Вы тут

Як не стаць ахвярай кібербулінгу і што рабіць, каб выратавацца ад здзекаў


Сучасныя дзеці пачынаюць знаёміцца з інтэрнэтам ужо з пяці гадоў. 40 % з іх маюць у віртуальнай прасторы стасункі з незнаёмцамі. А трэцяя частка юных карыстальнікаў сутыкаецца ў сеціве з цкаваннем і запужваннем, прычым часта не гаворыць пра гэта бацькам. Такія вынікі паказала апытанне больш як 12 тысяч юных беларусаў.


unsplash.com

Бездапаможнае змаганне ў цемры

Таму на працягу года праз анлайн-сустрэчы дзецям і іх бацькам збіраюцца расказваць пра бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце і раіць, што рабіць, калі ўзніклі падобныя праблемы. Створаны спецыяльныя навучальныя ролікі і тэст-трэнажоры, кантэнт якіх распрацаваны на рэальных гісторыях тых, хто сутыкнуўся з булінгам у сеціве, і прапрацаваны з псіхолагамі. Прычым карысныя яны будуць не толькі дзецям, але і іх бацькам, і педагогам, упэўнены стваральнікі — Дзіцячы форн ААН (ЮНІСЕФ) і кампанія МТС, якія напрыканцы 2020 года распачалі новы праект па прафілактыцы кібербулінгу сярод дзяцей і падлеткаў.

Звяртацца па дапамогу і абараняць свае правы не сорамна, упэўнена Кацярына, гераіня адной з такіх «гісторый», якая сутыкнулася з цкаваннем у інтэрнэце. Доўгі час дзяўчына лічыла сябе вінаватай ва ўзніклых праблемах. Ёй спатрэбілася пяць гадоў, каб прыйсці ў сябе, аднак яна дагэтуль наведвае псіхатэрапеўта.

— Нельга абясцэньваць боль, ад якога пакутуе падлетак, калі яго цкуюць у інтэрнэце. Неразуменне праблемы блізкімі людзьмі і нежаданне выслухаць робяць яшчэ горш. Нават самым моцным людзям неабходна падтрымка.

Мне пашанцавала, бо дзякуючы самааналізу, падтрымцы сям'і і блізкіх я пераадолела негатыўныя эмоцыі і зноў стала моцнай. Аднак я ўспамінаю гэты перыяд як час аднаўлення сваёй асобы па кавалках. Мне прыйшлося памяняць навучальную ўстанову. Пэўны час у мяне былі закрытыя ўсе сацсеткі, я з галавой паглыбілася ў вучобу.

Многія дзеці дагэтуль змагаюцца ў цемры са сваімі страхамі і адчуваюць сябе бездапаможнымі. Цкаванне ў інтэрнэце — гэта ніколі не бяскрыўдна, і гэта не проста словы. Я хачу параіць бацькам прыгледзецца да паводзін сваіх дзяцей. Магчыма, яны сталі больш закрытыя, змянілі свае звычкі. Можа стацца, што толькі мама здолее стаць паратункам, як было і ў маім выпадку. Наша мінулае — частка нашай будучыні. І свайму мінуламу я сказала, што я мацнейшая, чым усе думалі, а будучаму я кажу, што ўсе разам мы зможам справіцца з гэтай сітуацыяй.

Заблакіраваць хейтара

Нягледзячы на тое, што кібербулінг адбываецца ў сеціве, ён мае абсалютна рэальны ўплыў на жыццё ахвяры. 13-гадовы ірландскі падлетак, які перажыў такое цкаванне, зняў пра гэта відэаролік. Там паказваецца, як пасля кожнага зняважлівага паведамлення ён атрымлівае фізічныя траўмы: разбіты нос, сіняк, зламаная рука. Тым самым хлопец падкрэслівае, што эмоцыі, якія ён перажываў падчас кібербулінгу, наносілі не меншы боль, чым фізічнае ўздзеянне.

Існуе некалькі першасных правіл, якіх трэба прытрымлівацца пры сутыкненні з кіберцкаваннем.

Спыніся. Супакойся і не адказвай крыўдзіцелю, ігнаруй яго.

Не паддавайся паніцы і дзейнічай без агрэсіі. Крыўдзіцель будзе абяззброены і хутчэй за ўсё перастане чапляцца. Каб спакойна адказваць у чаце, лепш загадзя падрыхтаваць адпаведныя карцінкі ці смайлікі.

Заблакіруй. Дадай крыўдзіцеля ў чорны спіс ці націсні кнопку «паскардзіцца» ў сацыяльных сетках. Такім чынам можна самастойна адмежавацца ад хейтара — чалавека, для якога галоўнае жыццёвае адчуванне — гэта як мінімум непрыязнасць, а як максімум — нянавісць. Калі цкаванне працягваецца, лепш захаваць скрыншоты (здымкі экрана) з перапіскай з крыўдзіцелем. Яны могуць стаць доказамі запужвання.

Раскажы. Калі самастойна справіцца з праблемай не атрымліваецца, трэба расказаць пра яе дарослым — бацькам, настаўнікам, псіхолагам. Нават калі яны спачатку палічаць, што гэта няважна, і адмовяць у дапамозе, працягвай шукаць чалавека, з якім можна абмеркаваць сітуацыю. Са злосцю, бяссіллем і крыўдай лягчэй справіцца, калі перажываннямі падзяліцца. Калі няма да каго звярнуцца, можна пазваніць па падтрымку на кругласутачную дзіцячую тэлефонную лінію 88011001611 або напісаць у анлайн-чат псіхолагу на сайце. Дапамога ананімная і бясплатная.

Ты не адзін

Дапамагчы дзецям сіламі адной толькі арганізацыі немагчыма, упэўнены ў ЮНІСЕФ, таму апошнія гады яны актыўна супрацоўнічаюць з бізнесам. Паспяховыя кампаніі — гэта не толькі грошы, але і ўплыў, які яны могуць аказаць, а таксама якасныя інструменты дапамогі для прадухілення такіх праблем, як кібербулінг.

Яшчэ да пандэміі, згодна з даследаваннем ЮНІСЕФ, беларускія дзеці праводзілі ў сеціве да трох гадзін штодня. Інтэрнэт сёння — месца, дзе мы актыўна ўзаемадзейнічаем з вялікай колькасцю людзей. Аднак, нягледзячы на тое, што гэта месца, дзе цябе бачаць і чуюць мільёны, калі ты сутыкаешся з нейкай складанай сітуацыяй у сеціве, то востра адчуваецца бездапаможнасць і адзінота. Ды ў гэтыя моманты ты не адзін, сцвярджае псіхолаг Іляна МАЦВІЕНКА:

— Пад наплывам негатыўных эмоцый цяжка разгледзець рэсурсы, якія могуць дапамагчы. І ў такія моманты важна не маўчаць, а казаць, што ёсць праблема. Незалежна ад таго, падлетак ты, які з'яўляецца ахвярай, сведка, які гэта бачыць, ці педагог, які можа быць збянтэжаны сітуацыяй, — важна разумець, што ёсць спецыялісты, да якіх можна звяртацца па дапамогу. Кіберцкаванне таму і стала такой вялікай праблемай, што яно найчасцей замоўчваецца.

Для людзей сталага ўзросту многія сучасныя прылады і інтэрнэт застаюцца ўсё яшчэ цудам, які цяжка засвоіць. Аднак для дзяцей карыстанне сецівам абсалютна натуральнае, гэтак жа, як паветра ці вада, лічыць Таня РАДАЧАЙ, прадстаўнік Дзіцячага фонда у ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі:

— Аднак рэсурсы і магчымасці інтэрнэту можна скіраваць не толькі на абагачэнне ведамі і эмоцыямі, але і на шкоду. І рабіць яе могуць не толькі дарослыя дзецям, але і дзеці адзін аднаму. Далёка не заўжды мы ведаем, чым займаецца наша дзіця ў інтэрнэце, прыходзіцца давяраць яму. А калі даверу паміж малымі і бацькамі няма, аб праблеме можна і не ведаць. Хоць шкода ад кібербулінгу ў сеціве, магчыма, нават мацнейшая, чым у школе, бо хуткасць распаўсюджвання праз інтэрнэт значна большая, як і ахоп аўдыторыі. Да таго ж крыўдзіцель у пэўным сэнсе можа заставацца ананімам.

Кіберцкаванне вельмі ўплывае і на вучобу, і на здароўе, і на псіхалагічны стан. І ўрэшце можа прывесці да непапраўнага. У свеце было нямала выпадкаў, калі адбываліся самагубствы як прамы вынік кібербулінгу. Таму дарослым — бацькам і настаўнікам — трэба дапамагаць дзецям вучыць правілы паводзін у інтэрнэт-свеце, каб гарантаваць іх бяспеку і каб яны не наносілі шкоду іншым, упэўнена эксперт. Гэта і ёсць сутнасць праграмы, якую рэалізоўвае ЮНІСЕФ.

Небяспечна для ахвяры і крыўдзіцеля

Кібербулінг небяспечны не толькі для яго ахвяры ці сведак, але і для крыўдзіцеля. Для апошняга інтэрнэт-цкаванне можа быць адзінай магчымасцю паказаць сябе ўсяму свету паспяховым і моцным. А можа быць спосабам зняць сваё эмацыянальнае напружанне, сведчыць псіхолаг:

— Калі дзіця пастаянна падмацоўвае свае паводзіны сітуацыямі кіберцкавання, яно фарміруе толькі адну стратэгію паводзін у зносінах з іншымі: я магу здымаць напружанне толькі праз нанясенне шкоды іншым, хто не можа даць мне адпор, — толькі тады я адчуваю сваю моц і паспяховасць. Такім чынам, падлетак загадзя пазбаўляе сябе магчымасці атрымліваць іншыя рэсурсы ва ўзаемадзеянні з людзьмі — праз супрацоўніцтва, канкурэнцыю. У яго застаецца толькі стратэгія падаўлення, якая, вядома, не знойдзе водгуку ў іншых.

Пастаяннае кіберцкаванне не дасць крыўдзіцелю магчымасці да канца здымаць сваё напружанне, якое будзе толькі назапашвацца. З'явіцца сорам і страх, што яго выкрыюць і пакараюць за паводзіны ў інтэрнэце. Як вынік — яго эмацыянальны стан будзе яшчэ больш пагаршацца. Фактычна кіберхейтар пазбаўляе сам сябе эфектыўных спосабаў зносін, а таксама псуе і сваю лічбавую рэпутацыю. У будучыні паводзіны ў сацсетках і хейтарства не лепшым чынам будуць успрымацца працадаўцамі.

Калі ваша дзіця — кіберагрэсар...

Бацькам варта сачыць не толькі за тым, ці не з'яўляецца іх дзіця ахвярай булінгу, але і своечасова заўважыць, што малое — хейтар. Ёсць некалькі прыкмет змены паводзін. Дзіця без нейкіх тлумачэнняў перастае вытрымліваць дамоўленасці па праглядзе яго сацыяльнай старонкі ў сеціве бацькамі. На гаджэце малога з'яўляюцца дадатковыя акаўнты пад іншымі імёнамі без звычайных фота. Гэта першыя званочкі для бацькоў, што дзіця можа ўдзельнічаць у цкаванні, акрэсліла Іляна Мацвіенка:

— Дзеці могуць пачаць праяўляць агрэсію ў адказ на пытанні адносна таго, чым яны займаюцца ў сацсетках. Раздражняюцца і катэгарычна непрымальна ставяцца да тэмы кібербулінгу. Малыя, якія займаюцца цкаваннем у сеціве, не прызнаюць, што яны агрэсары, а лічаць, што займаюцца барацьбой за справядлівасць. Напрыклад, абараняюць сваіх сяброў, якіх нехта пакрыўдзіў, а яны цкаваннем караюць крыўдзіцеля. Гэта ўскосныя прыкметы, аднак дакладна ўпэўніцца ў тым, ці не булер ваша дзіця, бацькі могуць толькі праз спакойны адкрыты дыялог з малым. Яму абавязкова трэба даць зразумець, што бацькі застануцца на яго баку і гатовы растлумачыць, чым адрозніваецца абарона сяброў ад кіберцкавання, разабраць сітуацыю, якая здарылася.

Вельмі важна пры гэтым заставацца спакойным: не абясцэньваць сітуацыю, пусціўшы яе на самацёк, але і не драматызаваць.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Віртуальнае цкаванне — рэальныя праблемы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.