Вы тут

У Віцебску адкрылася XІ Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2021»


На святочнай прэзентацыі яблыку не было дзе ўпасці. І гэта зразумела, бо ў Беларусі такія выстаўкі праводзяцца з 1999 года, аднак упершыню — у горадзе над Заходняй Дзвіной. Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч у віншавальным звароце падкрэсліла, што прыемна было прывезці экспазіцыю менавіта ў сталіцу Падзвіння. Цяпер у будынку віцебскай ратушы можна паглядзець на мінулае краіны праз выявы на марках.


Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін падзякаваў арганізатарам праекта. Ён назваў выстаўку знакавай падзеяй і магчымасцю адкрыць шмат новага для сябе. Добрым настроем ад убачанага падзяліўся кіраўнік грамадскай арганізацыі Саюза філатэлістаў Расіі Сяргей Еўтушэнка.

Названыя выступоўцы ўзялі ўдзел у цырымоніі гашэння паштовай прадукцыі спецыяльным памятным штэмпелем. Да іх далучыліся старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, старшыня праўлення Беларускага саюза філатэлістаў Сяргей Піліповіч, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за сто калекцый з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Ізраіля, Латвіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Чэхіі. Наведвальнікі змогуць убачыць калекцыі вядомых беларускіх філатэлістаў, якія атрымалі шматлікія ўзнагароды на міжнародных і нацыянальных філатэлістычных выстаўках.

Да адкрыцця экспазіцыі беларуская пошта падрыхтавала шырокі асартымент прадукцыі. У тым ліку — мастацкі маркіраваны канверт, прысвечаны XXX Міжнароднаму фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Парадуе адмысловы паштовы выпуск «Святы і абрады беларусаў» (чатыры маркі, канверт Першага дня, спецыяльны штэмпель і мастацкія карткі). На паштовай прадукцыі прадэманстраваныя найбольш яркія і любімыя святы: Каляды, Вялікдзень, Купалле і Багач. Здзівіць паштовая марка «Купалле», якая быццам ажывае, калі на яе навесці камеру гаджэта з запушчаным дадаткам AR Marka Belarus.

Гэта і іншае можна набыць у гандлёвым аб’екце, арганізаваным у адной з залаў выстаўкі. Там, між іншым, можна ўкінуць канверт у скрынку. «Пункт» будзе функцыянаваць да 18 ліпеня, калі афіцыйна скончыцца міжнародны фестываль мастацтваў. А выстаўка прадоўжыцца да 22 жніўня.

Для наведвальнікаў з дзецьмі падрыхтаваны дзіцячы куток. У ім малыя змогуць пры дапамозе інтэрактыўнага экрана бліжэй пазнаёміцца з маркамі, памаляваць, пачытаць цікавыя выданні. Такім чынам, «Белфіла-2021» становіцца выдатнай магчымасцю цікава і незвычайна правесці час з сям’ёй.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Маркі — пра гісторыю і сучаснасць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.