Вы тут

Паглядзець на мастацтва з другога боку можна на новай выставе «Астральны нацюрморт»


Майстар мог разняволіцца — як стваральнік, які толькі што скончыў вялікую работу і аглядаў вынік: вось свет, існаванне якога пачыналася з рысачак на пласціне, а перацякло на белыя аркушы, пакінуўшы на іх асаблівае жыццё. Але сапраўдны стваральнік заўсёды ведае, што заканчэнне вялікай работы — насамрэч толькі пачатак існавання жыццёвай энергіі: размоў, спрэчак, дыялогаў. Бо ў справе стварэння ці не галоўнае — калі яна пашыраецца, ідзе далей, уцягвае іншых, выходзіць за абшары звыклага і рассоўвае прастору, нават за межы абсяжнага свету. А што там, за абсягамі? Мастак-графік Юрый Якавенка прапануе паглядзець. Яго выстаўка «Астральны нацюрморт» працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і дэманструе ўсё тое, чым адметны гэты аўтар і чаму яго так шануюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.


Фота: БелТА

1. Інтэлектуальнасць

Майстар па сусветах — унутраных і вонкавых, — Юрый Якавенка чапляе менавіта гэтай дзіўнай рэчаіснасцю, якая заўсёды ёсць у яго работах, што б ён ні ствараў — ці то кніжную графіку, ці то аўтарскую. Прычым у кожнай пазнавальныя яго стыль і лад мыслення. Больш вызначальнае якраз апошняе: ці гэта ілюстрацыі да «Дзікага палявання караля Стаха» Караткевіча альбо да «Песні пра зубра» Гусоўскага, ці то аўтар натхняецца біблейскімі гісторыямі ды старажытнагрэчаскімі міфамі, ці то ён знайшоў уласнае вызначэнне лірыкі. Вось як у серыі афортаў «Санет», якая была адзначана Нацыянальнай прэміяй у галіне выяўленчага мастацтва за мінулы год.

Але і дагэтуль Юрый Якавенка з'яўляўся мастаком, чыё імя вядомае далёка за межамі Беларусі. Ён адзначаны прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі — калі ў мастацтве па гэтым параметры магчымыя рэкорды, то вось адзін з рэкардсменаў. Выстаўкі творцы, які жыве ў Гродне, чаканыя ў розных еўрапейскіх гарадах, на іх завітваюць нават манашрыя асобы. Час ад часу яго выстаўкі абуджаюць і сталічных аматараў мастацтва. Якавенка робіць гэта праз афорт — адну з класічных і вельмі складаных тэхнік, калі малюнак выдзіраецца на пласціне, а каб стравыць гравюру, падключаецца хімія: растворы, сумесі, вадкасці, каб аддрукаваць задуманую выяву, ды і тое — заўсёды магчымыя нечаканасці. Мастак, які выбірае такі шлях у творчасці, у нечым падобны на алхіміка, што выводзіць уласную формулу творчага жыцця. Складанае майстэрства вымагае адпаведных выяў...

Разглядаць іх трэба пільна. Па-першае, творы невялікія. Трэба ўмець напоўніць іх сюжэтам, зместам. Гэта па-другое. І тут адметнасць Юрыя Якавенкі, ён умее распавесці шмат праз сімвалы, якія трэба счытаць. Часам яго праца падаецца мастацтвам шыфравальшчыка, які задае галаваломку. Іншая справа, што разгадка — любая, якая б ні прыйшла ў галаву, — будзе правільная, бо створана ўласным уяўленнем паводле графічнай «падказкі» аўтара. Але нават складаныя творы з мноствам дэталяў успрымаюцца натуральна, нязмушана — нібы такое ёсць і нічога ён не прыдумаў. Трэба ўмець.

2. Сюррэалістычнасць

Вобразы Якавенкі могуць падавацца фантасмагарычнымі, але аднойчы ў штодзённай мітусні ты можаш злавіць сябе на думцы, што яны насамрэч існуюць у рэальнасці. Аўтар, можа, крыху сканцэнтраваў, спрэсаваў, умацаваў іх успрыманне. І жывыя істоты нібыта з іншасвету — але такія пазнавальныя, і рэчы быццам ніадсюль, але як паглядзець...

Па рэчах, якія нас акаляюць, звычайна і ўспрымаем свет: блізкі, наш, ці не. А можа быць далёкі, экзатычны. Ці наогул загадкавы, бы напоўнены прыладамі эзатэрыкаў. Гэтая выстаўка Юрыя Якавенкі тым і асаблівая — ён прапануе адштурхнуцца ад знаёмых рэчаў, узняцца над імі і «выйсці ў астрал» — уявіць, дзе можа вандраваць наша свабодная душа, што яна можа бачыць. Ад трывалай глебы пад нагамі, ад надзейных муроў і непрабівальнай цэглы можна адарвацца, прынамсі, поглядам і перавесці яго ўверх. А далей... Там, у найвышэйшай прасторы, неабавязкова будзе святло. Там можа панаваць цемра, але гэта не значыць змрок. Там можа быць беспрасветнасць, але яна не азначае безнадзейнасць. Бо там, у неспазнаным далекім найвышэйшым свеце ёсць прыстанак тонкаму астральнаму целу. І вось жа дзе-нідзе можна ўгледзець абрысы гэтых целаў. У той момант, калі ты ўглядаешся ў гэты свет, ён нібыта ўглядаецца ў цябе. Праз большыя ці меншыя шчыліны паміж сусветамі (форма твораў абрана нездарма). Праз пробліскі цемных выяў, якія пранізваюць татальны белы фон — нелагічна? Як быццам перакулены свет. Але так часам выглядаюць сонечныя промні, што праслізнулі праз шчыльныя белыя аблокі з насычана-сіняга неба. І ты разумееш, што святло ідзе не адтуль, дзе белы, што можа быць зусім наадварот.

3. Шматслойнасць

Невялікія па памеры работы вымагаюць вялікай увагі. Іх нельга «прабегчы» хутка, бо хочацца разгледець дэталі, скласці карціну ў сваёй галаве, суаднесці яе з формай выявы. Мы звыкла думаем, што нацюрморт — дэкаратыўнае мастацтва. Але не ў гэтым выпадку. У нацюрморт закладзена нерухомае жыццё. Але чаму мне здаецца, што творы пазбаўленыя статычнасці? Мо справа сапраўды ў тонкасці астральнага свету, дзе ўсё няяўнае, але існуе. А прадметы змяняюцца па волі фантазіі аўтара-стваральніка дзіўнасвету, які адрозніваецца ад таго, у якім жывём мы, але гэтае не відаць адразу. Ці таму, што ў гэтых мікрасветах ідзе сваё ўнутранае жыццё, як на ўзроўні элементарных часціц.

Зрэшты, мой погляд не можа быць адзіным правільным ужо таму, што кожны сузіральнік такога мастацтва мае свой — таксама правільны — погляд. Таму графіка Якавенкі — гэта цудоўная магчымасць для гледача з любымі ўзаемаадносінамі з мастацтвам. Нездарма ён быў сярод тых беларускіх майстроў, хто ўдзельнічаў у праекце «Мастак і горад» на сталічнай плошчы Якуба Коласа, які быў прысвечаны сучасным творцам. Неаднаразова бачыла, як каля твораў Якавенкі людзі «завісалі»: што ж ён такое закруціў? Але нават пры магчымай «закручанасці» няма адчування перагружанасці твораў. Наадварот, ёсць некаторыя, што дапаўняюць адзін аднаго — «складанкі», па якіх разумееш, што статычнасці няма, і любая, нават астральная рэчаіснасць, трансфармуецца — менавіта таму вы заўважаеце кавалкі ці аскепкі толькі што існаваўшых з'яў.

З-за таго, што ў афортах Юрыя Якавенкі некалькі напластаванняў сэнсаў, кожны мае магчымасць прачытаць сваю тэму. Згаданая выстаўка — тое месца, дзе ты можаш быць сабой. Тым больш калі знойдзеш магчымасць адарвацца ад будзённасці і «выйсці ў астрал» — хоць бы праз замочную шчыліну: праз яе можна падглядваць за іншасветам альбо ажыццявіць пераход у паралельную рэчаіснасць, якая насамрэч можа жыць у табе самім і пры неабходнасці станавіцца прыстанішчам для ўласнага тонкага цела, калі яму мала вонкавай прасторы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Абсягі алхіміка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.