Вы тут

Раім схадзіць


Літаратурнае падарожжа, Быкаўскія дні, Вечар вакальнай музыкі і іншае — афіша «Звязды».


Літаратурнае падарожжа «1.1.1»

Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4

Калі: 26 чэрвеня

Колькі каштуе: 25 BYN

«1.1.1» — штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны — Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Вас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна — ва Ушачах, Васіля Быкава — у Бычках, Петруся Броўкі — у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, вы атрымаеце задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі «броўкавай». З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, — Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з «крыніцы паэтаў»!

Ва Ушачах пад знакамітым «бацькоўскім вязам» Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.

Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.

У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх — ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат — жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў — Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку, паслухаем спевы, патаньчым.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефонах:

(017) 363-97-50; (017) 342-09-81

Ці праз гугл-форму.

Кошт (пераезд аўтобусам) — 25 руб. (аплата толькі наяўнымі).

Магчымы ўдзел на уласным аўтамабілі.

Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава — 60 кап. наяўнымі (уваход на тэрыторыю музея — вольны).

Праграму можна паглядзець па спасылцы.


Быкаўскія дні

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 19 — 22 чэрвеня

Колькі каштуе: 19 і 22 чэрвеня ўваход вольны

З 19 па 22 чэрвеня Музей-дача Васіля Быкава па традыцыі адзначае Быкаўскія дні – дні памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У гэтым годзе спаўняецца 97 гадоў з дня нараджэння літаратара.

Падчас святочных дзён прапануем Вам знаёмства з невялікай, але вельмі змястоўнай мастацкай экспазіцыяй «Партрэты Васіля Быкава ў творчасці беларускіх мастакоў». Выстава часовая — працягнецца 19 па 30 чэрвеня 2021 года. На ёй будуць прадстаўлены 16 мастацкіх работ з вобразамі Васіля Быкава, створаных беларускімі мастакамі ў розных выяўленчых жанрах: жывапісу, графіцы, афорту, скульптуры, габелену, маляванцы.

Акрамя таго, у гэтыя дні адбудзецца мастацкі пленэр з удзелам навучэнцаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. У прыгожым творчым асяроддзі, сярод шумных бяроз, якія так любіў Васіль Быкаў, будучыя мастакі будуць ствараць свае карціны. І вы таксама зможаце акунуцца ў гэты таямнічы цуд і пабачыць на свае вочы стварэнне мастацкіх твораў.


Вечар вакальнай музыкі «Гэтыя летнія ночы ...»

Дзе: Музей «Лошыцкая сядзіба», г. Мінск, праезд Чыжэўскіх 8/2, 10

Калі: 19 чэрвеня

Колькі каштуе: 10 BYN (студэнты — 8 BYN, школьнікі — 5 BYN)

19 чэрвеня 2021 ў 18:00 музей «Лошыцкая сядзіба», філіял ГУ «Музей гісторыі горада Мінска», запрашае на вечар вакальнай музыкі «Гэтыя летнія ночы ...». Праект падрыхтаваны сумесна з філармоніяй для дзяцей і юнацтва.

Эти летние ночи прекрасные,
Ярким светом луны озаренные,
Порождают тревоги неясные,
Пробуждают порывы влюбленные.

/Данііл Ратгауз/

Выдатныя радкі з раманса Сяргея Рахманінава пераносяць у пачуццёвы свет рамантыкі, шчырасці і эмацыянальнай адкрытасці. Такая атмасфера будзе панаваць і ў вялікай гасцінай сядзібнага дома на вечары вакальнай музыкі «Гэтыя летнія ночы...»

У выкананні салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ганны Янкоўскай (сапрана), Валянціны Дабравольскай (мецца-сапрана) і Дзмітрыя Туніка (бас) прагучаць арыі, дуэты і рамансы Вольфганга Амадэус Моцарта, Пятра Чайкоўскага, Мікалая Рымскага-Корсакава, Аляксандра Даргамыжскага, Сяргея Рахманінава, Жака Оффенбаха, Лео Делиба, Вячаслава Пяцько і інш.

Партыя фартэпіяна - дыпламант міжнароднага конкурсу Вольга Маркевіч.

Філармонія для дзяцей і юнацтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі аб'ядноўвае высокапрафесійных спевакоў, інструменталістаў і музыказнаўцаў. Многія прадстаўнікі творчага складу — лаўрэаты і дыпламанты прэстыжных міжнародных і нацыянальных конкурсаў. У рэпертуары філармоніі — разнастайныя музычна-пазнавальныя праграмы і музычныя спектаклі для дзяцей.

Магчымы папярэдні заказ білетаў па тэлефонах: (017) 285 18 86 і (017) 396 18 86.

Квіткі на мерапрыемства даюць магчымасць наведаць экспазіцыю музея.


Беларускі народны строй

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: да 31 жніўня

Асобнае месца ў калекцыях музея займае збор элементаў народнага адзення, які фарміраваўся цягам 1977-2020 гг. і дэманструе народныя строі гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Народны строй – комплекс адзення, які склаўся на беларускіх землях цягам стагоддзяў і адрознівае беларусаў ад суседніх народаў, з’яўляецца часткай мясцовай і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Жаночы строй складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха, абутку і галаўнога ўбора. У залежнасці ад рэгіёна да гэтага комплексу таксама дадаецца гарсэт альбо камізэлька, пояс. Мужчынскі строй складаецца з нагавіц, кашулі, пояса, абутка і галаўнога ўбора. У некаторых рэгіёнах прысутнічае камізэлька, шыйная хустка. Адрозніваюць мужчынскі і жаночы строй таксама характар упрыгожвання. Асноўнымі элементамі дэкору строя з’яўляюцца вышытыя альбо тканыя ўзоры, пераважна геаметрычныя.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены строі 2-й паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., якія прэзентуюць народнае адзенне беларусаў, рэгіянальныя адрозненні ў аздабленні, уплыў гарадскога асяроддзя і суседніх народаў.


Cinemascope #shhh: сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 29 чэрвеня

Колькі каштуе: 7 BYN

У скульптурным дворыку Музея-майстэрні З. І. Азгура аднаўляюцца сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам у рамках праекта Cinemascope #shhh.

Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў існуючае гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў.

Навушнікі можна атрымаць на ўваходзе ў панадворак пры прад'яўленні білета, пасля заканчэння сеансу яны падлягаюць вяртанню. Навушнікі падвяргаюцца апрацоўцы пасля кожнага выкарыстання.

У сувязі з тым, што паказы праходзяць пад адкрытым небам, рэкамендуецца браць з сабой цёплую вопратку, пледы. У выпадку неспрыяльнага надвор'я паказы пераносяцца ў Скульптурную залу музея. У памяшканнях музея неабходна выконваць масачны этыкет.

Усе фільмы ў рамках праекта Cinemascope #shhh дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.​

  • 15 чэрвеня • Магазінчык за рогам | 1940, 95 хв. Эрнст Любіч
  • 18 чэрвеня • Пятніца 13-е | 1980, 95 хв. Шон С. Канінгэм
  • 22 чэрвеня • Дні жніва | 1978, 94 хв. Тэрэнс Малік
  • 25 чэрвеня • Апошні мамант Францыі | 2010 г., 91 хв. Бенуа Дэлепін, Гюстаў Керверн
  • 29 чэрвеня • Падазрэнне | , 1941, 99 хв. Альфрэд Хічкок

Фестываль «Купальскае кола»

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: да 31 жніўня

Колькі каштуе: ад 35 BYN

26 чэрвеня 2021 года ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца оpen-air фестываль «Купальскае Кола — XIII».

«Купальскае Кола» — адзін з нешматлікiх беларускіх фестываляў, які масава палюбіўся прыхільнікам роднай культуры. Фестываль прысвечаны старадаўняму народнаму святу — Купаллю, прымеркаванаму да дня летняга сонцастаяння, калі дасягаюць найвышэйшага росквіту жыватворчыя сілы зямлі. Як ніякае іншае, свята Купалле авеяна легендамі і міфамі, у яго абрадах цесна перапляліся старажытныя язычніцкія і хрысціянскія традыцыі, вераванні нашых продкаў. У традыцыях і абрадах Купалля найярчэйшым чынам раскрываецца душа беларускага народа. 

У праграме фестывалю:

  • рэканструкцыя аўтэнтычнага Купалля — пры падтрымцы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства будзе праходзіць апрананне Купалкі, завіванне купальчатай касы і вянкоў, будуць гучаць купальскія спевы з розных мясцін Беларусі;
  • выступленні гуртоў: Znich & Rutvica, Rokash, Relikt, Goryn, Іван Кірчук, Krumkac, Aquamorta, DAINAVA, Хтоніі, TRUBETSKOY і інш;
  • купальскае вогнішча;
  • рамесны кірмаш «Горад майстроў»;
  • бясплатны намётавы гарадок;
  • бясплатная паркоўка;
  • фудкорты;
  • экскурсіі па помніках музея.

Кошт квіткоў:

  • 35 рублёў, набыць можна да 13.06.2021,
  • З 13.06.2021 па 25.06.2021 — 40 рублёў,
  • у дзень мерапрыемства 26.06.2021 — 50 рублёў.

За дадатковую плату:

  • палёты на мотадэльтапланах і інш. (пры добрым надвор’і);
  • набыць сувеніры ад народных майстроў у касе музея і на кірмашы рамеснікаў;
  • харчаванне ў фудкорт-зонах і «Беларускай карчме», якая знаходзіцца на тэрыторыі музея.

Праект «Мастак і горад», прысвечаны творчасці Леаніда Шчамялёва

Дзе: г. Мінск, вул. Няміга

Калі: да 20 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

«Мастак і горад» — гэта выстава пад адкрытым небам, якая дазваляе жыхарам і гасцям Беларусі бліжэй пазнаёміцца з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. У гэтым годзе праект адзначае 10-гадовы юбілей.

10-ы сезон выставачнага праекта «Мастак і горад» прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. У экспазіцыі 34 работы. Яны ўяўляюць сабой візуальную рэтраспектыву творчасці мастака, якая раскрывае асноўныя перыяды і напрамкі, жанравыя і тэматычныя перавагі аўтара з 1960-х да пачатку 2000-х гадоў.

Традыцыйна выстава адкрылася ў Мінску, аднак у гэтым годзе ўпершыню змяніла лакацыю — працы Леаніда Шчамялёва ўпрыгожылі пешаходную вуліцу Камсамольскую.

Рэпрадукцыі карцін суправаджаюцца апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.


Хай вецер пяе ў роднай зямлі: выстава да 95-годдзя з дня нараджэння Барыса Аракчэева

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча,  г. Мiнск, вул. М. Багдановiча, д. 7а

Калі: да 25 чэрвеня

Колькі каштуе: 3 BYN

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды...

Максім Багдановіч

Вядомы беларускі мастак, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч мастацтваў, дацэнт Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў нарадзіўся ў 1926 годзе ў Расіі, а лёс звязаў яго з Беларуссю. Тут, у Мінску, ён атрымаў мастацкую адукацыю і дасягнуў прафесійных вышынь. Стаў вядомым выкладчыкам Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускай акадэміі мастацтваў.

Знакавыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, знайшлі адлюстраванне ў творчасці Барыса Аракчэева. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца яго карціны − «Гады вучобы ў гімназіі», «Апошняя вясна ў ліцэі», «Дом у Яраслаўлі на вуліцы Любімскай, дзе з 1912 да 1914 года жыла сям’я Багдановічаў», «Яраслаўль. Сажалка ў Карабісе. Па сцежках М. Багдановіча».

На выставе «Хай вецер пяе ў роднай зямлі» прадстаўлены мастацкія творы і асабістыя рэчы Барыса Аракчэева, якія раскрываюць перыяды жыцця мастака: студэнцтва, выкладчыцкая дзейнасць, майстэрня мастака. Экспануюцца краявіды і нацюрморты з кветкамі, якія выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, графічныя замалёўкі, заданні па чарчэнні часоў вучобы ў мастацкам вучылішчы. Упершыню на выставе можна ўбачыць некаторыя творы, сярод якіх «На плэнэры ў вёсцы з Віктарам Грамыкам і Аляксандрам Сямілетавым» (1951-1952), «Першы трактар» (1953) і іншыя.

Мастацкія працы Барыса Аракчэева — прыклад найвялікай любові да гэтай зямлі, да Беларусі. Яны, як сапраўдныя чараўнікі, умеюць спыніць Час, зафіксаваць Імгненне, захаваць Прыгажосць... І запрашаюць нас з вамі прайсці па слядах іх памяці...


Скарбонка памяці

Дзе: Лошыцкая сядзіба, г. Мінск, праезд Чыжэўскіх 8/2, 10

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 3 BYN

У музеі «Лошыцкая сядзіба» працуе выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутам у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, простасцю і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.
Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам — ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.


Выстава «Мастацтва музейнай рэстаўрацыі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 13 жніўня

Колькі каштуе: 8 BYN

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. Яго збор — найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў. Гэта археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фатадакументы, кніжныя выданні, музычныя інструменты і іншыя. Многія з іх здабылі другое жыццё дзякуючы працы рэстаўратараў.

Выстава распавядае пра тую частку музейнай дзейнасці, якая звычайна схаваная ад вачэй наведвальнікаў — пра рэстаўрацыю, якая дазваляе вывучыць, захаваць музейныя каштоўнасці ад разбурэння і прадставіць гледачу. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя — гэта не проста «рамонт» прадметаў, гэта складаны і шматгранны працэс, спалучаны з самакантролем, пастаянным прыняццем рашэнняў і адказнасцю за іх. Перад спецыялістамі штосекундна стаіць праблема выбару таго ці іншага метаду ўмяшання ў сапраўдную «тканіну» музейнага прадмета.

Дадзеная выстава — гэта вынік велізарнай, працаёмкай і карпатлівай працы аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у якім на сённяшні дзень працуе 5 мастакоў-рэстаўратараў. У экспазіцыі прадстаўлены розныя па характары, матэрыялах і часу стварэння артэфакты з калекцый музея. Гэта знакаміты веджвудскі фарфор XIX ст., чыгунны прас, прыгожы столік з бронзы, размаляваны кітайскі чайнік XVIII ст., савецкі самавар і іншыя. Усе яны з’явяцца ў вітрынах дзякуючы намаганням музейных рэстаўратараў.

Таксама 28 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь пройдзе семінар «Айчынная рэстаўрацыя: вопыт і перспектывы», прысвечаны пытанням захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў з удзелам вядучых спецыялістаў у гэтай галіне.


Выстаўка жывапісу Алены Шлегель «Калекцыя ілюзій»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (ільготны 3 BYN)

Праект Алены Шлегель пачынае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва 2020 года.

Прыгожыя аксэсуары жаночага свету, кругазварот прыемных дробязяў разам з выявай свету ідэй аб’яднаны ў жывапісе Алены ў стылістыцы тонкага і далікатнага варыянту «беларускага этнасюррэалізму». Містычны, міфалагічны змест твораў мастачкі зачароўвае гледача якасцю фарбаў, але бачым ў яе любімыя колеры — залацісты, зялёны і чырвоны — лепшае спалучэнне для казачных сцэн. Шлегель мае свой асаблівы, творчы почырк. На працягу 15 гадоў работы аўтара застаюцца аднолькава якаснымі і цікавымі; эстэтыка падачы, малюнак і палітра даўно знайшлі сваіх прыхільнікаў. І не дзіва, што прызнанне дзяржавы — перамога ў намінацыі «Жывапіс» — дасталася менавіта нашай мастачцы.

Шлегель Алена Генадзьеўна

Нарадзілася 16 ліпеня 1965 года ў Мінску.
1980-1984 — Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Дыпломная работа — насценны роспіс «Пралог» у фае ММВ імя А. К. Глебава.
1986-1991 — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Дыпломная работа — насценны роспіс «Казка» ў сярэдняй школе № 197.
З 1988 — удзел у рэспубліканскіх і міжнародных мастатацкіх выстаўках ды праектах.
1989 — сябра маладзёжнага аб’яднання Саюза мастакоў БССР.
1996 — сябра Беларускага саюза мастакоў.
1996-1999 — выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў.
1998 — лаўрэат рэспубліканскай мастацкай выстаўкі «Час. Прастора. Асоба» (2-я прэмія ў намінацыі «Жывапіс»). РМГ БСМ, Мінск.
1998 — сябра творчага аб’яднання «Міжнародная гільдыя жывапісцаў».
2004 — сябра творчага аб’яднання «Артэль».
2005 — стыпендыят Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
З 2006 — выкладае на кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
2019 — лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
2020 — лаўрэат Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Жывапіс».


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 18 мая — 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.


Выстаўка памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (ільготны — 3 BYN)

13 мая ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбылося адкрыццё выстаўкі памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае». Праект працягвае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Куратар выстаўкі — Таісія Халамава.

Ала Іванаўна запомніцца пазітыўным, поўным энергіі і творчых планаў чалавекам. Заўсёды знаходзілася ў «кветніку» студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстылі. На працягу жыцця Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў; 9 стыпендыянтаў і ўладальнікаў Спецыяльнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з сяброўкамі-калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была «рухавіком» айчыннага ткацтва і габелена; асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі.

Непачаловіч Ала Іванаўна нарадзілася 23 снежня 1951 г. у г. Моніна Маскоўскай вобл., Расія. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), вядучым выкладчыкам яе быў П. В. Масленікаў. Да 1996 года па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма.

«Тэкстыльныя кампазіцыі Алы Непачаловіч — гэта вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы, якія з’яўляюцца галоўным кірункам творчасці прафесійнага майстра ткацкага мастацтва. На тэкстыльных палотнах аўтар адлюстроўвае свой асабісты свет. З дапамогай простых формаў і арнаментальных малюнкаў Ала стварае сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль. У іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і зачаравальная таямнічасць паўтаральных арнаментаў. Але ў іх ёсць і ўласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнага мінімалізму, выразнага кода і знака. Вобразы дадзеных дэкаратыўных кампазіцый нараджаюць нечаканыя асацыяцыі. Мастак перадае стан прыроды: плынь вады, звонкае маўчанне цішыні, нябеснае мігценне святла месяца і зорак. Уражанне ад сапраўды вывераных элементаў арнаменту і іх майстэрскага злучэння, рытму ліній і палос узмацняецца вытанчаным каларыстычным рашэннем. У тэкстыльных кампазіцыях Алы Непачаловіч прадэманстраваны своеасаблівы сінтэз ідэі і матэрыялу, арыгінальныя стылістычныя распрацоўкі і наватарскія тэхналагічныя прыёмы, прасочваецца цесная сувязь з нацыянальнымі традыцыям» (Н. В. Шаранговіч).

Лаўрэат ІІ ступені Другой рэспубліканскай трыенале беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў намінацыі «Захаванне традыцый» 2013 года; лаўрэат I прэміі конкурса візуальных мастацтваў ART-SESSIO XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянский базар в Витебске» ў намінацыі «Мастацкі тэкстыль» (2014); лаўрэат ІІ ступені Міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка», Гжэль, РФ у намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал» (2017); лаўрэат ІІ ступені Х юбілейнага міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка» ў намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал», Гжэль, РФ (2018).


Выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (3 BYN — ільготны)

7 мая а 18:30 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адкрылася выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом». Глядач убачыць больш за два дзясяткі работ аўтара. «Сярэбраны альбом» — альбом маіх амбратыпаў за два гады. Гэта блізкія мне людзі, рэчы, думкі і адчуванні — мая сям’я, сябры і дом».

Па словах фатографа, прадстаўленыя творы — своеасаблівая рэфлексія да сямейных аматарскіх альбомаў фатаграфій, якія захоўваюцца ў многіх дамах і якія людзі пераглядаюць, калі збіраюцца разам падчас святаў. «Цяпер усе глядзяць у камп’ютар і тэлефоны. Хочацца, каб традыцыя рабіць сямейныя партрэты родных і проста друкаваць фотаздымкі захавалася. Такая тэхніка атрымання выяў, як амбратыпія, адсылае нас да вытокаў з’яўлення фатаграфіі і дазваляе атрымліваць унікальныя дамашнія рэліквіі».

Амбратыпія (ад старажытнагрэч. Ἀνβροτός — «бессмяротны» і τύπος — «адбітак») — варыянт мокракаладыённага працэсу, які быў вынайдзены ў сярэдзіне 1850-х гг. У выніку гэтага працэсу атрымліваецца пазітыўная выява на шкляной пласціне, зафарбаванай з аднаго боку чорнай фарбай. Працэс гэты дарагі і працяглы па часе. З прылад, акрамя фотаапарата, патрэбныя шкло, лак, посуд і рэактывы. Усе дзеянні выконваюцца за 10-15 хвілін да высыхання калодыю.

Вячаслаў Бахметаў — фатограф з Гомеля, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, уваходзіць у секцыю аналагавай фатаграфіі, секцыю трэвэл-фатографаў. Займаецца альтэрнатыўнымі фатаграфічнымі працэсамі: цыянатыпіяй, гуміалейным і гумбіхраматным друкам, алейным друкам.

Куратарка праекта — Алена Данброва.

Выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом» працуе да 4 ліпеня 2021 года.


Выстава-атракцыён па матывах мультфільмаў Алы Мацюшэўскай

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: да 1 жніўня

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно — філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — у рамках святкавання 50-годдзя беларускага анімацыйнага кіно адкрылася выстава-атракцыён па матывах творчасці ветэрана беларускай анімацыі, мастака і рэжысёра Алы Мацюшэўскай.

Панараму беларускай анімацыі нельга ўявіць без самабытнага і ўнікальнага таленту мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай. Гэтаму майстру падуладна ўсё — і стылістыка дзіцячага малюнка ў стужцы «Лыжка для салдата», і глыбокае пранікненне ў візуальнае мысленне Марка Шагала ў карціне «Марк Шагал. Пачатак», і тонкае адчуванне эпохі Адраджэння ў фільме «Дантэ. Беатрычэ». Майстэрства Мацюшэўскай надае нашай анімацыі дыханне высокай выяўленчай культуры і нясе выразнае пачуццё стылю.

На выставе прадстаўлены аўтарскія эскізы Алы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фаноў і вобразаў герояў амаль двух дзясяткаў мультфільмаў Студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і якія адлюстроўваюць творчы пошук аўтара, асноўныя этапы яго працы — раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя і стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з гатовых фільмаў, многія з якіх, дарэчы, адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў менавіта за выяўленчае рашэнне.

Арганічна дапаўняе і ўзбагачае экспазіцыю серыя гульнявых атракцыёнаў (аптычных ілюзій) на аснове кадраў і персанажаў прадстаўленых фільмаў, а таксама тэматычныя інсталяцыі і фотазона.

Пазнаёміць наведвальнікаў з багатым і шматгранным мастацкім светам Алы Мацюшэўскай, перадаць ім адчуванне святла, цяпла і радасці, якія пранізваюць яе творчасць, — так можна сфармуляваць звышзадачу ўсіх элементаў арыгінальна аформленага выставачнага праекта «Час — хуткая рака...»

На працягу працы выставы яе прадметная экспазіцыя будзе дадавацца экраннай — рэтраспектывай лепшых мультфільмаў Алы Мацюшэўскай.

Афіша дапаўняецца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.