Вы тут

«Аляксандр Лышчык. Скульптура». Выстава да якой не дажыў майстра


Мастакі, музыканты, пісьменнікі жадаюць дзяліцца ўласным бачаннем свету праз свае творы, а іх родным важна захаваць памяць пра чалавека і зробленае ім. У чарговы раз пераконваюся ў гэтым пасля знаёмства з жонкай і сынам скульптара Аляксандра Лышчыка. Яго персанальная выстаўка «Аляксандр Лышчык. Скульптура», прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння, да якога, на жаль, ён не дажыў, днямі адкрылася ў Палацы мастацтваў. Тут работы майстра можна ўбачыць да 11 жніўня, а з 13 жніўня экспазіцыя на месяц перамесціцца ў Каменец і будзе чакаць наведвальнікаў у раённым Доме культуры.


Скульптар Аляксандр Лышчык з ліку тых, хто сваім талентам вядомы не толькі на роднай Брэстчыне, але і па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі. Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч 13 жніўня 1951 года ў Каменцы. Сціплы, але таленавіты хлопчык з дзяцінства цягнуўся да творчасці. Салдацікі з пластыліну па тым часе былі не толькі забавай, але і першымі спробамі паказаць сваё ўменне ўвасабляць фантазіі ў нешта матэрыяльнае... Пасля скульптуры, зробленыя яго рукамі, упрыгожаць прыватныя калекцыі, вуліцы беларускіх гарадоў...

Пакуль тое спраўдзіцца, прыйдзецца пражыць рознае. Пасля школы Аляксандр Іванавіч паступае ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але ўжо праз год сыходзіць, адчуваючы, што архітэктар — не яго прызванне. А потым, адслужыўшы ў арміі, вяртаецца дадому і пачынае працаваць у мясцовым Доме культуры. Магчымасць паспрабаваць сябе ў розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пераконвае юнака, што найбольш яго захапляе скульптура. У гэты час ён знаёміцца з будучай жонкай Зояй. Дзяўчына тады нават не падазрае, як складзецца яе жыццё побач з прыгожым і таленавітым хлопцам, які штовечар праводзіць яе дадому...

— Я тады не разумела, які лёс мяне чакае. Мы стварылі сям'ю, нарадзілася дачка. І вось з трохгадовым дзіцем на руках я пераязджаю з мужам у сталіцу, бо ён стаў студэнтам, — распавядае Зоя Савелеўна. — Не кожны адважыўся б на такое, але я бачыла, што гэта яго любімая справа, і без яе Аляксандр не можа, нават не разглядала іншых варыянтаў. Мне трэба было ехаць за мужам, каб ён стаў тым, кім хацеў быць...

Так з года ў год два творчыя чалавекі (Зоя Савелеўна скончыла рэжысёрскі факультэт) ужываліся ў адной сям'і. Хоць ім і перашкаджала работа адно аднаго, але кожны ведаў, што другая палавінка — гэта яго падтрымка і апора.

У творчасці Аляксандру Іванавічу і занятасці хапала, і зробленае карысталася попытам. Сёння яго скульптуру можна ўбачыць у родным Каменцы — «Помнік будаўніку Алексу», у Кобрыне іх цэлых тры — «Помнік князю Уладзіміру Васількавічу і княгіні Вользе», «Боцман», «Купалле», а ў Бабруйску жыве і ветліва ўсміхаецца яго «Бабёр»... Што ж да Мінска, які фактычна стаў другім домам творцы, то тут стаіць зроблены ім помнік на Брацкіх ваенных могілках, скульптар удзельнічаў у стварэнні мемарыяльнай дошкі Міхаілу Пташуку. А калі браць работы, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях, то геаграфія іх закранае блізкае і далёкае замежжа.

— Ён нічога не баяўся ў творчасці. Аднак, перш чым узяцца за работу, доўга абдумваў ідэю, вывучаў розныя матэрыялы па тэме. Бывала, прыйду, а ён сядзіць моўчкі, я пытаюся: «Чаго сядзіш?», ён жа адказвае «Зоя, я не сяджу, а працую!», — дзеліцца Зоя Савелеўна.

І здавалася, што ён яшчэ столькі паспее здзейсніць задуманых ідэй, а потым яны ўдваіх з'едуць на малую радзіму, і там жыццё стане спакайнейшае, з'явіцца больш часу, каб пагаварыць, прыгадаць перажытае і няспешна сустрэць старасць. Але раптам навіна, што жыць засталося лічаныя месяцы... Сын Вячаслаў прызнаецца, што да апошняга верыў у цуд, што ўсё міне, і тата зноў вернецца ў строй. А калі Аляксандра Іванавіча не стала, ён засяродзіўся на тым, каб захаваць і працягнуць бацькоўскую справу.

— Я не скажу, што гэта дапамагло мне справіцца з яго стратай. Наадварот, усё яшчэ больш ускладнілася, асабліва адразу пасля яго сыходу. Браць яго інструменты, быць у той яго атмасферы стане не так балюча толькі з часам. Але я вельмі беражліва стаўлюся да ўсяго, бо гэтаксама бацька адносіўся і да мяне, — кажа Вячаслаў. — Мяне матывавала працягнуць татаву справу тое, што ён рана сышоў, не паспеў завяршыць многія свае работы. Бацька быў працаголік, але, як мне здаецца, недаацэнены майстар. Хочацца адкрыць яго для людзей шчэ з новага боку. Я стараюся адшукваць яго работы, рэстаўрыраваць іх. Так, напрыклад, адну з іх мне вярнуў мужчына, бо бацька пачаў яму сніцца штоночы. Містыка ці не, не ведаю, але часам і я ў працэсе работы заўважаю, як пэўная скульптура не складваецца, а пры адліўцы проста атрымліваецца нейкая субстанцыя. Дарэчы, мы ў рамках выстаўкі даём магчымасць наведвальнікам у нейкай ступені адчуць творчы працэс, атмасферу бацькавай майстэрні. Я вось думаю, як бы ён аднёсся да таго, калі б убачыў свае работы на выстаўцы. Адобрыў бы ці сказаў, што я ўсё раблю не так? Мы ніколі з ім не абмяркоўвалі, што будзе пасля яго... І гэтая выстаўка якраз і ёсць па сваёй структуры напамінам, што нашым зямным жыццём наша прысутнасць у свеце не заканчваецца. Бо застаецца энергія, якая жыве ў тым, што створана намі. Можа, і мая дачка ў будучым працягне гэтую справу, і гэтая калекцыя паслужыць далейшым выстаўкам, дзе будзе жыць бацькава імя.

Ён быў вельмі цярплівы, мудры і ўсё рабіў нібы на адным дыханні. Халтура для яго была недапушчальная, і гэтаму ён вучыў мяне. Таму, спадзяюся, што і я давяду да канца ідэі па стварэнні яго музея ў Каменцы, і яго справа жыцця працягне жыць у нашай сямейнай майстэрні.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва сям'і

Загаловак у газеце: Асоба — праз любоў да мастацтва.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.