Больш за 25% жыхароў Беларусі рэгулярна займаюцца фізічнай культурай і спортам, расказаў першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Вячаслаў Дурноў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, у Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
«У Беларусі актыўна займаюцца фізкультурай і спортам 25,3% жыхароў. Не схаваю, многіх бянтэжыць гэтая лічба. Яна складаецца статыстычным камітэтам з тых дадзеных, якія аб колькасці падаюць адпаведныя профільныя арганізацыі. Можна яе браць пад сумненне, але відавочна, што яна прыблізна адказвае стану фізкультурна-спартыўнай работы ў нашай краіне. Здаровы лад жыцця становіцца модным ў Беларусі, і гэта нас радуе», — адзначыў Вячаслаў Дурноў.
Першы намеснік міністра лічыць, што такі рост колькасці не ў апошнюю чаргу звязаны з будаўніцтвам новых спартыўных збудаванняў, стварэннем інфраструктуры, правядзеннем розных спаборніцтваў.
«У нас у краіне працуюць 144 гарадскія, раённыя фізкультурныя аздараўленчыя і спартыўныя цэнтры. Створана больш за 2 тыс. спартовых секцый», — распавёў журналістам Вячаслаў Дурноў.
Кажучы пра колькасць праведзеных у Беларусі спартыўна-масавых мерапрыемстваў у 2020 годзе, першы намеснік міністра спорту і турызму прызнаў, што пандэмія ўнесла свае карэктывы і было праведзена ў тры разы менш такіх стартаў, чым годам раней.
«У рамках каляндарнага плана падведзены 64 рэспубліканскія спартыўна-масавыя мерапрыемствы з удзелам больш за 24 тыс. чалавек. Але гэта ў тры разы менш, чым у 2019 годзе. Пандэмія ўнесла свае карэктывы. Так што вучымся жыць у новых умовах. Стараемся больш мерапрыемстваў праводзіць на свежым паветры з прыцягненнем насельніцтва. Людзі спачатку з асцярогай ставіліся да нашых мерапрыемстваў, але цяпер гэтая сітуацыя выраўнавалася. Яны з задавальненнем рэгіструюцца і ўдзельнічаюць у розных стартах. Выдатны прыклад — „Забег адважных“, у якім прынялі ўдзел 2,5 тыс. чалавек, зарэгістраваліся на працягу тыдня пасля абвяшчэння аб правядзенні спаборніцтваў. Актыўна развіваецца веларух. Па справаздачах аблвыканкамаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, за 2020 год добраўпарадкавана больш за 100 км новых участкаў веладарожак, 75 велпгаражоў, 600 парковак. Такая дынаміка не можа не радаваць», — адзначыў Вячаслаў Дурноў.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?