Вы тут

Знарок не прыдумаеш


Колы выстуквалі рытм. Дастаўшы скруткі і слоічкі, суседка па купэ карміла дзяцей. Зоя глядзела на яе і думала: «Вось і я замужам, і ў мяне, напэўна, хутка будуць дзеці». Хацелася пагаварыць, але з кім? Сяброўкі толькі фыркаюць: «Дурніца, спачатку замуж выйшла, а потым задумалася». Часам не парада патрэбна, а проста магчымасць выказацца.


pixabay.com

Сёння яна дазволіла сабе раскошу — квіток у купэйны вагон і новую сукенку. У Мінску перасадка, свабодныя пяць гадзін, і яна прайшлася па крамах. Замерла, убачыўшы льняную сукенку далікатна-жоўтага колеру з карункамі. Доўга стаяла ў прымерачнай перад люстэркам, купіць не вырашалася. «Ёсць жа шчаслівыя жанчыны, яны апранаюць такія сукенкі. У іх добрыя бацькі, мужы, а тут жыццё, як у вавёркі ў коле».

Спадзявалася, выйдзе замуж, і ўсё зменіцца. Хлопца абрала самастойнага, непітушчага, а на вяселлі ён набраўся. Усё пайшло не так. Свякроў плакала:

— Жабрачку бярэ...

Былая сяброўка жаніха ўчыніла скандал. Жаніх самазадаволена пахваліўся:

— Бачыш, як мяне любяць.

Затым моладзь пайшла да ракі, прыхапіўшы сумку з гарэлкай. П'яныя сталі скакаць з чыгуначнага моста ў ваду. На просьбу нявесты не рабіць гэтага малады гаркнуў:

— Хто ў доме гаспадар?

Зоя ўжо зразумела, што сямейнага раю не будзе.

Пяты дзень шумела вяселле. Нявеста запрасілася дадому: «Мама хварэе». Маці на вяселлі не было, паслала свацці грошы і палічыла доўг выкананым. Зою ўгаворвалі застацца і, не ўгаварыўшы, раніцай пасадзілі ў электрычку.

І вось яна прымярае сукенку. Прадаўшчыца стамілася чакаць, калі Зоя нагледзіцца, пахваліла:

— Вам вельмі пасуе.

І Зоя вырашыла: раз у жыцці магу купіць сабе такое!.. Затым ужо ў іншай краме купіла тры батоны каўбасы, у Магілёве такой днём з агнём не знойдзеш. І ў дваццаць хвілін восьмай зацягнула сумку ў купэ, зачапіўшы ў калідоры хлопца з заплечнікам. «Заяц», — падумала чамусьці яна, — з правадніцай дамовіўся». Уладкавалася на лаўку і, падціснуўшы ногі, пачала пракручваць у памяці, як прайшла ўрачыстасць.

Вяселле спраўлялі па патрабаванні свякрухі. Падораныя грошы тая забрала, каб разлічыцца з даўгамі, вельмі ж уся радня любіла пагуляць. Госці разглядалі нявесту, пілі, елі, спявалі, скакалі, лаяліся, цалаваліся. Чаму ўсё ідзе па коле?

Колы адстукалі яшчэ перагон. Жанчына з дзецьмі выйшла, у купэ зазірнуў хлопец з заплечнікам.

— Добры дзень, дазвольце пасядзець у купэ. Не хапіла квіткоў, папрасіў правадніцу ўзяць на свой страх і рызыку.

Зоя падумала: «Не памылілася, «заяц». І адказала:

— Калі ласка.

Разгаварыліся. Валодзя працаваў на заводзе, ехаў на выхадны да маці. Равеснік мужа, прыкмеціла Зоя, але погляд і гаворка іншыя. Зоя сказала, што едзе са свайго вяселля. Размова пайшла аб вяселлях, традыцыях, ролі сям'і.

Валодзя схадзіў за гарбатай і разгарнуў кулёк з цукеркамі.

— Частуйцеся.

Узяла адну — мяккі мармелад у шакаладзе. Валодзя расказваў пра сябе: працуе, вучыцца завочна, жыве ў інтэрнаце. Зоя так захапілася размовай, і цукеркі былі такімі смачнымі, што яна не заўважыла, як з'ела ўсе.

— Прабачце, — ледзь не заплакала ад прыкрасці.

— Нічога, у мяне яшчэ ёсць, — Валодзя палез у заплечнік.

— Не-не, — спалохана запратэставала Зоя, — мне і так няёмка.

— Я іх заўсёды маме купляю, сама пачастуецца, суседак пачастуе, — усміхнуўся Валодзя.

За акном сцямнела, мільгалі чорныя сілуэты дрэў. Зою сустракала маці, Валодзя нёс Зоіну сумку.

— Валодзя, Марыя Паўлаўна, — прадставіла іх Зоя.

Мяркуючы, што гэта госць з вяселля, Марыя Паўлаўна спытала:

— Як даехалі? Куды накіроўваецеся?

Аказалася, маці Валодзі жыве пад Магілёвам, ад іх прыпынку яму трэба ісці пяць кіламетраў.

— Уначы! — жахнулася Марыя Паўлаўна. — Пераначуйце ў нас, а раніцай пойдзеце.

— Згодны, — сказаў Валодзя. — Толькі з умовай: заўтра Зоя паедзе са мной да маіх бацькоў.

Ніхто не зразумеў, што гэта азначае. Палічылі за жарт. Валодзю і айчыму паслалі ў пакоі, Марыі Паўлаўне з Зояй — у пярэдняй.

Раніцай Зоя прачнулася ад паху кветак: каля галавы стаяў букет, у двары хтосьці калоў дровы, а ў пакоі маці спрачалася з айчымам.

— Вы каго прывялі?

— Гэта радня жаніха.

— Ветлівая радня, — з'едліва казаў айчым, — нават па кветкі на луг збегаў. Чаго Зойка там не засталася? Няхай каціцца да мужа.

Зоя апранулася і выйшла да ўмывальніка.

— Добрай раніцы, — усміхнуўшыся, сказаў Валодзя.

— Зараз пойдзем чай піць, — прапанавала Зоя. Ёй было няёмка, што ў хаце сварка.

— У мяне лепшая прапанова. Мама ўжо бліноў напякла і карову падаіла. Яна будзе рада, ісці ўсяго сорак пяць хвілін. Пойдзем?

— Хадзем, — нечакана для сябе адказала Зоя.

 

Яна адчула бязмежны давер да хлопца, які ўсё разумеў. Вярнулася ў дом, надзела новую сукенку. Валодзя тым часам развітваўся, дзякаваў за начлег, паціскаў айчыму руку.

Валодзіна маці сапраўды ўзрадавалася.

— Я з'ела вашыя цукеркі, — прызналася Зоя, — прабачце.

Маці ўсміхнулася.

— Я не ем салодкага. Ну, можа, адну паспрабую, усё суседкам раздаю. Еш на здароўе.

Зоі было лёгка і проста ў гэтых людзей.


Развод заняў няшмат часу. Муж злаваўся, пагражаў, нават з сябрамі прыязджаў на разборкі.

Зоя і Валодзя выгадавалі траіх дзяцей і на гэты дзень шчаслівыя ў шлюбе.

— Часам трэба выскачыць з кола, у якім бяжыш, — сказала Зоя, дзелячыся са мной сваёй гісторыяй. — Страшна падумаць — калі б ён не зайшоў у маё купэ, дзе і з кім я цяпер жыла? Знарок не прыдумаеш: трэба было выйсці замуж, каб на шляху з вяселля сустрэць свой лёс...

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.