Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Надзейная хованка

«Няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея».

Праўдзівая была показка, але ж некалі раней. Цяпер, мне здаецца, многае змянілася. Галоўнае — у тых сёлах мала людзей засталося. Так што злодзея можна і не знайсці, а вось п'яніц — нават шукаць не трэба. І дзе толькі грошы бяруць?..

Не вам казаць: урываюць ад дзяцей, ад сям'яў. З кожнай зарплаты стараюцца прысабечыць нейкую сотню-другую, прыхаваць у надзейным месцы.

Іншая рэч, што іх, гэтых месцаў, не так ужо і шмат. Жонкі таксама не лыкам шытыя. Сяргеевай, напрыклад, проста роўных няма ў пошуках заначак: Шэрлак Холмс пры ёй побач не стаяў! І што рабіць Сяргею?

Дружбакі падказалі і нават паказалі файнае месца! Дзе? Бабы, маўляў, ніколі не здагадаюцца: у пачку цыгарэт, паміж знешняй і ўнутранай абгорткай...

Сяргей праверыў: і сапраўды хованка — што трэба: любая купюра памесціцца.

А тут і зарплата ў яго.

Большую частку, як заўжды, выплацілі па ведамасці, згодна з разлікоўкай — усё гэта ён жонцы аддаў... А вось тое, што атрымаў у канверце, пакінуў сабе: схаваў — у пачку цыгарэт, задаволены, выйшаў на вуліцу пакурыць. Сусед ды іншыя таксама падцягнуліся. І ў некага «з сабою было»... Хлопцы выпілі, захмялелі — зганялі па дабаўку і «закусвалі» ўжо... цыгарэтамі: Сяргей частаваў — пакуль не скончыліся. А тады — па звычцы скамячыў пусты пачак, шпурнуў пад плот.

Аб тым, што там ляжала заначка, успомніў толькі раніцай. Куляй выскачыў з дому, прыбег да лаўкі, на якой учора так добра сядзелі, падабраў усе размоклыя ад дажджу паперынкі... Грошы — як скрозь зямлю праваліліся! «Не іначай ветрам некуды знесла?» — падумаў гаротнік і пошукі, вядома ж, не спыніў...

Кажуць, што ён аж да сёння ўсё ходзіць, прыглядаецца да кінутых пачкаў. І асобныя — па-ранейшаму падымае: спадзяецца знайсці свае грошы.

Н. Сашына,

Бярэзінскі раён.


Жалезны аргумент

Адбыўшы змену на цагельні,

Сядзеў на зэдліку Іван.

У галаве

не так каб вельмі,

Ды адчуваўся ўсё ж аванс.

Кульнулі грамчыкаў па дзвесце,

На закусь ліверка была.

Пара б і спаць ужо, ды дзесьці

Яго Лякадзія сышла.

З вядром...

Відаць, даіць карову?

(А хмель блукае ў галаве).

І ў прыцемках у вечаровых,

Пакуль сужэнка у хляве,

Надумаў Ваня жарт зварганіць,

Сказаць прасцей —

пажартаваць.

Спадніцу доўгую у плямах

Узяўся спехам надзяваць:

Спярша ў дзірку

ўсунуў ногі,

Адзежка трэснула па швах...

(Мужчынам раю,

майце розум:

Хай перш «улазіць» галава).

І чуб прыкрыў

бялюткай хусткай,

Прысеў на ўслончык

ды сядзіць,

Кабета прыйдзе праз мінуту:

Не сем жа ёй кароў даіць?

...Вось клямка бразнула,

і Лёдзя

Нагой ступіла за парог.

Вядро паўнюткае...

Заходзіць:

Хто б завітаць так позна мог?

Ды што гадаць?

Яна адразу,

Як толькі ў хату ўвайшла,

Той незнаёмцы

сваё «Здрастуй!»

Як мага ветлівей дала...

Плылі ад смеху ў Вані слёзы,

(Мог і ўслончык

мокрым стаць).

Дайшоў урэшце жарт да Лёдзі,

Але ж чым крыць

і што казаць?..

— Ну што рагочаш, апівоша?

Падумаў, можа,

не пазнала?..

— А калі так,

тады навошта

У хаце «Здрастуй» аддавала?

Мікалай Камароўскі,

г. Орша.


Хто на што вучыўся

Сусед неяк расказваў, што яго брат працуе на мясакамбінаце, што ў іх там вялікая недастача была: зніклі... языкі — замарожаныя, фасаваныя. «Выходзіць, і сярод зладзеяў гурманы знайшліся, — смяяўся мужчына, — кожны дзень ім заліўное падавай. Смех дый годзе!»

А заадно — і ўспамін.

Гэтыя дзве аднакласніцы сустрэліся выпадкова: дзесяць гадоў разам вучыліся і з дзесяць пасля таго — адна адну не бачылі. Так бывае, — шляхі і сыходзяцца, і разыходзяцца. Лена пасля школы скончыла тэхнікум, выйшла замуж, гадуюць з мужам сынка... Наташы вучоба змалку ў галаву не лезла, так што пасля школы пайшла працаваць — рабочай. На мясакамбінат.

Месца, шчыра кажучы, на аматара: пахі, кроў... Але Наташы было не прывыкаць: маці ў яе працавала свінаркай, бацька — ветэрынарам. Тая на ферме вырасла, калі можна так сказаць... «Бач, якая дзябёлая стала. Грудзі — як у Веркі Сярдзючкі: у станік не ўлазяць», — дзівілася Алена, аднак гутарку вяла зусім пра іншае: разам успомнілі былых аднакласнікаў і настаўнікаў, агульных знаёмых, бацькоў, а ўрэшце...

— Слухай, давай у прамтавары зойдзем, — прапанавала Наташа. — Я там учора блузку нагледзела — ну проста цуд! Але дарагавата... Дык ты, можа, параіла б, купіць-не купіць...

«Ну чаму б і не? — падумала Лена. — Аднакласніца ўсё ж: грэх не памагчы».

Удзвюх яны зайшлі ў патрэбны аддзел, Наташа адразу ўзяла тую блузку, «схавалася» ў кабінцы для прымеркі.

— Гэта завялікая, — праз хвілінку-другую сказала адтуль Алене. — Глянь такую ў меншым памеры.

«Ну куды ёй меншы? Хіба на нос?» — падумала Алена, але ж паслухала — зняла з вешалкі адзежынку, адчыніла дзверцы кабіны і... ледзь не самлела: грудзі ў Наташы былі ў «чатырох экзэмплярах», у два рады... І верхнія — яшчэ нішто сабе: жывыя, можа, нават прыгожыя, а вось ніжнія... Аж да спадніцы звісалі... І страшныя, чырвоныя — як без скуры ўсё роўна...

— Эй, сяброўка, ачуйся! — у адказ на гэта нямое здзіўленне зарагатала Наташа. — Грудзі ў мяне адны, а гэта вось — паляндвіца. Я плёнкай яе абматала і прывязала ў трох месцах: пасярэдзіне і па баках...

Што далей было?

Тая паднесеная Ленай блузка таксама не падышла: аказалася завялікай. Меншыя выбіраць жанчыны проста не змаглі.

Факт, што з крамы яны сышлі з рогатам, але без пакупкі.

...Вось так, напэўна, выносілі мяса з мясакамбінатаў.

У тое, што выносілі языкі (замарожаныя, фасаваныя...), паверыць цяжка. Тут транспарт патрэбен і хоць нейкія накладныя...

Але ж хто на што вучыўся, як той казаў: нехта — працаваць, нехта — красці... Да пары. Бо яно ж так: чужое дабро вылазіць праз рабро — хоць, можа, і не адразу.

Л. М.,

г. Мінск.


Ад страху — да радасці, ад цемры — да святла

Гэта прыгода адбылася са мной два гады таму і якраз перад Вялікаднем.

У той дзень я прыйшла з работы і адразу ж пакіравала на кухню, каб паспець прыгатаваць святочныя стравы, каб спячы куліч (не люблю купленых) і потым схадзіць у царкву на святочную начную службу, асвяціць сваё печыва, яйкі...

Дык вось зрабіла я ўсё, што хацела. Класціся спаць на нейкую гадзіну-другую ўжо не выпадала, таму я падсела на канапу да сына, каб пра нешта пагутарыць (мы з ім любім «пад тэлевізар»), як раптам экран патух — прапала святло.

Мы хвілін з дзесяць мо прасядзелі ў цемры, паспадзяваліся, што яно зараз з'явіцца і, нічога не дачакаўшыся, разышліся па сваіх пакоях. Сын — лёг спаць, я — хіба што прылегчы: нават будзільнік паставіла, каб у пару падхапіцца, ісці ў царкву.

Але ж прачнулася зусім не ад званка — ад спеваў... бацюшкі. Тут жа думка: «Значыць, усё — памерла. Мяне адпяваюць...» Стала цікава, хто?

Ва ўсе вочы гляджу па баках. Бачу спальню сваю, люстру... Мацаю галаву — на месцы як быццам, плечы-рукі — таксама.

У зале, заўважыла, — цьмянае святло, зразумела, што бацюшка там...

Спрасонку, нічога не цямячы, рушыла на спеў і ўбачыла, што ён, той спеў, з тэлевізара, што па ім усяночная транслюецца.

Я гляджу яе, слухаю і столькі мне радасці!.. Ад таго, што бачу, што чую, што дома... жывая!

Святкуючы гэта (ды ўсім сваім сэрцам!), ціхенька сабралася, схадзіла ў царкву, а раніцай — і ўжо з сынам — мы ўволю пасмяяліся! Зразумелі, што святло ў зале выключылі, а вось тэлевізар — не. Электрычнасць з'явілася — ён і ўключыўся, прычым — на спевах бацюшкі!

Сын, дарэчы, сказаў, што таксама іх чуў, ды падумаў, што сняцца.

Ала Кажэцкая,

аг. Гудзевічы, Мастоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.