Вы тут

Ма­гі­лёў­скі пісь­мен­нік Алесь Ка­зе­ка пра ся­мей­ную тра­ге­дыю і ве­ру ў Бо­га


Летась у Борках быў пабудаваны вялікі мемарыял у памяць тых, хто 15 чэрвеня 1942 года жывымі былі спалены нацыстамі падчас адной з самых буйных за гады Вялікай Айчыннай вайны карных аперацый. У той дзень ахвярамі нелюдзяў сталі больш чым 2000 мірных жыхароў гэтай і іншых вёсак. У жывых засталіся адзінкі, у тым ліку маці старшыні Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі — Марыя Восіпаўна Дайнека. Некалькі гадоў таму ён напісаў паэму «Марыйка», якую прысвяціў трагедыі сваёй маці. Сёння цытаты з яе можна прачытаць на сцяне ў доме-музеі мемарыяльнага комплексу. Яны размешчаны побач з фатаграфіямі людзей, якія жылі ў Борках да вайны, і назвамі вёсак Кіраўскага раёна, поўнасцю або часткова знішчаных карнікамі.


Выгадаваўшы пяцярых дзяцей, Марыя стала манахіняй.

Раніца 15 чэрвеня 1942 года...

— Пра гэтую трагедыю ў сям'і не было прынята гаварыць, але яна існавала і не давала супакоіцца, — расказвае Алесь Мікалаевіч. — Маці ніколі не расказвала ўсю гісторыю цалкам, так, невялікімі кавалачкамі. З іх потым і нарадзілася паэма. У матулінай сям'і было каля дзесяці дзяцей, але на пачатку вайны засталіся толькі чацвёра: Мікалай, Вольга, Шурка і Марыя — мая маці.

Наста Дайнека, маці Марыйкі, яе сястры і братоў, памерла перад вайной — у 1939 годзе. Бацька Восіп паспеў яшчэ раз ажаніцца, але вясной 1942 года таксама памёр. Старшая сястра Марыйкі Вольга была замужам і жыла ў Борках — за 10 кіламетраў ад бацькоўскай хаты, якая знаходзілася ў Новым Юзіне. Браты Мікалай і Шурка пайшлі ваяваць. Мікалай быў танкістам і прапаў без вестак падчас абароны Магілёва, а Шурка трапіў у палон, збег і вярнуўся дахаты. У той дзень, калі ў Боркі прыйшла бяда, Шурка забег да Вольгі, каб развітацца і разам з сябрамі пайсці ў партызаны. Выйсці з вёскі ў яго ўжо не атрымалася. Муж Вольгі напярэдадні адправіўся з канём у суседнюю вёску на заробкі. Толькі гэта яго і выратавала ад страшнай смерці. Вольга заставалася разам з малымі дзецьмі і чакала малодшую сястру Марыйку. Яна павінна была раніцай прыбегчы да яе. Вольга хацела прапанаваць ёй перабрацца жыць да яе. Нельга было заставацца маладой дзяўчыне адной у хаце пасля смерці бацькі. Мачаха, як толькі пахавалі гаспадара, збіралася вярнуцца да сваіх. Раніцай 15 чэрвеня Марыйка пайшла па Юзінскім (Збушынскім шляху да сястры. Яна амаль дайшла да Борак, але прыпыніў немец. Яна адчула пах дыму і стрэлы, нешта жахлівае адбывалася там, дзе знаходзілася яе сястра і пляменнікі. Але немец падымаў на яе зброю і крычаў незразумелае: «Halt! Man darf nіcht! Zuruck!» (Стой! Нельга! Назад!) Ужо потым яна даведалася, што сярод тых больш чым 2000 чалавек, спаленых жывымі, былі яе Шурка і Вольга з дзецьмі. У той момант ёй падалося, што час прыпыніўся...

Вяртанне да жыцця

Мама, мамачка,

страшна і сумна,

Што няма цябе побач

са мной.

Мама, мамачка, страшна

 і сумна

Заставацца на свеце

адной...

Жах, боль, адчай — сэрца, здавалася, рвалася на часткі. А ў галаве гучала як прысуд: адна, на ўвесь свет адна. Але, напэўна, з генамі ёй перадалося ад бабкі, якая верыла ў Бога, разуменне, што яна невыпадкова засталася на зямлі. Што яна цяпер адзіная захавальніца роду і яго прадаўжальніца. А дзеля гэтага трэба жыць. Вёску тройчы бамбілі, дом у Новым Юзіне, дзе жыла Марыя, згарэў, і яна перабралася ў зямлянку. Так і жыла сярод балот, паблізу ад вядомых партызанскім рухам клічаўскіх лясоў. Вёсачка Новы Юзін знаходзілася на стыку трох раёнаў — Кіраўскага, Клічаўскага і Быхаўскага. Знайшліся добрыя людзі, якія дапамаглі перажыць цяжкія хвіліны. Разам яны хадзілі на богаслужэнні ў найбліжэйшыя вёскі Брылёўка і Доўгае. Там яна і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мікалаем, з якім нарадзіла пяцярых дзяцей. Нельга казаць, што іх пасляваеннае жыццё было спакойным і ціхім. У 1959 годзе згарэў дом, які сваімі рукамі пабудаваў Мікалай. Асабліва Марыя шкадавала, што ў агні загінулі старадаўнія малітоўныя кнігі. Але добра, што і самі, і дзеці засталіся цэлыя. Мікалай пачаў будаваць новы дом, але грошай, каб яго скончыць, не хапіла. Незавершаны будынак прадалі, а атрыманых за яго грошай хапіла на маленькі стары домік. Ён быў вельмі цесны для вялікай сям'і, але іншых варыянтаў не было. Радні амаль ніякай, дапамагаць няма каму. З блізкіх толькі маці Мікалая. Бацька вярнуўся з фронту, але хутка памёр. Дом, які Мікалай не дабудаваў, потым стаў школай, у якую хадзілі і дзеці Марыі і Мікалая.

Забароненая тэма

Марыя ні на хвіліну не забывала тую трагедыю. Назвала старшую дачку ў гонар сястры Вольгі, а сына — Шурка, Алесь. Дзеці раслі, а з узростам расла і іх цікавасць да жахлівай падзеі ў Борках.

— Аднойчы ў сярэдзіне сямідзясятых мы паехалі ў Колбава, хацелі знайсці Сцяпана — мужа Вольгі, — расказвае Алесь Мікалаевіч. — Ён там жыў з другой сям'ёй. Але, на жаль, так і не сустрэліся. Сам ён пазбягаў сустрэч з маці. Яна была вельмі падобная на сваю старшую сястру і нагадвала пра страшную страту.

Кожны паказ музычна-літаратурнай пластычнай кампазіцыі «Марыйка» —  асобная гісторыя.

Да балючай тэмы Алесь вяртаўся яшчэ некалькі разоў, ездзіў у Боркі, шукаў сведак. Але што яны маглі расказаць? Аднойчы дзяцей вельмі напалохала маці. У іх на Друці адпачывалі нямецкія студэнты, смяяліся, пра нешта гаманілі. Жанчына пачула чужынскую мову і кінулася на кампанію з крыкамі: забойцы. Яе тады ледзь адцягнулі. Сын потым яшчэ доўга супакойваў маці. Казаў, што не ўсе немцы былі вырадкамі. Меліся сярод іх і прыстойныя людзі. Дзякуючы аднаму з іх яна і засталася жывой.

— Мая цешча ўспамінала, што, калі карнікі палілі вёску Студзёнку ў Быхаўскім раёне, у ачапленні стаялі мясцовыя паліцаі, — успамінае Алесь Мікалаевіч. — Міма іх ішлі маладыя дзяўчаты, якія не ведалі, што адбываецца на іх шляху. Паліцаі з імі пагутарылі, пасмяяліся і нават не папярэдзілі, каб яны туды не шлі. Нелюдзі, адным словам.

Другое жыццё Марыйкі

Так атрымалася, што паэма пра сямейную трагедыю з'явілася ўжо пасля таго, як з жыцця пайшлі бацька і маці. Алесь Казека пісаў яе на сваёй дачы ў Чачэвічах на беразе неабсяжнага Чыгірынскага вадасховішча. Рабіў там рамонт, але думкі былі далёка. Паэтычныя радкі быццам бы дасылаліся аднекуль. Часам нават здвалася, што не Марыйка, а ён бяжыць да Вольгі па Юзінскаму шляху. Рука запісвала словы, і яны здзіўлялі. У іх не было абвінавачванняў, яны, наадварот, давалі сілы.

— Гэта паэма не пра смерць, — кажа суразмоўца. — Гэта — паэма-пераадольванне. Зусім яшчэ маладая дзяўчынка, лічы, дзіцё, пастаўлена ў нечалавечыя ўмовы: вайна, усіх спалілі, і яна з гэтым болем адна. Што рабіць, каб не зламацца? Шлях адзін — да Бога. Гэта дала ёй сілы і замуж выйсці, і пяцярых дзяцей паставіць на ногі, а потым і манаства прыняць. Бацькі прынялі такое рашэнне, калі мы ўсе з'ехалі з дому. Калі абодва сужэнцы прымуць рашэнне ісці да Бога, шлюб лічыцца несапраўдным. Яны жылі як два манахі — брат і сястра. Бацька прыняў свяшчэнства і стаў іераманахам Феадосіем. Дом у Чачэвічах, дзе яны жылі, быў асвечаны як Пакроўскі храм. Бацька памёр ад анкалогіі ў 2008 годзе, маці — ад цукровага дыябету двума гадамі раней.

Каб памяталі

Летась «Марыйка» моцна прагучала ў выкананні навучэнцаў Магілёўскага каледжа мастацтваў са сцэны Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах. Гледачы не хавалі слёз, перажываючы тыя падзеі. Нават сам аўтар быў у роспачы.

— Калі пісаў, было балюча, бо прыйшлося ўсё прапусціць праз сябе, — прызнаўся ён. — Але пасля прагляду «Марыйкі» на сцэне, перажыў яшчэ адно моцнае ўзрушэнне.

— Калі мы азнаёміліся з гэтым матэрыялам, зразумелі, што проста так чытаць нельга — ён абавязкова павінен быць увасоблены праз пластыку, — расказвае выкладчыца тэатральных дысцыплін Магілёўскага каледжа мастацтваў Алена Ярашук. — І патрапілі ў цэль. Па меры таго, як мы саспявалі ў гэтым матэрыяле, мы ўлюбляліся ў яго. Там жывое слова і нешта даступнае простаму разуменню. Мы ўжо шмат дзе яго паказвалі. Пабывалі на мемарыяльным комплексе, бачылі той калодзеж, дзе тапілі дзяцей, бэлькі спаленай хаты. Дзеці прасякнуліся гэтым так, што зараз аддаюцца пастаноўцы цалкам. Кожны раз мы адкрываем для сябе нешта новае. Такі матэрыял вельмі патрэбны сёння і моладзі, і людзям сталага ўзросту. Такія рэчы нельга забываць. Чалавек прыходзіць у свет, каб жыць у гармоніі, любові і прыгажосці. І гэта аповед пра любоў. Чалавек нарадзіўся ў любові і для любові. Калі б Марыйка не перажыла трагедыю, магчыма, яна не так любіла б. Пасля гэтай паэмы я палюбіла ў беларускую мову. Якая ж яна ў нас пявучая, ласкавая, трапяткая і вельмі зразумелая.

Сёлета на Дзень Перамогі музычна-літаратурную пластычную кампазіцыю можна было ўбачыць на сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра. Тэатр падтрымаў сваіх пачынаючых калег, і «Марыйка» ў прафесійным афармленні стала яшчэ больш яркай і пранізлівай.

— Кожны паказ гэтай музычна-літаратурнай пластычнай кампазіцыі — асобная гісторыя, — прызнаецца галоўны адміністратар Магілёўскага абласнога драмтэатра Аляксей Наяровіч. — Я чытаю асноўны тэкст і заўсёды вельмі перажываю. Цяжка бывае стрымліваць эмоцыі. Паэма «Марыйка» — уладальніцаH Гран-пры абласнога конкурсу «У далонях маёй Беларусі» — яе ўбачыць уся вобласць. І вельмі прыемна, што гэты паказ стартаваў менавіта з драмтэатра. Бо гэтая зала, сцэнічнае афармленне, сама сцэна здольны перадаць усю глыбіню пастаноўкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сямейнага архіва Алеся Казекі

Загаловак у газеце: «...Не да­зволь­це вай­не паў­та­рыц­ца...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.