Вы тут

Вялікая Айчынная. Віртуальная дарога ў 1941-ы...


Мікалая Чаркашына добра ведаюць чытачы ў Расіі і ў Беларусі. Дзясяткі яго кніг прысвечаны ваеннай гісторыі. Шмат напісана пра ваенных маракоў розных пакаленняў. Многія сюжэты звязаны з Беларуссю. Ды і сам пісьменнік нарадзіўся на Гродзеншчыне, у Ваўкавыску.


А з нядаўняга ў рускага пісьменніка і такая повязь з нашай старонкай: у лесе, на Слонімшчыне, непадалёку ад вёскі Касцяні прайшла прэзентацыя новых раманаў Мікалая Чаркашына «Берасцейскія вароты» і «Бог не гуляе ў косці». Чаму ў лесе? Чаму на Слонімшчыне?

— І для мяне гэта самая незвычайная прэзентацыя ў журналісцкім, пісьменніцкім лёсе, — расказвае празаік. — Замест залы быў лес, які трымае ў памяці драматычныя падзеі 1941-га, жорсткія баі чырвонаармейцаў з фашысцкімі захопнікамі. Гледачы-слухачы былі апрануты ў палявую форму салдат беларускай арміі — гэта байцы і камандзіры 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна...

Але настраёвасць, асаблівы характар напружанасці, перажывання прэзентацыі надавала тое, што ўсе ведалі — і аўтар кніг, і пошукавікі: у гэтай лясной зямлі — байцы 1941 года, якія змагаліся на Слонімшчыне ў першыя тыдні Вялікай Айчыннай...

У гэты палявы сезон 52-і батальён разам з пошукавікамі атрада «Бацькаўшчына», які ўзначальвае Аляксандр Дударэнка, разам з паплечнікамі з Татарстана, якія ўжо болей дзесяці гадоў вядуць свой пошук у гэтай старонцы, вызвалілі з бяспамяцтва, з чорнага спіса «зніклых без вестак» цэлы ўзвод — 42 чалавекі, — дзеліцца ўражаннямі пісьменнік. — Адзін з іх — пакуль што безыменны камандзір, якога знайшлі разам са службовай пячаткай, прыналежнай Свіслацкаму ваеннаму камісарыяту. Па ёй, несумненна, удасца ўстанавіць яго прозвішча. На вырытых з зямлі фляжках, падсумках, лыжках надрапаны прозвішчы: «Обухов», «Парфоменко», «(Б)езруков»... У гэтых байцоў ёсць шанцы «перадаць» вестачку сваім нашчадкам, родзічам. Справа часу. А яго ў салдат колькі было, гэтуль і засталося, — цэлая вечнасць…

Мікалай Андрэевіч, — пытаюся ў пісьменніка, — напішаце апавяданне ці аповесць з гэтым слонімскім адрасам?

Я вельмі люблю ездзіць у Беларусь. Тут у мяне процьма знаёмых краязнаўцаў, гісторыкаў, цяпер вось некалькі гадоў выбіраю любую вольную хвіліну, каб далучыцца да працы пошукавікоў... Пасля сустрэч з слонімска-зэльвенскімі лясамі ў блакноце самі сабою ўзнікаюць радкі новага рамана. Гэтым разам — пра баі пад Гродна, пра байцоў і камандзіраў 3-й арміі, той самай, на долю якой выпала і жорсткае адступленне і пераможнае наступленне, выпала і ўзяцце Берліна таксама. У выніку ў мяне атрымліваецца — трылогія: дзве кнігі — «Берасцейскія вароты» і «Бог не гуляе ў косткі» ўжо прадстаўлены чытачам. Цяпер справа за трэцім раманам. Ён пакуль што без назвы... Затое імёны героям прыдумваць не трэба — перапісвай з кацялкоў ды салдацкіх падсумкаў ці з медальёнаў, калі яны захаваліся…

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.