Вы тут

Раскрываем талент і думкі Аляксандра Кашперава


Акцёр тэатра і кіно Аляксандр Кашпераў 11 чэрвеня будзе святкаваць свой 75-ы дзень нараджэння. І з нагоды прыгожай даты ў эфіры «Беларусь 3» для прыхільнікаў творчасці майстра падрыхтавалі падарункі. Тут чакаецца паказ фільма «Кветкі правінцыі» і спецыяльны выпуск праекта «Майстры і куміры» з удзелам заслужанага артыста Беларусі.


У творчай біяграфіі Аляксандра Барысавіча сёння — дзясяткі роляў на тэатральнай сцэне і ў кіно. Напрыклад, у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача акцёр дэманстраваў свой талент у такіх спектаклях, як «Чаму ж мне не пець», «З каханымі не разлучайцеся», «Зялёная птушка», а ў Тэатры-студыі кінаакцёра яго ведаюць па пастаноўках «Гамлет», «Шчаўкунок», «Таленты і прыхільнікі», «Пігмаліён» і многіх іншых.

Кінааматары могуць згадаць яго шматлікія ролі, сярод якіх удзел у карцінах «Вянок санетаў», «Сустрэча ў канцы зімы», «Наш чалавек у Сан-Рэма», «Дняпроўскі рубеж» і г. д. Яго лічаць тым акцёрам, які здольны ўвасобіць самыя розныя вобразы і праўдзіва перадаваць характары сваіх герояў.

Фільм «Кветкі правінцыі», у акцёрскім саставе якога задзейнічаны і Аляксандр Кашпераў, быў зняты рэжысёрам Дзмітрыем Зайцавым на кінастудыі «Беларусьфільм».

Кадр з фільма «Кветкі правінцыі».

Стужка ўбачыла свет у 1994 годзе і была адзначана рознымі ўзнагародамі. Асновай карціны стаў аўтабіяграфічны раман беларускага пісьменніка Георгія Марчука, у якім закранаюцца вострыя экалагічныя праблемы вёскі, паказваецца прыклад сталення чалавека і пошук ім свайго месца ў дарослым жыцці і ў вялікім свеце.

Здымкі праходзілі на радзіме аўтара — у Давыд-Гарадку і ў Пінску.

Жыццёвая і месцамі драматычная гісторыя расказвае пра маладога паэта, які спрабуе знайсці адказы на важныя для яго пытанні, у прыватнасці, чаму загінула маці? Развязку кінагісторыі зможам убачыць на «Беларусь 3» ужо ў наступную пятніцу.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.