Вы тут

Выстава карцін Надзеі Пашкевіч да 130-годдзя Максіма Багдановіча адкрыецца ў Мінску


Персанальная выстава мастачкі Надзеі Пашкевіч «Максім Багдановiча — пясняр роднага краю», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння паэта, адкрыецца 4 сакавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, паведамілі ва ўстанове культуры.


«Творчасць Максіма Багдановіча поўная глыбокай эстэтычнай і лірычнай інтуіцыі, многія вершы літаральна насычаны аналітычнымі радкамі і складаюць разам цэласную праграму сапраўднага чалавечага жыцця, кодэкс духоўных паводзінаў чалавецтва. Кожны яго твор моцна ўздзейнічае на чалавека, пранікае ў самую душу і натхняе іншых творцаў», — адзначылі ў музеі.

«Надзея Пашкевіч стварыла адмыслова мастацкія работы на вершы Максіма Багдановіча да яго юбілею. Застаючыся ў кантэксце роднай беларускай культуры, вобразнасці і музычнасці, паэзіі і прыроды, мастачка шукае і адкрывае для сябе новыя магчымасці для творчасці. Карыстаючыся традыцыйнымі матэрыяламі алейнага і пастэльнага жывапісу, Надзея Пашкевіч надае сваім палотнам новае гучанне — з плаўнай цякучасцю ліній, тонкасцю танальных пераходаў, з воплескамі цёплых тонаў, часам абагульненымі вобразамі (фігурамі), часта з закручанай спіральнай кампазіцыяй. Такім чынам, мастачка стварае сваю новую метафізічную прастору, разлічаную на тонкае медытатыўнае ўспрыманне», — падкрэслілі арганізатары.

Па іх словах, па музычным настроi гэтыя работы блізкія да сачыненняў Дэбюсі, Чурлёніса і іншых кампазітараў-сімвалістаў першай паловы 20-га стагоддзя. А ўласцівае шматлікім работам Надзеі кампазіцыйнае спіральнае развіццё ліній і каляровых плям надае карцінам дадатковую дынаміку і энергію, нагадваючы нейкую тонкую гульню прыродных стыхій і касмічных віхур. Гэтая гульня ліній і колераў, уздзейнічаючы на гледача, не пакідае яго абыякавым. У цэлым, працуючы ў рэчышчы лірычнага (рамантычнага) абстракцыянізму, мастачка стварае свой вобразны свет ілюзій, бачанняў і станаў, што падобна нейкаму паэтычнаму настрою.

«Невыпадкова, Надзея Пашкевіч сваю персанальную выставу прысвяцiла 130-годдзю выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. І цэлая серыя работ мастака па сваім лірычным гучанні рэзаніруе з паэтычнымі радкамі паэта, што дазваляе гледачу яшчэ больш прачуць паэзiю і працу мастачкі. Сваёй выставай Надзея Пашкевіч аддае даніну павагі і любовi да паэзіі Максіма Багдановіча, праводзячы паралель паміж паэзіяй і жывапісам, паказваючы, што ўся творчасць — адзінства», — дадалі яны.

Выстава будзе адкрыта для наведвальнікаў па 23 сакавіка.

Прэв’ю: pashkevich-n.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».