Вы тут

Ігар Петрышэнка: Зрабіць так, каб людзі з інваліднасцю не адчувалі ўшчамлення


На базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі прайшло чарговае пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Удзельнікі разгледзелі пытанні па вырашэнні праблем людзей з інваліднасцю ў Брэсцкай вобласці, а таксама павышэння эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння пры стварэнні даступнага асяроддзя ў краіне і ажыццяўленні пастаяннага маніторынгу гэтай работы.

Да пачатку пасяджэння савета ўдзельнікі азнаёміліся з дзейнасцю ўніверсітэта, работай рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі, а таксама з выставай вырабаў ручной работы, карцін людзей з інваліднасцю.

Віцэ-прэм'ера прыемна ўразіла: звычайныя студэнты, якія навучаюцца з хлопцамі з інваліднасцю, нават не ведаюць, што іх аднакурснікі асаблівыя.

— Гэта значыць, забяспечана камфортнае асяроддзе для сацыялізацыі такіх маладых людзей у студэнцкае жыццё. Яны атрымліваюць якасную, добрую адукацыю, дэманструюць належны ўзровень ведаў, здаюць нароўні з усімі экзамены — ніякіх патуранняў тут няма. Бо галоўная задача — каб яны потым маглі, як і ўсе, рэалізавацца ў прафесіі. Дарэчы, мы ўзялі для сябе яшчэ такі вектар, як садзейнічанне ў працаўладкаванні людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па выніках мінулага года ў гэтым кірунку значна прыраслі: у нас 68,8 тысячы такіх людзей працаўладкавана, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Ён канстатаваў, што ў нашай краіне 564,5 тысячы інвалідаў, у тым ліку 34,5 тысячы — дзеці да 18 гадоў. Для гэтай катэгорыі важна стварыць элементы сацыялізацыі, інклюзіўнага асяроддзя, каб яны маглі рэалізоўвацца і ў навучанні, і ў прафесіі.

— Далей будзем рухацца так, каб у нашых гарадах, на ўсіх інфраструктурных аб'ектах было ўсё, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі нейкага ўшчамлення, — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца ў Віцебскай вобласці, каб на месцы выяўляць недахопы ў рабоце і шукаць шляхі вырашэння канкрэтных праблем у рэгіёнах.

— Гэта комплексны падыход: важна паглядзець, як будуецца работа па ўсіх напрамках, у прыватнасці, як створана безбар'ернае асяроддзе, вырашаюцца іншыя пытанні людзей з інваліднасцю: аказанне медыцынскай, сацыяльнай дапамогі, сацыялізацыя ў адпаведнасці з медыцынскімі паказаннямі, — растлумачыў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм'ер таксама пазнаёміўся з работай прадпрыемства па вырабе абутку «Блік» Беларускага таварыства глухіх. Завяршылася работа савета цырымоніяй адкрыцця міжрэгіянальнай спартландыі «Вясёлыя старты» з удзелам людзей з інваліднасцю.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.