Такое не па-красавіцку халоднае надвор'е, лічы, на цэлы месяц адстае ад кліматычнай нормы. Сярэднясутачная тэмпература на 5—8 градусаў ніжэйшая за норму. А ў ападках — усё больш снег. Апошні раз у новым стагоддзі так холадна ў канцы красавіка было ў 2005 годзе. А цяплець пачне толькі ў апошнія дні месяца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Праўда, сёння будзе яшчэ холадна. Мокры снег з дажджом і ўдзень ўсяго толькі 4—10 цяпла. У сераду надвор'е пачне выпраўляцца, але пакуль нясмела. У гэты дзень атмасферны ціск пачне расці, таму аблокаў і ападкаў стане менш. Месцамі, пераважна па паўночным усходзе краіны, пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Уначы і раніцай чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца заходні, паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў да 3 цяпла, удзень — ад плюс 7 да плюс 14 градусаў вышэй за нуль.
І толькі ў чацвер сітуацыя з холадам у нашай краіне пачне мяняцца. З паўднёвага захаду Еўропы ў Беларусь стане паступаць больш цёплая паветраная масса, і тэмпературныя паказчыкі пачнуць набліжацца да кліматычнай нормы. У начныя гадзіны па поўначы, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны. Аднак уначы будзе яшчэ падмарожваць. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад мінус 2 да плюс 5 градусаў. Удзень будзе ўжо значна весялей — ад плюс 10 градусаў да 17 цяпла, а па паўднёвым захадзе краіны — на пару градусаў цяплей.
Сапраўднае красавіцкае надвор'е прыйдзе да нас у апошні дзень месяца. Так, у пятніцу паблізу паўночна-заходніх межаў з паўднёвага захаду Еўропы пройдзе цыклон, і Беларусь ненадоўга апынецца ў яго цёплай частцы. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, удзень у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—10 ужо цяпла, удзень — ад плюс 8 па поўначы да 22! (гэта па нашаму) градусаў цяпла па поўдні.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, на святочныя выхадныя (1 і 2 мая), у нашай краіне ўсталюецца ўмерана цёплае надвор'е. У суботу і ўначы на нядзелю месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны 2 мая пад уплывам атмасфернага фронту на большай частцы тэрыторыі краіны зноў пройдуць дажджы. Ужо добра, што не снег.
Сяргей КУРКАЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?