За апошнія гады тэма экалогіі стала своеасаблівым брэндам. Пытанні і меркаванні аб экалагічных абставінах усё больш актыўна асэнсоўваюцца сучасным мастацтвам. Беларускія творцы не засталіся ўбаку. З 29 ліпеня распачнецца серыя праектаў, прысвечаных 35-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Падчас прэс-канферэнцыі «Тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы вачыма мастакоў» арганізатары распавялі, чаго чакаць ад выставак.
Паводле слоў старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка, у межах праекта адбудзецца пяць выставак, якія будуць экспанавацца ў Мінску. Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч дадала, што арганізатары прынцыпова зрабілі кожны з пяці праектаў куратарскім:
Выстаўка «Вежы. Kasіa&Basіa» распачне работу ў Рэспубліканскай карціннай галерэі. На ёй будуць выстаўляцца работы шасці беларускіх мастакоў: Юрыя Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Грыневіча, Уладзіміра Панцялеева, Валянціны Шобы і Вікторыіі Ільіной. Мастакі аднаго пакалення, якія атрымалі адукацыю ў Акадэміі мастацтваў і працуюць у адзіным творчым поле. У межах «Вежы. Kasіa&Basіa» будуць прадстаўлены графіка, жывапіс і скульптура.
Таксама ў Палацы мастацтваў пройдзе выстаўка «Пласт-21». Праект, які курыруе Вольга Сямашка, прысвечаны работам з керамікі і шкла.
Яшчэ адзін выставачны праект, які змогуць убачыць жыхары і госці Мінска, мае назву «35 гадоў пад знакам «Ч?»». Ён быў падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў і ўжо экспанаваўся ў красавіку гэтага года ў Гомелі. На выстаўцы будзе прадстаўлена больш за семдзесят твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія прысвечаны экалагічным катастрофам і іх наступствам.
У праекце «Чатыры чвэрці. Расліны» ўсяго два ўдзельнікі: беларускія керамісты Валерый Калтыгін і яго сын Максім. Праект прысвечаны асэнсаванню раслін, іх стылізацыі і трансфармацыі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Розніца ва ўзросце, поглядах ды падыходах бацькі і сына — найцікавейшы бок выстаўкі. «Чатыры чвэрці. Расліны» таксама экспануецца ў Рэспубліканскай карціннай галерэі.
Апошні праект прысвечаны творчасці беларускага скульптара Аляксандра Лышчыка. Экспазіцыя сабрала творчыя праекты, эскізы і работы скульптара, якія былі ажыццеўлены.
Наталля Шаранговіч падкрэсліла, што праекты дазваляюць убачыць, як на працягу амаль сарака гадоў змянялася асэнсаванне трагедыі на АЭС у мастацтве. Калі спачатку пераважала дакументальная фіксацыя падзей, то ў нашы дні мастакі імкнуцца да метафарычнага ці сімвалічнага адлюстравання катастрофы.
Палац мастацтваў ужо чакае наведвальнікаў.
Арына КАРПОВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?