Вы тут

Анонс. Самае цікавае ў майскім нумары часопіса «Алеся»


Мары пра мора...

Для большасці з нас летні адпачынак — гэта найперш паездка да мора. На цёплым беразе пад ласкавым сонцам забываюцца ўсе нягоды, галава адключаецца ад «важных» праектаў і «самых надзённых» спраў. Акрамя змены псіхалагічнай абстаноўкі, з'яўлення новых уражанняў, мора дапамагае ўмацаваць імунітэт, а гэта, улічваючы наступствы вірусаў і інфекцый, вельмі важна цяпер для здароўя.

У мінулым годзе пандэмія COVІD-19 стала для турыстычнай галіны сур'ёзным выклікам. Ці змогуць гэтым летам ажыццявіцца нашы мары пра мора? Дзе чакаюць беларускіх турыстаў і на якіх умовах? Больш падрабязна пра гэта чытачам «Алесі» расказала менеджар турыстычнай кампаніі «Галар-экспа» Вольга Ладуцька. Паводле яе слоў, турыстычны сезон пачаўся даволі актыўна, ужо з вясны было заключана шмат дагавораў на ранняе браніраванне гатэляў, а тыя, хто не паехаў летась і аформіў дэпазіты, выбралі новыя праграмы. На жаль, усё яшчэ закрыты для турыстаў папулярныя курорты ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Партугаліі.

Так, мы засумавалі па моры і ласкавай хвалі. І сёння дзеля адпачынку людзі гатовыя цярпець многія нязручнасці, якія ўзніклі з-за COVІD-19.

Напрыклад, ці ведаеце вы, што... Па прыбыцці ў турыстычны гатэль абавязкова адбываецца дэзынфекцыя багажу і ручной паклажы. Санітайзеры ўстаноўлены па ўсёй тэрыторыі комплексу. Вам нават могуць зрабіць заўвагу адміністратар рэстарана або дзяжурны адміністратар, калі вы забыліся пра гігіену рук.

У некаторых гатэлях бескантактава вымяраецца тэмпература, і калі ў вас раптам акажацца вышэй за 37,5°, могуць абмежаваць свабоду перамяшчэнняў.

Пра сацыяльную дыстанцыю паўсюль нагадвае разметка на падлозе. Сталы ў рэстаранах і барах размешчаны такім чынам, каб была адлегласць не менш за метр паміж імі. На пляжы і каля басейна сацыяльная дыстанцыя паміж лежакамі — два метры. Анімацыя таксама праходзіць з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі.

Дарэчы, сюрпрызам года для беларусаў сталі Мальдывы. Традыцыйна гэта фешэнебельны і, адпаведна, дарагі адпачынак, але сёлета нечакана ў беларускія турфірмы паступілі даступныя па цане прапановы ад гатэляў. Чаму б не скарыстацца такім падарункам? Белыя пясочныя выспы, чароўнай прыгажосці прырода, багаты падводны свет — усё можна пабачыць на свае вочы... Падрабязнасці — у свежым нумары «Алесі».

Мода на сям'ю зусім прайшла?

На працягу стагоддзяў сям'я ў нашай культуры лічылася і крэпасцю, якая абароніць ад бед і няшчасцяў, і крыніцай, дзе чэрпаюць сілы і натхненне. Нягледзячы на ўсе ўзрушэнні і трансфармацыі, сям'я выстаяла ў XX стагоддзі. Ці захаваецца яна надалей? Чым тлумачыцца сёння вялікая колькасць разводаў і тых, хто наогул не жадае ўступаць у шлюб? Пра гэта ў часопісе разважае прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, доктар гістарычных навук, дацэнт Ірына Калачова.

Беларуская карэянка

Лідзія прывыкла, што пры знаёмстве з ёй першая рэакцыя — здзіўленне: «Тваё прозвішча О?». Многія думаюць, што яны няправільна пачулі, перапытваюць і зноў здзіўляюцца. Дзяўчына толькі ўсміхаецца ў адказ. Лідзія О — беларуская карэянка. Яе бацькі больш за дваццаць гадоў таму пераехалі ў Беларусь, Лідзія нарадзілася ўжо ў Мінску, вучылася ў мінскай школе, паспяхова скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Цяпер яна працуе ўрачом-стаматолагам у паліклініцы горада Заслаўя і выкладае ў БДМУ. Пра свой цікавы лёс, любоў да далёкай радзімы і спасціжэнне традыцый беларускай культуры Лідзія О расказвае чытачам «Алесі».

Прызнаць шлюб несапраўдным

Гісторыя ў Вольгі Ш. няпростая. У юнацтве з-за свайго авантурнага характару яна заключыла шлюб з замежным грамадзянінам. Хлопец з паўднёвай краіны хацеў «замуціць» бізнес у Беларусі і папрасіў з ім распісацца. Дзяўчына згадзілася, не асабліва ўнікаючы ў нейкія падрабязнасці. Для яе найперш гэта былі прыгоды.

Доўгі час Вольгу не цікавіла, дзе яе «муж», пакуль яна не пакахала іншага. Каханне было ўзаемным, размова зайшла пра вяселле. І тут Вольга ўспомніла, што яна афіцыйна замужам. А каб атрымаць развод, патрэбна сумесная заява ў загс, аднак «муж», як высветлілася, з'ехаў на радзіму, і адрасу яго няма... Адвакат Мінскай абласной калегіі Таццяна Сямешка тлумачыць, як магчыма спыніць шлюбныя адносіны пры немагчымасці сумеснай падачы заявы аб разводзе. Яна рэкамендуе выбраць іншы шлях: не скасоўваць шлюб, а прызнаць яго несапраўдным, і дае падрабязныя парады.

Каб не скралі грошы з карткі

У І квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў пяць разоў больш, чым за мінулы год. Ад ашуканства пацярпелі людзі рознага ўзросту, сацыяльнага статусу і ўзроўню адукацыі, але асабліва шмат пенсіянераў.

Сярод галоўных прычын — празмерная даверлівасць і ігнараванне правілаў бяспекі пры выкананні інтэрнэт-аперацый з грашыма. Пераканаўчасць у размовах, паказная ветлівасць тэлефонных махляроў дазваляюць злачынцам атрымліваць у суразмоўцаў асабістыя даныя іх банкаўскай карткі, а затым выкарыстоўваць іх у ашуканскіх схемах.

Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, спецыялісты раяць для анлайн-плацяжоў мець асобную картку (не зарплатную). Яшчэ адна рэкамендацыя — устанавіць сутачны ліміт па картцы, больш за які банк не дазволіць спісаць за 24 гадзіны. А пенсіянерам, хто наогул не плаціць карткай праз інтэрнэт, прапануецца сцерці трохзначны нумар CVV/CVC кода з адваротнага боку: гэта дапаможа захаваць грошы, калі раптам згубіцца картка або кашалёк.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.