Вы тут

Час на куплю недарагіх электрамабіляў яшчэ ёсць


Так, да апошніх дзён снежня сёлета ў нашых суайчыннікаў яшчэ ёсць магчымасць купіць электрамабіль танней на 38 %. А вось з 1 студзеня 2022 года давядзецца зноў плаціць мытную пошліну, якую ў 2020 годзе абнулілі для ўсіх краін ЕАЭС. Гэтай акалічнасцю і скарысталіся беларусы. Аўтадылеры пацвярджаюць: цяпер у іх такі ж бум на ўвоз электрамабіляў у краіну, які быў у першы месяц адмены ПДВ і мытнай пошліны.


Фота: pixabay.com

Абнуленне пошліны для краін Мытнага саюза было ініцыіравана нашай краінай. Меркавалася, што дадатковыя льготы спросцяць увоз электрамабіляў, павялічаць іх колькасць, а таксама гэта прастымулюе развіццё сэрвісу і інфраструктуры. Дадзеныя меры і далі свае станоўчыя вынікі. Калі ў пачатку 2020 года колькасць электрамабіляў у Беларусі складала каля 400 адзінак, то ў другім паўгоддзі іх колькасць павялічылася да 1600 штук. Нашы людзі адкрылі для сябе не толькі еўрапейскія і амерыканскія аўкцыёны, але таксама сталі часцей увозіць бюджэтныя кітайскія электракары.

Як адзначаюць эксперты сеткі электразаправачных станцый Malanka, разам з абнуленнем мытнай пошліны ў Беларусі быў адменены ПДВ на ўвазныя электрамабілі. Гэта дазволіла ўладальнікам эканоміць да 38 % ад кошту электрамабіля. Новаўвядзенне выклікала ажыятаж, і толькі ў першы месяц дзеяння ўказа ў краіну было ўвезена больш за 200 электрамабіляў.

«Ёсць некалькі прычын, чаму я выбраў электракар, — распавядае Дзмітрый Ляшчынскі, прадпрымальнік з Мінска. — Па-першае, я палічыў, што кошт электрычнай машыны ненашмат перавышае кошт аўтамабіля з рухавіком унутранага згарання, а з улікам таго, што электрамабіль значна больш эканамічны, выгада відавочная. Калі я прыгнаў электрамабіль у чэрвені мінулага года, у Беларусі яшчэ былі бясплатныя зарадныя станцыі. Але нават цяпер я адчуваю выгаду. Каб адкатацца на электрамабілі цэлы дзень, я трачу каля 5 рублёў. Зарадкі на гэтую суму мне хапае, каб праехаць каля 70 кіламетраў. Па-другое, я мяркую, што электратранспарт будзе надалей толькі развівацца і неўзабаве для кіроўцаў экалагічных машын прыдумаюць дадатковыя «плюшкі», накшталт бясплатнага ўезду ў цэнтр горада, як гэта зрабілі ўжо ў многіх еўрапейскіх краінах. І па-трэцяе, у нашай краіне няма праблем з зарадкамі. Я шмат езджу па абласцях і нідзе не захрасаў праз адсутнасць станцый ЭЗС».

Спецыялісты мяркуюць, што, нягледзячы на вяртанне мытнай пошліны, цікавасць да электратранспарту ў краінах ЕАЭС не спадзе. У Беларусі да 2025 года працягне дзейнічаць указ, які адмяняе ПДВ. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць падаўжэння адмены пошліны таксама да 2025 года і шэраг іншых стымулюючых мер.

Усё гэта дае падставы меркаваць, што ўжо да 2030 года колькасць прададзеных электрамабіляў у Беларусі складзе больш за 50 % ад продажаў усіх аўтамабіляў. Пры гэтым кошт электракараў будзе зніжацца ў параўнанні з аўто з РУЗ.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.