Вы тут

Калі сыходзіць усё, застаецца мастацтва: выстава-амаж Захару Кудзіну


Захар Кудзін працаваў у плыні сучаснага мастацтва. Штогод удзельнічаў у выставе «Восеньскі салон», якая служыць пляцоўкай для дыялогу паміж мастаком і пакупніком, дзе яго карціны заўсёды заўважалі. Але большасць ведае Захара дзякуючы дакументальнай стужцы Максіма Шведа «Чыстае мастацтва». Гэта фільм аб цэнзуры і самацэнзуры, аб горадзе і яго жыхарах, аб поглядзе на сусвет. У «Чыстым мастацтве» Захар іграе самога сябе — мастака.


Захар Кудзін сышоў з жыцця вельмі трагічна і заўчасна, калі перад ім толькі адкрывалася дарога да славы. Напэўна, яшчэ доўга будуць узнікаць гіпотэзы наконт яго сыходу. А тое, што прызнанне ў яго ёсць, сведчыць факт, што з нядаўняга часу работа майстра знаходзіцца ў фондзе Нацыянальнага мастацкага музея. А 27 сакавіка, у дзень 35-годдзя Захара Кудзіна, у Палацы мастацтваў адкрылася выстава, прысвечаная яго творчасці і асобе.

Выстава-амаж адлюстроўвае і стаўленне іншых мастакоў да Захара, і тое, якімі сродкамі можна захаваць памяць аб творцы. Работы для экспазіцыі збіраліся або ствараліся адмыслова ў памяць аб Захары. Цікава, што, калі трапляеш сюды, адразу адчуваеш дух бунтарства, юнацтва і свежасці погляду. Гэтым пачуццям спрыяюць не толькі яркія колеры работ, але і іх асноўны пасыл. У гэтым сэнсе найбольш яскравым прыкладам служаць работы Уладзіміра Грамовіча «Бітыя краявіды». На серыі паштовак «Мінск сучасны» чорным маркерам намаляваны зігзагі, якія разрываюць, быццам бы графіці на сценах, звыклыя для нас краявіды.

Малюнкі, прысвечаныя Захару пры яго жыцці, не падпадалі пад адбор. Усё, што было прывезена, куратары паспрабавалі размясціць у выставачнай прасторы. Сама яе кампазіцыя атрымалася цікавай: цэнтральная частка залы адведзена пад раннія работы самога Захара і яго сяброў студэнцкіх гадоў. Побач з уваходам вісяць малюнкі тых, хто меў вельмі блізкія стасункі з Кудзіным. Тут вы можаце пабачыць работы і Адама Глобуса, і Анфісы Лано. Таксама ў прасторы адведзена месца маладым мастакам, на творчасць якіх паўплываў Захар.

Выстава-амаж завершыцца 11 красавіка. Але гэта толькі частка вялікага творчага праекта, у межах якога запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, ужо ў гэтую суботу, 10 красавіка, арганізатары запрашаюць на куратарскую лекцыю па выставе. Абяцаюць, што дзякуючы лекцыі куратараў Ірыны Кандраценкі і Вольгі Мжэльскай вы ўбачыце экспазіцыю пад зусім іншым ракурсам. Ахвотна верым гэтым словам.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.