне дзіця? Напэўна, варта ўлічваць розныя акалічнасці. Жанчыны імкнуцца сваёй працай стварыць матэрыяльную базу для забеспячэння догляду нованароджанага і для яго далейшага выхавання. А гэта, па сутнасці, клопат і пра будучыню дзіцяці, і пра яго здароўе, і пра састарэлых бацькоў, якім даецца магчымасць «пажыць у сваё задавальненне». Сёння хутчэй выключэнне, чым правіла сітуацыя, калі бабулю ставяць перад фактам «вось табе ўнук!» і яна вымушана адкінуць убок уласныя жаданні і вырашаць праблемы маладой сям'і.

Як вядома, тэндэнцыя позняга мацярынства прыйшла да нас з заходніх краін, дзе гэта абгрунтавана шэрагам абставін: кароткі дэкрэтны адпачынак, у сярэднім да 6 месяцаў, боязь страты кваліфікацыі і адпаведна рэйтынгу на рынку працы, адсутнасць традыцый няньчыць унукаў бабулямі, бо маладыя сем’і жывуць самастойна, а для догляду дзяцей запрашаюць няню...  Заканамерна, што жанчына там старалася набыць фінансавую ўстойлівасць, забяспечыць сябе матэрыяльна. Аднак каб усяго гэтага дамагчыся, заявіць пра сябе ў прафесіі, атрымаць добрую пасаду і зарплату, павінна было прайсці некалькі гадоў.

Позняе мацярынства дало пэўную бяспеку матэрыяльнага характару. Але неспадзявана для многіх выявілася іншая сур'ёзная праблема: ёсць кватэра, ёсць машына, ёсць поўнае паразуменне з каханым чалавекам, а вось дзіця нарадзіць не атрымліваецца.

Ці толькі ўзрост?

Магчыма, вы ведаеце, якімі былі жаночыя размовы нашых мам і бабуль. Па сакрэце яны з сяброўкамі абмяркоўвалі пытанне, як «не заляцець», засцерагчыся ад непажаданай цяжарнасці. Сёння ж паспяховыя, эфектныя дамы цікавяцца адна ў адной, што зрабіць, каб «заляцець». І гэта сапраўды вельмі актуальная для нашага часу праблема. Калі раней у выніку абортаў асноўнай прычынай немагчымасці зацяжарыць была непраходнасць маткавых труб, то сёння дамінуе эндаметрыёз. Зараз  гэта адно з самых часта сустракаемых захворванняў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, вынікам якога можа быць бясплоднасць.

Сярод іншых прычын ненаступлення цяжарнасці да 50 % сёння вырас мужчынскі фактар. За апошнія дзесяцігоддзі нормы паказчыкаў спермаграмы мяняліся два разы: яны паступова зніжаюцца. Нормы ўстанаўлівае Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Гэта значыць, што ва ўсім свеце існуе такая праблема — не толькі ў беларускіх мужчын, але і ў еўрапейцаў, кітайцаў, афрыканцаў, лацінаамерыканцаў.

Асноўнай прычынай спецыялісты называюць негатыўны ўплыў стрэсаў, у якіх людзі жывуць сёння практычна штодня. Гонка за дасягненнямі нейкіх мэтаў і вырашэнне нейкіх задач ідзе пастаянна. Побыт нашых бацькоў быў больш спакойны. З медыцынскага пункту гледжання для паўнавартаснага палавога жыцця важна больш увагі надаваць як уласнаму адпачынку, так і псіхалагічнаму камфорту ўсіх членаў сям'і.

Небяспекай для шчаслівага мацярынства таксама могуць стаць раннія палавыя адносіны. Хтосьці не праміне запярэчыць, што ў мінулым стагоддзі дзяўчаты наогул выходзілі замуж у 15-16 гадоў. Але ж яны і нараджалі затым хутка! А сёння юная лэдзі вымушана працяглы перыяд засцерагацца ад цяжарнасці, і гэта верагоднае бясплоддзе ў далейшым: ​​працяглая кантрацэпцыя часта негатыўна ўплывае на жаночую рэпрадуктыўную сістэму.

Акрамя таго, пры раннім пачатку палавога жыцця жанчына як правіла змяняе некалькі партнёраў. Юнацкае каханне рэдка становіцца адзіным на ўсё жыццё. А шмат партнёраў — гэта істотная рызыка палавых інфекцый, і гэта складаны імуналагічны фактар.

Прычыны бясплоддзя разнастайныя, таму важна вызначыць іх для кожнай канкрэтнай пары.

Прырода супраць

Узрост дзетараджэння, які ўстанавіла для жанчыны маці-прырода, на жаль, чалавеку змяніць не пад сілу. Росквіт рэпрадуктыўнай жаночай сістэмы прыпадае на 18—27 гадоў. І зусім дарэмна сучасныя адукаваныя жанчыны на гэты факт заплюшчваюць вочы.

Сёння вельмі развіта індустрыя прыгажосці: касметалогія, пластычная хірургія, шматлікія амаладжальныя працэдуры і спосабы. Жанчыны ў 50 гадоў выглядаюць проста чароўна: і скура, і постаць іх выклікаюць заканамернае захапленне. Дзякуючы сучасным сродкам догляду і магчымасцям захаваць на доўгі час жаночую прывабнасць,  вонкава мы значна маладзей, чым нашы папярэдніцы ў такім жа ўзросце.

Аднак наша фізіялогія застаецца ранейшай: рэпрадуктыўная сістэма жанчыны і сёння схільная да ранняга старэння, функцыі яечнікаў не захоўваюцца так доўга, як знешняя прывабнасць. Часам прыгожая маладжавая дама абураецца, што ўрач ёй піша «позні рэпрадуктыўны ўзрост». Але гэта правільны тэрмін. Прырода ўстанавіла свой графік, і жанчыне важна ведаць і памятаць аб ім. У 40 гадоў нарадзіць першае дзіця — шанц вельмі нізкі. У 35 гадоў — ужо крытычна для першага мацярынства. Нават у выніку ЭКА з узростам верагоднасць зацяжарыць зніжаецца. У жанчын да 35 гадоў гэтая верагоднасць ацэньваецца ў 50 %, а пасля 35 гадоў — ужо толькі ў 30 %.

Яшчэ адзін аспект, які патрабуе ўвагі: жанчыны з узростам набываюць шэраг захворванняў, улічваючы хуткасны і нервовы тэмп сучаснага жыцця, праблемную экалогію. Вынасіць і нарадзіць дзіця для іх ужо азначае  падвергнуць сваё здароўе вялікаму выпрабаванню і рызыцы. Пасля родаў здараецца, што ўзнікаюць новыя хваробы, а прычынай іх называюць не агульны дрэнны стан свайго здароўя, а праведзенае ЭКА. Медыцынскія даследаванні не пацвердзілі такіх меркаванняў.

Крыху пра страхі

Зараджэнне новага жыцця — заўсёды таямнічасць, таму нармальна, што людзі адчуваюць пэўны трапяткі страх перад працэдурай ЭКА. Усё ж такі не божы промысел, а ўмяшанне лекараў.

Перш за ўсё жанчыны хвалююцца, што ў іх зацяжарыць «не атрымаецца». На жаль, пакуль мы маем справу не са 100-працэнтным метадам лячэння, хоць за гады маёй працы ў сферы экстракарпаральнага апладнення лічбы павялічыліся з 30 да 70 %.

Метад нятанны, і ёсць іншы страх: заплаціць столькі грошай, а акажацца, што ўсё дарэмна... Але ці ёсць у вас іншыя варыянты стаць маці? Урач-рэпрадуктолаг звычайна ўсебакова даследуе стан жанчыны і яе партнёра і найперш прапаноўвае кансерватыўныя метады лячэння бясплоддзя. Мне, напрыклад, заўсёды цікавей «зацяжарыць» пару без ЭКА — вось дзе сапраўднае мастацтва доктара!

Калі вынікаў няма, тады выбіраюцца дапаможныя тэхналогіі: унутрыматачная ісемінацыя, экстракарпаральнае апладненне і інш. Вядома, бываюць такія медыцынскія паказанні, калі пачынаем адразу з ЭКА. Галоўнае — давяраць урачу, працаваць над вырашэннем праблемы разам.

Другі часты страх — «гэта балюча». Сёння ўсе працэдуры здзяйсняюцца ў тандэме рэпрадуктолаг — анестэзіёлаг. Самы балючы момант у ЭКА — забор яйцаклетак, ён адбываецца пад унутрывенным наркозам. Непрыемныя адчуванні могуць быць падчас гарманальнай стымуляцыі і пасля пункцыі яечнікаў, але любая, нават невялікая хваравітасць тут жа здымаецца абязбольвальнымі прэпаратамі.

Ёсць таксама страх, што дзеці будуць «не такія». Абсалютна надуманая праблема, якую для росту рэйтынгаў падтрымліваюць некаторыя СМІ. Дзеці такія ж, як і ўсе астатнія. Ці можа быць іначай, калі забіраюць клетку ад канкрэтнай жанчыны і сперматазоід ад канкрэтнага мужчыны, каб злучыць іх паміж сабой і атрымаць эмбрыён? Лекары проста спрыяюць сустрэчы дзвюх клетак, пры гэтым генетыка мамы і таты нічым не парушаецца, яна цалкам перадаецца іх дзіцяці. Тэхналогія экстракарпаральнага апладнення існуе больш за 40 гадоў. Дзяўчынка, якая першай нарадзілася ад ЭКА, англічанка Луіза Браўн, ужо двойчы сама стала маці, прычым без дапамогі ЭКА.

У маёй практыцы першае дзіця пасля аперацыі экстракарпаральнага апладнення нарадзілася ў 2008 годзе. Гэта быў хлопчык -- развіты, разумны. Потым у гэтай сям'і ад другой спробы з'явіліся яшчэ дзве дзяўчынкі.

Калі жаданне стаць маці для жанчыны дамінантнае, дзеля мацярынства яна гатовая пераадолець многія цяжкасці. Пры ўсім вельмі важна вера ў поспех. Часцей за ўсё зацяжарваюць менавіта тыя пацыенткі, хто ў барацьбе за сваё мацярынства настроены станоўча, хто верыць у добры вынік. Страх жа перад працэдурай дае няправільны ўнутраны настрой, а нервовасць толькі перашкаджае.

Дорага — дапаможам

Часта можна пачуць, што самы галоўны недахоп працэдуры ЭКА — яе кошт. Сапраўды, не танна. Але не таму, што хтосьці на гэтым «нажываецца». ЭКА — гэта дарагая методыка лячэння, дарагія расходныя матэрыялы, дарагія прэпараты сучаснай геннай інжынерыі. Працэс вельмі тэхналагічны, у ім няма дробязяў, важныя і якасць сталі, і якасць пластмасы і інкубатараў, куды закладваюцца эмбрыёны. ЭКА каштуе дорага ва ўсім свеце.

У нашым аддзяленні планавання сям'і і рэпрадукцыі «ЛОДЭ» няма ўсярэдненых цэн, аплата для ЭКА разлічваецца індывідуальна. Лічу, гэта правільна ў адносінах да пацыентаў, бо сітуацыі ва ўсіх абсалютна розныя. Кошт залежыць ад таго, якую колькасць клетак мы будзем забіраць або возьмем донарскі матэрыял (донарства можа быць ананімным і неананімным); да якога тэрміну гадуем эмбрыёны; ці патрэбна крыакансервацыя; якія выкарыстоўваем лекавыя прэпараты і г. д.

Улічваючы ўсе дэталі, зазначу, што:

працэдура экстракарпаральнага апладнення даступная па цане для двух працуючых людзей (а рабіць ЭКА могуць толькі пары, што знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе). Акрамя таго, грамадзяне Беларусі могуць браць крэдыт. Аказваецца і іншая фінансавая падтрымка. Напрыклад, у нашым медцэнтры ёсць магчымасць растэрміноўкі плацяжу. Таксама мы праводзім розныя акцыі: зараз і да 8 сакавіка ў «ЛОДЭ» дзейнічае зніжка ў 15 % на праграмы ЭКА. Удзельнічаць у акцыі могуць у тым ліку і замежныя грамадзяне.

Мы рады дапамагчы сямейным парам, якія сутыкнуліся з праблемай бясплоддзя, спазнаць радасць мацярынства і бацькоўства. І я вельмі ганаруся фактам, што наступленне цяжарнасці ў нас складае больш за 45 %! Гэты вынік залежыць не толькі ад высокай кваліфікацыі нашых  спецыялістаў — хірургаў-гінеколагаў, рэпрадуктолагаў, анестэзіёлагаў, але і ад наяўнасці якаснага медыцынскага абсталявання, расходных матэрыялаў ад найлепшых, правераных сусветных вытворцаў. Да нас прыязджаюць на лячэнне пары з краін СНД, Еўропы, нават з-за акіяна — ЗША, Новай Зеландыі, Аўстраліі.


ПЫТАННЕ — АДКАЗ

— Шлюб — гэта абавязковая ўмова для ЭКА?

— Так, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, заключыць дагавор на правядзенне ЭКА магчыма толькі пры наяўнасці афіцыйнага шлюбу. Гэта датычыцца грамадзян любой краіны.

— Як вы ацэньваеце рашэнне ўрада зрабіць першую спробу ЭКА бясплатнай?

— Выдатна! Таму што цяпер да нас прыйдуць больш маладыя пары. А чым маладзей жанчына, тым больш у яе шанцаў на мацярынства.

— Колькі гадоў можна спрабаваць «зацяжарыць» самім?

— Двое дарослых людзей, якія жывуць адкрыта палавым жыццём (і ўзрост жанчыны да 35), праз год няўдалых спроб зацяжарыць павінны звярнуцца па кансультацыю да гінеколага-рэпрадуктолага. Калі жанчына старэй за 35, то праз паўгода. Гэта стандарт. Асабліва ні ў якім разе нельга адцягваць візіт да ўрача, калі ў жанчыны або яе мужа раней меліся хваробы палавой сістэмы ці аперацыі.

— У свеце набірае папулярнасць праграма «Адкладзенае мацярынства».

— Такая праграма дзейнічае і ў нашай краіне, і ў нашым медцэнтры. Гэта правільнае рашэнне жанчыны -- атрымаць у маладым узросце ўласныя яйцаклеткі і замарозіць іх з мэтай выкарыстаць потым (матэрыял захоўваюць у спецыяльным крыасховішчы ў вадкім азоце). Прычыны адкладзенага мацярынства могуць быць розныя: сацыяльныя, асабістыя, медыцынскія, але галоўнае тут — захаванне якаснага рэпрадуктыўнага матэрыялу для будучай жаданай цяжарнасці.

— Шмат ёсць крытыкі і негатыву ў адносінах да ЭКА. Вас гэта крыўдзіць?

— Не вельмі звяртаю ўвагу на гэткія размовы. Лячэнне бясплоддзя раўназначна лячэнню іншых хвароб, ЭКА — адзін з урачэбных метадаў. Медыкі робяць сёння перасадку ад чалавека да чалавека ўнутраных органаў, нават сэрца. А што ў ЭКА амаральнага? Як сказала адна пацыентка: «Калі б Бог не хацеў, каб было ЭКА, яно б і не з'явілася».

— Ваша самая вялікая радасць...

— ...калі бачу станоўчы тэст на цяжарнасць маёй пацыенткі. Або прыкладваю датчык да жывата і бачу плод, чую сэрцабіццё. Вельмі радуюся, што вынік маёй працы рэальны. А калі потым да мяне прыходзяць шчаслівыя бацькі з доўгачаканым дзіцём — мне складаней знайсці большую падставу для шчасця.

— Што з'яўляецца для вас апорай у жыцці і ў прафесіі?

— Галоўная апора — мая сям'я. У мяне выдатны муж, цудоўная дачка, любімыя бацькі, якія мяне заўсёды падтрымліваюць. Менавіта муж шмат у чым забяспечыў мне развіццё ў прафесіі: мне не патрэбна было працаваць па дзве-тры змены, браць начныя дзяжурствы, каб зарабіць грошай і купіць сучасныя медыцынскія дапаможнікі, паехаць на семінары, стажыроўку. Усё гэта каштавала значных грошай, але было важна для майго прафесійнага росту. І муж дапамагаў мне ў гэтым заўсёды. Нашай дачцэ ўжо 25 гадоў, яна паспяховы маркетолаг. Не пайшла па маіх слядах, але сярод маіх сяброў-медыкаў і няма дынастый: дзеці бачаць, колькі сіл, энергіі, самааддачы патрабуе наша прафесія і не адважваюцца паўтарыць шлях бацькоў.

Больш за 18 гадоў я адпрацавала ў цэнтры «Маці і Дзіця», вельмі ўдзячная калегам за сумесныя гады працы, за энтузіязм і жаданне ўкараняць новае. У нас быў выдатны калектыў і выдатны кіраўнік аддзела Ала Мечыславаўна Камлюк. Нават з адпачынку мне хацелася хутчэй выйсці на працу!

— Якой вам бачыцца медыцына будучыні?

— Вельмі хочацца думаць, што гэта будзе не тэлемедыцына. Усё ж я лічу, што павінны быць жывыя чалавечыя зносіны паміж урачом і пацыентам. Складана паставіць дыягназ на аснове тэлесеанса. Няхай удасканальваецца медыцынскае абсталяванне, з’яўляюцца новыя дапаможныя сродкі для дыягностыкі, але кантакт лекар — пацыент застаецца ў рэальнасці.

Алена ЦЯРЭНЦЬЕВА

Фота: асабісты архіў А. ПАНКРАТАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.