Вы тут

Як у новай лічбавай рэальнасці бабулям і дзядулям знаходзіць агульную мову з унукамі?


Мяняецца свет — мяняюцца і нашы адносіны з людзьмі, у тым ліку самымі блізкімі. Ці ствараюць інфармацыйныя тэхналогіі праблемы ў зносінах бабуль і дзядуляў з унукамі? Чаму пажылым людзям важна ісці ў нагу з часам? Хто больш паспяхова навучае пажылых валоданню камп'ютарам і гаджэтамі: іх равеснікі або моладзь?

Пра гэта — наша размова з псіхолагам Таццянай Ілюковіч.


— Ёсць пункт гледжання: бабулі і дзядулі традыцыйна разумеюць унукаў лепш, чым бацькі. Згодны з гэтым?

— Дзеці найбольш прывязаны да тых, хто пра іх клапоціцца і забяспечвае выжыванне. Павышаная трывожнасць або абыякавасць, недахоп увагі прыводзяць да канфліктаў, маніпуляцый, шкодзяць зносінам дарослых і дзецей. Распаўсюджаны пункт гледжання аб большым разуменні і прыхільнасці ўнукаў да бабуль-дзядуляў тлумачыцца тым, што ў нашай культуры бацькі часта занадта занятыя, каб аддаць дастаткова часу сынам і дочкам. Камунікацыі бабуль-дзядуляў і ўнукаў шмат у чым залежаць ад тых традыцый ва ўзаемаадносінах, якія закладваліся ў сям'і. Гэта вечная праблема. Калі паміж рознымі пакаленнямі існуе павага, разуменне, удзел, добразычлівасць, нярэдка менавіта бабулі і дзядулі паведамляюць простыя правілы ўзаемадзеяння са светам. Сам па сабе факт нараджэння ўнукаў не азначае, што вы сталі бабуляй або дзядулем. Трэба прыкласці пэўныя намаганні і «вырасціць» сябе для гэтай новай сацыяльнай ролі.

— На ваш погляд, інфармацыйныя тэхналогіі, камп'ютарная культура паглыбілі неразуменне паміж бабулямі-дзядулямі і ўнукамі?

— Большасць сучаснікаў 40—60 гадоў (а ўнукамі ўпершыню можна абзавесціся ў гэтым ўзросце) працуюць, уцягнуты ў грамадскае жыццё, свабодна абыходзяцца з гаджэтамі. Так што ў маладых бабуль і дзядуляў рэдка ўзнікаюць канфлікты з унукамі з-за тэхналагічнага адставання. Тым, каму за 60, складаней асвоіць інфармацыйныя тэхналогіі. З гадамі мозг забяспечваецца кіслародам не так актыўна, як раней. Калі карыстацца толькі багажом мінулых ведаў, новыя нейронавыя сувязі не ўтвараюцца. У выніку пагаршаюцца працэсы ўспрымання, мыслення, знікае цікавасць да жыцця, парушаецца сацыялізацыя, зніжаецца здольнасць да навучання. Пажылыя людзі становяцца больш асцярожнымі, эгацэнтрычнымі, кансерватыўнымі, ім складаней адаптавацца да зменлівага свету. Новыя тэхналогіі часам выклікаюць у іх адчуванне ўласнай бездапаможнасці, зніжаюць самаацэнку і, як вынік, вядуць да агрэсіі, адмаўлення прагрэсу. Безумоўна, усё гэта адлюстроўваецца на якасці камунікацыі з унукамі. Бабулі і дзядулі часта раздражняюцца не разумеючы, чаму дзеці, падлеткі, моладзь столькі часу праводзяць у смартфоне. Такія паводзіны не ўкладаюцца ў іх карціну свету, якая прынцыпова адрозніваецца ад іх вопыту. Ім складана часам зразумець, што гаджэты — яшчэ адзін інструмент пазнання свету, а інтэрнэт нярэдка кампенсуе ўнукам той дэфіцыт жывых зносін, які яны адчуваюць у рэальным жыцці.

— Гэта значыць, зацікаўленыя ў захаванні добрых зносін з унукамі бабулі і дзядулі павінны прыкладаць намаганні і асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі?

— Безумоўна. І не толькі па гэтай прычыне. Для прафілактыкі дэменцыі, захавання псіхічнага здароўя мозгу абавязкова трэба даваць кагнітыўную нагрузку: вывучаць замежную мову, займацца творчасцю, асвойваць новыя прафесіі. Каб пажылым захацелася авалодаць новымі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, важна паказаць іх перавагі: як, не выходзячы з дому, заказаць дастаўку прадуктаў ці лекаў, аплаціць камунальныя паслугі і г. д. Вельмі важная матывацыя для асваення гаджэтаў — навучыцца гаварыць з унукамі на адной мове, быць у курсе таго, якую інфармацыю яны спажываюць. Віртуальная рэальнасць нясе шэраг небяспек. Дзеці і падлеткі, напрыклад, любяць відэаблогі. Але сярод іх ёсць вельмі шкодныя (напрыклад, блогі-«забівы»), якія здольны траўміраваць неакрэплую псіхіку. «Адукаваным» бабулям і дзядулям прасцей адсочваць, чым «падсілкоўваюцца» іх унукі. Яны могуць разам абмеркаваць убачанае, растлумачыць, што «такое добра і што такое дрэнна», чаму варта верыць, а чаму — не. Патрэбна цікавіцца гульнямі, якімі захапляюцца ўнукі, сацсеткамі, іншымі магчымасцямі віртуальнай прасторы.

— Хто больш паспяхова навучае пажылых новаму — аднагодкі або ўнукі?

— На гэты конт ёсць розныя меркаванні. Шэраг спецыялістаў лічаць больш эфектыўным спосаб, калі роўны навучае роўнага. У еўрапейскіх універсітэтах трэцяга ўзросту выкладаюць пераважна равеснікі пажылых «вучняў». Аргументы на карысць такога падыходу: прадстаўнікі аднаго пакалення лепш разумеюць адзін аднаго, паколькі ў іх агульны вопыт, каштоўнасці. Прасунутыя равеснікі-настаўнікі самі па сабе як стымул верыць: узрост — не перашкода для авалодання новымі ведамі і навыкамі, пры жаданні ўсё атрымаецца.

Але, з іншага боку, у некаторых слухачоў побач з педагогам-равеснікам уключаецца «ўнутраны крытык», які тармозіць навучанне. Часта самі пажылыя прызнаюцца, што аддаюць перавагу маладым: яны лепш тлумачаць, зараджаюць энергіяй, энтузіязмам, лягчэй ставяцца да памылак. Супраціўлення менш, а навучанне ідзе весялей і хутчэй.

— Якія асаблівасці адрозніваюць пакаленне сучасных унукаў? Што важна разумець пра іх, каб правільна, прадукцыйна будаваць адносіны?

— Ёсць цікавая тэорыя пакаленняў, якую сфармулявалі ў пачатку 1990-х амерыканцы Уільям Штраус і Ніл Хау. Згодна з ёй, сучасныя ўнукі адносяцца да пакаленняў Y (інтэрнэт-пакаленне, міленіялы), Z (2000—2009) і Альфа (2010—2024).

Спынюся на пакаленні Альфа, на якое з-за ўзросту яшчэ можна ўплываць і дапамагаць гарманічна фарміравацца. Альфа — гэта супер-дзеці: яны нараджаюцца з гаджэтамі ў руках, жывуць у лічбавым свеце. Дакладнай інфармацыі пра іх вельмі мала, але заўважана, што яны праяўляюць павышаную цікавасць да самаадукацыі, бяруць веды адусюль. Група беларускіх псіхолагаў на працягу трох гадоў назірала за дзецьмі малодшага школьнага ўзросту (6—10 гадоў), вывучала ўплыў лічбавых тэхналогій на іх паводзіны і ўяўленне пра сябе.

Некаторыя адкрыцці аказаліся не вельмі прыемнымі. Напрыклад, мы выявілі ў дзяцей правалы ў фарміраванні сацыяльных адносін «я + сям'я» і «я + сябры». Падобна на тое, што ім хочацца паўней адчуваць сябе сынамі і дочкамі, атрымліваць і дарыць іншым больш клопату, увагі, удзелу. У адказах сучасных дзяцей адчуваецца прыхаваная туга па глыбокіх адносінах з бацькамі. І хоць у нашай культуры сям'я — вялікая каштоўнасць, у дзяцей чамусьці не фарміруецца яснага ўяўлення: як быць сынам ці дачкой, сястрой ці братам, унукам ці ўнучкай. Ясна, што сёння адносіны «чалавек — машына», «чалавек — тэхніка» развіваюцца больш імкліва, чым «чалавек — чалавек».

— І якую выснову з гэтага павінны зрабіць дарослыя? Чаму трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу, каб пакаленне Альфа стала не толькі разумным, але яшчэ і добрым, і шчаслівым?

— Сям'я важнейшая за гаджэты, а сапраўдны, рэальны сябар — лепш, чым віртуальны. Трэба больш актыўна прапагандаваць сямейныя, агульначалавечыя каштоўнасці. Перш за ўсё гэта місія бацькоў. Але і бабулі з дзядулямі — выдатныя памочнікі і настаўнікі. Шчырая ўвага да сваякоў і сяброў, цікавасць, клопат пра іх, уменне канструктыўна вырашаць канфлікты і не разрываць адносіны, радавацца і гараваць як у адзіноце, так і разам — гэта вельмі важныя ўрокі, якія могуць і павінны даць Альфа-пакаленню дарослыя. Абавязкова трэба арганізоўваць з імі гульні, у якіх патрабуюцца рэальныя веды, уменні, навыкі; спаборніцтвы з прызамі, узнагародамі, у выніку якіх можна навучыць дзіця гатаваць, майстраваць, прыбіраць. Падчас гульняў, сумеснай дзейнасці бабулі і дзядулі збліжаюцца з унукамі, лепш разумеюць адзін аднаго. Таксама сучасных дзяцей і падлеткаў трэба часцей вывозіць на прыроду. Нават малых важна браць з сабой на пікнікі, у госці, каб дзеці насычаліся эмацыянальнымі ўражаннямі, атрымлівалі разнастайны сэнсарны і сацыяльны вопыт. Спевы птушак, подых ветру, водар кветак, смак ягад, сарваных у лесе, сумеснае чаяванне ў садзе са смехам і жартамі — усё гэта неабходна для паўнавартаснага развіцця нашчадкаў.

Гутарыла Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Загаловак у газеце: Ключ з правам перадачы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.