Вы тут

Слова, страшнейшае за гармату: да стагоддзя «Чырвонкі»


25 студзеня 1943 года на партызанскім аэрадроме на Любаншчыне прызямліўся самалёт з Масквы. Калі з яго акуратна выгружалі чамаданы, партызаны пачалі гадаць, што за груз, і пачулі ў адказ жарт — «золата». «Мо, арудзія якая новая?» — выказаў меркаванне пажылы партызан. «Для немцаў гэта страшнейшае за гармату, дзядзька», — запэўнілі маскоўскія госці. Пазней стала вядома, што так былі дастаўлены друкарскі станок, шрыфты і папера.


Госці (адзін высокі, з вялізным чубам, другі прысадзісты, чарнявы, са жвавымі вачыма і вельмі рухавы) выправіліся ў партызанскую друкарню. Як згадваў Амяльян Шурпач (супрацоўнік падпольных «Звязды» і «Чырвонай змены»): «Высокі іранічна аглядаў няхітры друкарскі рыштунак. То браў у рукі клінкі, якімі заціскалі набор, то калупаў пальцам сумесь каламазі, сажы і тлушчу — друкарскую фарбу. Мы бачылі, што гэта знаўца друкарскай справы і яму не падабаецца наша „вытворчасць“».

Вечарам нас па чарзе выклікалі ў штаб злучэння. Чарнявы, як мы потам даведаліся, быў першы сакратар ЦК ЛКСМБ М. В. Зімянін, распытваў нас пра даваенны занятак, цікавіўся, з якога часу ў партызанах, чым займаліся да прыходу ў атрад. Потым да яго далучыўся і высокі. Ён болей цікавіўся тым, у якой ступені валодаем тэхнікай набору, друку, праўкі матэрыялаў і іншымі журналісцка-друкарскімі тонкасцямі». У высокім партызаны пазналі даваеннага рэдактара «Чырвонай змены» Міхаіла Барашкава.

Небяспечнае «золата»

Рашэнне аб аднаўленні выпуску рэспубліканскіх газет «Звязда» і «Чырвоная змена» ў зоне партызанскіх злучэнняў ЦК кампартыі Беларусі прыняў у канцы 1942 года.

Займацца выданнямі было даручана Міхаілу Барашкаву. Спробы пераправіцца за лінію фронту рабілася ім неаднаразова, яго лісты родным сведчылі — ён вельмі перажываў, што засядзеўся ў Маскве і не можа прыступіць да баявых спраў у тыле ворага, у снежні 1942 года паведамляў родным: «У Маскве я затрымаўся з той прычыны, што стаіць дрэннае надвор’е. Ужо не раз рабіў спробу і вяртаўся...» І толькі ў канцы студзеня яму ўдалося дабрацца да Беларусі.

Да выпуску газет прыступілі неадкладна. 27 студзеня выйшаў нумар «Звязды», над якім працавалі суткі, а 31 студзеня — першы нумар «Чырвонкі»-партызанкі.

У склад рэдакцыі ўвайшлі вопытныя журналісты Філіп Касцюкавец і Георгій Шчарбатаў. Сярод партызан знайшліся і наборшчыкі: Ніна Цылько і Мікалай Курыка. А таксама далучыўся да выдавецкай справы Амельян Шурпач.

Два разы на тыдзень выходзіла «Звязда», адзін раз — «Чырвоная змена». Наборшчыкі суткамі не адыходзілі ад наборных кас. Шрыфту не хапала, таму яны набіралі спачатку адну паласу, друкавалі яе, потым разбіралі літары і браліся за другую. У студзені цямнее рана, таму работу працягвалі пры святле ад смалякоў, у рэдакцыі нават жартавалі, што ім патрэбны майстар па святле. Міхаіл Парфёнавіч вечарамі пісаў матэрыялы, вычытваў гранкі і сачыў за агнём...

Працаваць у такіх умовах і з невялікім калектывам было даволі цяжка. Сакратар ЦК ЛКСМБ Міхаіл Зімянін у сваёй дакладной запісцы паведамляў у ЦК кампартыі: «Выпуск „Звязды“ строга заканспірыраваны. Цяпер у „Звяздзе“ працуе невялікі калектыў, які ўзначальвае т. Барашкаў. Т. Барашкаў працуе самааддана, але моцных газетных работнікаў на месцы няма. Не хапае клішэ...» Ён прасіў аб тым, каб была наладжана пастаянная дастаўка паперы з Масквы, а ў партызанскіх атрадах знайшлі карэспандэнтаў...

Рэдактар не баяўся ніякай справы. Наадварот, больш цяжкія абавязкі браў на сябе, дэманструючы ўмельства і вынаходлівасць, удумліва працаваў над кожным словам. З Масквы ён прывёз падшыўку газеты «Правда» за 1942 год і часопіса «Кракадзіл». Падкрэсліваў, што па іх можна вучыцца, як пісаць коратка, даходліва, трапным словам біць заўсёды ў цэль. У Барашкава быў надзіва разборлівы почырк, і таму ўсе матэрыялы, якія ішлі ў набор, ён перапісваў уласнаручна. Да таго ж выконваў шматлікія даручэнні ЦК ЛКСМБ, бо быў членам бюро.

 

Сваіх работнікаў рэдактар папярэдзіў, што жорсткая канспірацыя — непахіснае правіла. Усялякае парушэнне будзе карацца па законах ваеннага часу. «Асабліва балюча пераносіў канспірацыю Мікола Курыка. Колькі разоў гразіўся нават, што ўцячэ ў атрад. Неяк за вячэрай не ўцярпеў: «Ці ёсць хоць якая карысць ад нашай работы? Горбімся і слепімся над касамі. А дзеля чаго? У атрадзе дык у засаду пайшоў бы ці на чыгунку». Усе атарапелі. Рэдактара лічылі жорсткім чалавекам і чакалі, што той разгневаецца. Мікалай Парфёнавіч тады нічога не адказаў. А праз дзень у рэдакцыю зайшоў Зімянін, выняў паперу з нямецкай пячаткай — рапарт бургамістра цэнтра Парычы начальству ў Бабруйск, што пачалі выходзіць газеты «Звязда» і «Чырвоная змена», што сяляне адмаўляюцца выконваць пастаўкі па збожжы, малаку і мясу і цэлымі вёскамі ідуць у партызанскія атрады...

«Гэта толькі пачатак, — сказаў тады Міхаіл Парфёнавіч. — Яшчэ большае скавытанне падымуць гітлераўцы».

«Чырвонка» ўздымала моладзь на барацьбу, расказвала пра падзеі на франтах і аперацыі партызанаў, выкрывала зверствы акупантаў, папярэджвала аб згонах на прымусовыя работы, зрывала выкананне нямецкіх загадаў, паказвала колькасць пушчаных партызанамі пад адхон эшалонаў, вучыла падрыўной справе. Вялася барацьба і за хлеб, асобныя групы партызан дапамагалі сялянам ва ўборцы і захаванні ўраджаю. У рэдакцыю ішлі лісты і заметкі з розных куткоў Беларусі. Свае творы дасылалі паэты, у газетах-партызанках былі надрукаваныя вершы Пятра Глебкі, Аркадзя Куляшова, Анатоля Астрэйкі. Неяк у рэдакцыю зайшоў Кірыл Мазураў і падаў Барашкаву некалькі спісаных уборыстым почыркам лісткоў. Гэта быў артыкул, які заклікаў маладых партызанаў у перапынках паміж баямі атрымліваць мірныя прафесіі. У партызанскіх атрадах арганізоўвалі курсы медсясцёр, работнікаў сувязі. Камісары брыгад і атрадаў бралі на ўлік настаўнікаў, механізатараў. У «лясных акадэміях», як называлі партызаны такія курсы, вяліся заняткі. Такія паведамленні дадавалі ўпэўненасці ў Перамозе.

Нумары «Звязды» і «Чырвонай змены» дастаўляліся ва ўсе куткі Беларусі. Пасля таго, як газеты перачытваліся ў партызанскіх атрадах, іх з рук у рукі перадавалі сяляне. У Слуцк нумары вазілі ў качанах капусты. Змяшчалі іх і ў пустых аглоблях. У Пінску газеты вывешвалі на дошцы загадаў у цэнтры горада, аднойчы нумар «Чырвонай змены» з папярэджаннем «Смерць фашысцкім акупантам!» падпольшчыкі паклалі на стол гебітскамісару.

У гэтай хатцы на востраве Зыслаў (Любанскі раён) размяшчалася падпольная друкарня.

Востраў друку

У партызанскую зону пачалі закідвацца шпіёны з заданнем высветліць месцазнаходжанне друкарні і знішчыць яе. Не раз яна мяняла размяшчэнне. Вясной 1943 года над партызанскай зонай кружылі варожыя самалёты, кідалі бомбы на вёскі, і падпольная друкарня вымушана была перабрацца на балота. Месца, дзе яна размясцілася, празвалі Востравам друку.

Сюды прыязджалі на вучобу рэдактары іншых партызанскіх газет. Барашкаў доўга гутарыў з кожным, а калі бачыў, што журналіст яшчэ нявопытны, стараўся растлумачыць, як наладзіць работу рэдакцыі, як і пра што пісаць.

Барашкаў ведаў пра справы ўсіх партызанскіх злучэнняў, бо прысутнічаў на пасяджэннях партызанскага абкама партыі, нарадах камандзіраў і камісараў, удзельнічаў у падрыхтоўцы і абмеркаванні найбуйнейшых партызанскіх аперацый, што дапамагала вызначаць напрамак для газеты, выбіраць галоўнае і асвятляць важныя пытанні. Міхаіл Парфёнавіч з вялікай ахвотай наведваў партызанскія атрады, гутарыў з мясцовымі жыхарамі, з дзіўнай лёгкасцю знаходзіў агульную мову з сялянамі. Летам 1943 года ў лісце да сваякоў Барашкаў пісаў: «Сеў пісаць пісьмо і ўспомніў, як хутка прайшло паўгода жыцця і работы ў тыле ворага. Час бяжыць вельмі хутка. Жыццё цудоўнае ў любую пару на сваёй роднай зямлі, тым больш калі ты прыносіш карысць Радзіме... Прыйдзе жаданы час, і мы будзем зноў будаваць новае жыццё пасля разгрому захопнікаў. Тое, што іх разграмім, у гэтым няма ніякага сумнення. Але асабліва наглядна відаць тут. Яны бяссільныя перамагчы наш народ, нашу краіну».

З павелічэннем фармату газет (з адной восьмай да адной чвэрці газетнага аркуша) колькасць работы падвоілася. Барашкаў пісаў за поўнач пры святле смаляка, бо трэба было, як развіднее, набіраць. Працавалі да поўнай знямогі, апантана. Калектыў падабраўся малады. Старэйшыя былі Міхаіл Барашкаў і Піліп Касцюкавец (па трыццаць з хвосцікам), астатнім у той час было па 17–19 гадоў. Наборшчыкам за касамі даводзілася горбіцца ад світання да змяркання. А вось друкавалі газеты і пры святле месяца. Выносілі рыштунак на палянку і чакалі, калі той падымецца над лесам. Начная работа ўскладнялася налётам камароў. У друкароў былі распухлыя ад пакусаў твары, рукі...

У дадатак зачасцілі варожыя самалёты-разведчыкі, так званыя рамы. Ежу гатавалі яшчэ прыцемкам, калі над балотам віўся туман. А вечарам абыходзіліся без вогнішча. Пазней навучыліся вогнішчы маскіраваць.

За лета адзенне ва ўсіх знасілася, абутак таксама. Міхаіл Парфёнавіч быў амаль босы. Партызаны тады рабілі лапці-«бясшумкі» з сырой каровінай ці конскай скуры. Неяк з Вялікай зямлі прыйшлі рэчы і тры пары ботаў. Ад сваёй пары Барашкаў адмовіўся, сказаў, што клопат пра людзей — яго святы абавязак.

З набліжэннем фронту фашысты ўзмацнілі карныя аперацыі. Работнікі рэдакцыі часта былі вымушаны адкладваць алоўкі, варштаты і брацца за аўтаматы, вінтоўкі, каб адбіваць варожыя атакі. Новы 1944 год сустрэлі ў трывозе. Фашысты былі ўжо за два кіламетры ад астраўка, дзе размяшчаліся рэдакцыі падпольных газет. Навагоднія нумары даставілі непасрэдна ў акопы, дзе партызаны трымалі абарону супраць ворага, які ў шмат разоў пераўзыходзіў іх колькасцю. Кола блакады звужалася, не хапала паперы. У экспедыцыю за ёй накіроўваліся спецыяльныя групы партызанаў. Па вёсках збіраліся сшыткі і шпалеры. Спрабавалі газеты друкаваць нават на бяросце.

Урэшце са штаба злучэння прыйшоў загад падрыхтавацца да эвакуацыі. Каля вёскі Калінаўка давялося ўплаў фарсіраваць Арэсу, якая ў тую зіму не замярзала. Потым трое сутак партызаны выбіраліся з акружэння. Аселі ў вёсцы Камсамолец Старобінскага раёна. Пасля невялікага адпачынку ўзяліся за выпуск чарговых нумароў «Звязды» і «Чырвонай змены». У гэты час захварэў на тыф Міхаіл Барашкаў. Доктар казаў, што хваробу Барашкаў адолеў бы, калі б не рана ў грудзях, атрыманая яшчэ на фронце. Яна толькі крыху падгаілася. Пра раненне ў рэдакцыі ніхто не ведаў, пра яго Міхаіл Парфёнавіч ніколі не гаварыў, ніхто не чуў ад яго ні скаргаў, ні стогнаў. Цяжка хворы, ён цікавіўся газетай. А калі яму перадалі, што па распараджэнні ЦК ЛКСМБ «Чырвонка» аднаўляе свой выхад у Нова-Беліцы, на вызваленай зямлі, ён ледзь чутна сказаў: «Шчасліва табе, «Чырвонка». Гэта былі яго апошнія словы. На дзявятыя суткі хваробы рэдактара не стала. Яго пахавалі на ўскрайку вёскі Камсамолец (цяпер Салігорскі раён).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Даніна пашаны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.