Вы тут

Раім схадзіць


Тыдзень кажаноў, выстава «Дэкодэр цішыні», «Пятрусь Броўка. Нечаканы партрэт паэта. Частка 2», фестываль рэканструкцыі ад Сярэднявечча да Новага часу «Над Менкай», «Кушлянскі фэст 2021» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


Тыдзень кажаноў

<pixabay.com

Калі: 23–29 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

Хто яны — рукакрылыя, навошта і як іх ахоўваюць? Лекцыі з хіраптэролагамі, гарадскі квэст, кінапаказ у пушчы і начныя адловы «лятучак» пазнаёмяць вас бліжэй з гэтымі звяркамі. Тыдзень кажаноў пройдзе з 23 да 29 жніўня, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Арганізатары падрыхтавалі анлайн-лекцыю з замежнымі спікерамі, квэст па рукакрылых у Мінску і ноч кажаноў у Белавежскай пушчы.

23 жніўня, 19:00 Дзікая анлайн-лекцыя з АПБ ад трох вядучых еўрапейскіх экспертаў «Пра што вам не раскажуць ні Дракула, ні Бэтмен». Каб патрапіць на лекцыю, патрэбна рэгістрацыя.

25-27 жніўня гарадскі квэст у Мінску. Шукайце схаваныя лоты з цікавымі фактамі аб лятучых мышах і падказкамі пра тое, дзе знайсці наступны! Тыя, хто пройдзе квэст да канца, атрымаюць сімвалічныя падарункі ад АПБ. Правілы квэста будуць абвешчаныя 25 жніўня ў 6:00 на ютуб-канале АПБ.

28-29 жніўня Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы. У праграме — начныя адловы кажаноў, «рукакрылая» экскурсія па запаведным лесе, выстава «Кажаны на калажах Рамана Янотава», лекцыя, кінапаказ, аквагрым. Прыходзьце з дзеткамі, будзе цікава. Патрэбна папярэдняя рэгістрацыя.


Выстава «Дэкодэр цішыні»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановича, д. 7а

Калі: 24 жніўня — 19 верасня

У вершы Максіма Багдановіча «У Вільні» хораша прасочваецца атмасфера горада эпохі пачатку ХХ стагоддзя, дзе афішы і плакаты вісяць на сценах дамоў, што характарызуе той стан у адносінах да плакатнага мастацтва.

Выстаўка «Дэкодэр цішыні» атрымала назву паводле аднайменнага зборніка вершаў Паўла Дарохіна. Зборнік выйшаў у 2021 годзе.

На выставе прадстаўлены 15 графічных лістоў, выкананых у лічбавым фармаце. Працы ствараліся на працягу 2012—2020 гг. На творчасць мастака паўплывалі японская гравюра, сярэднявечнае мастацтва і некаторыя мадэрнісцкія плыні пачатку ХХ стагоддзя, такія як dada, магічны рэалізм і «новая рэчыўнасць», сюжэты ж звязаныя са снамі, дзіцячымі жахамі і падсвядомасцю. Разам з тым, ім уласцівыя пэўная іранічнасць і гуллівасць, пошук глыбокіх плыняў у абсурдным віры жыцця.


Кінапрагляд «Уцёк з Нью-Ёрка»

kinopoisk.ru

Дзе: Кінатэатры «Цэнтральны» і «Ракета»

Калі: 26 жніўня — 1 верасня

Колькі каштуе: ад 7 BYN

Гэтым летам атмасферны фантастычны баявік Джона Карпентэра «Уцёк з Нью-Ёрка» адзначае 40-гадовы юбілей.

1997 год. Увесь востраў Манхэтэн — адна вялікая турма строгага рэжыму. Шмат гадоў ідзе трэцяя сусветная вайна. Прэзідэнт захоплены групай рэвалюцыянераў і пасаджаны ў турму. Ветэран вайны Пліскен павінен вызваліць прэзідэнта з гэтай зоны бязмежнай жорсткасці, а часу ў яго вельмі мала. Калі ён не ўратуе прэзідэнта ў тэрмін, то загіне сам. Яму ўведзены смяротны прэпарат, а проціяддзе ён атрымае па вяртанні.

Дзіўна вынаходлівае кіно ад галоўнага майстра жанравых фільмаў у гісторыі Галівуду. Кінакарціна стала адной з галоўных антыўтопій і аказала прыкметны ўплыў на кіно і гульнявую індустрыю.


«Пятрусь Броўка. Нечаканы партрэт паэта. Частка 2»

Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К. Маркса, 30, кв. 4

Калі: 27 жніўня

Колькі каштуе: 4 BYN — дарослыя, 2 BYN — студэнты і навучэнцы

Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на тэатралізавана-інтэрактыўную дзею «Пятрусь Броўка. Нечаканы партрэт паэта. Частка 2», прысвечаную жыццю і творчасці аўтара класічных вершаў «Пахне чабор» і «Александрына».

Мы працягнем незвычайнае знаёмства з народным паэтам Беларусі Петрусём Броўкам — аўтарам пранікнёных вершаў пра каханне і гучных заклікаў да будаўніцтва новага жыцця. Як паэт і чалавек, ён не губляўся ў самых складаных сітуацыях, дапамагаў многім людзям, вызначаўся непадманнай шляхетнасцю і ўменнем быць роўным сярод роўных.

На вечарыне прагучаць невядомыя факты пра паэта, удзельнікі пазнаёмяцца з малавядомымі вершамі і фактамі з жыцця паэта.

Аўтар і вядучы — Васіль Дранько-Майсюк.


Фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў»

Дзе: шлюз Дамброўка, Гродзенская вобл.

Калі: 28 жніўня

На шлюзе Дамброўка стартуе праграма штогадовага фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў». На свяце выступяць творчыя калектывы Гродзенскай вобласці, якія захоўваюць народныя традыцыі беларускай, літоўскай і польскай культуры.

Пачнецца ўсё 28 жніўня, у суботу, з цэнтралізаванага шэсця ад галоўнага шлюза Аўгустоўскага канала. Уласна, асноўныя лакацыі таксама размесцяцца на Дамброўцы, дзе можна будзе паспець пакатацца на цеплаходзе па знакамітай воднай артэрыі Гродзенскага рэгіёна.

Паводле інфармацыі Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, там жа размесціцца галоўная сцэна свята, пасля чаго пройдзе ўрачыстае адкрыццё фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» і пачнецца канцэртная праграма. Хэдлайнерам фестывалю стане фольк-бэнд «Неруш» з Мінска.

Гэтым разам арганізатары разгорнуць яшчэ адну сцэнічную пляцоўку, якая будзе называцца «Грай гармонік, віруй, святая!», дзе для дзяцей упершыню выступіць «Батлейка». Тут гледачоў парадуюць баяністы, акардэаністы і гарманісты ў «Баян-шоу». Арганізатары правядуць некалькі займальных майстар-класаў па бытавых танцах.

Працаваць будзе інтэрактыўная пляцоўка «Аўгустоўскія забавы», якая прадстаўляе розныя конкурсы тыпу «Бег з карамыслам», «Бульба эстафета» і «Смачны забег». Тут жа пройдзе традыцыйная для фестывалю акцыя – «Пабудуем Аўгустоўскі канал разам».

У астатні час госці свята змогуць наведаць выставу-кірмаш сувенірнай прадукцыі або майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці цэнтраў рамёстваў вобласці. Гэта значыць, напрыклад, паспрабаваць сябе ў пляценні паясоў або саломапляценні.

У культурна-інфармацыйным цэнтры растлумачылі, што асаблівасцю гэтай пляцоўкі стане акцыя «Фенечка сяброўства», якую майстры будуць плесці сумесна з усімі ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю. Таксама тут прадставяць арт-праект «Яднай сяброўства» – гэта карціна саматканых дываноў.

Яшчэ адзін інтэрактыў чакае гасцей на пляцоўцы «Фальклорна-гастранамічны фэст». Тут можна будзе выпрабаваць «Каравай сяброўства» або прайсці спаборніцтва на хуткае паглынанне дранікаў «Хто першы, той і лепшы».

Акрамя таго, на свяце таксама будзе магчымасць пагуляць у пляжны валейбол, прыняць удзел у «Курыных забегах», пракаціцца на цеплаходзе, атрымліваючы асалоду ад прыгажосцю прыроды Гродзеншчыны і шмат іншага.

Завершыцца фестываль у 19.00 гадзін.

Аліса СКІБА


Фестываль рэканструкцыі ад Сярэднявечча да Новага часу «Над Менкай»

Дзе: «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту», в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: 28 жніўня

Колькі каштуе: 15 BYN — для дарослых, 8 BYN — для студэнтаў, бясплатна — для дзяцей дашкольнага ўзросту

Зноў музей народнай архітэктуры і побыту стане пляцоўкай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. Мерапрыемства «Над Менкай» — фестываль розных эпох, дзе вас чакаюць шматлікія клубы гістарычнай рэканструкцыі ад Сярэднявечча да клубаў рэканструкцыі XVII–XVIII стст.

Падчас фестываля вы даведаеціся пра вайсковыя і свецкія традыцыі нашых продкаў, а таксама пазнаёміцеся з народным побытам, спевамі і танцамі XIX стагоддзя.

Вас чакае:

  • ўрачыстае адкрыццё фестывалю, прадстаўленне ўдзельнікаў фестывалю;
  • лагер рэканструктараў;
  • выступленне клуба гістарычнай рэканструкцыі «Шатландская пяхота»;
  • кулінарнае спаборніцтва;
  • конкурс касцюма;
  • майстар-клас па беларускім спевам і танцам;
  • майстар-клас па стральбе з лука, арбалета;
  • майстар-клас па фехтаванню;
  • экскурсійнае абслугоўванне ў помніках архітэктуры;
  • галоўная падзея мерапрыемства — рэканструкцыя бітвы XVII стагоддзя;
  • агнявое шоў.

«Кушлянскі фэст 2021»

Дзе: в. Кушляны (Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць) Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны».

Калі: 28 жніўня

Колькі каштуе: 7 BYN — для дарослых, 10 BYN — сям’я ад 3 чалавек, пры анлайн-замове — зніжкі, дзеці да 16 гадоў — бясплатна

Мясціны, звязаныя з жыццём знакамітых дзеячаў беларускай культуры, зрабіліся сапраўднымі месцамі моцы, у якіх збіраецца энергія людзей самых розных творчых кірункаў. Не выключэнне і сядзіба Францішка Багушэвіча, аўтара знакамітых кніг «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».

28 жніўня 2021 г., у апошнія выходныя лета, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на чарговы «Кушлянскі фэст», які ладзіцца ў гонар вялікага Песняра, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры.

Адметнасцю фэста стане лекцыя-канцэрт Алеся Лася «Ад дуды да раяля», раскрываючая гісторыю музычных інструментаў.

Гасцей свята таксама чакаюць: цікавая музычная праграма (гурты «Явар» і «Мярэжа»), разнастайныя майстар-класы, вырабы смаргонскіх умельцаў, сучасная паэзія. Для маленькіх аматараў мастацтва будзе арганізаваны пленэр, на якім найлепшыя мінскія выкладчыкі будуць працаваць з юнымі творцамі. Будуць пляцоўкі аквагрыму, народныя забавы, пачастункі з зёлкавай гарбатай ад сядзібы «Дайнаўскі двор» і падарункі.

Мерапрыемства ладзіцца сумесна са Смаргонскім раённым выканаўчым камітэтам.

Час правядзення: 12.00 — 16.00.

Падрабязную праграму і навіны фэста можна знайсці ў сацсетках мерапрыемства:

Тэлефоны для сувязі: 8-015-92-9-81-69 (Кушляны)
8-017-363-07-61 (Мінск)


Выстава «Воблака сюррэалізму»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN – для дарослых, 4 BYN – для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 20 жывапісных твораў, якія сам аўтар вызначае як сюррэалістычныя. Аднак «Воблака сюррэалізму» Ігара Карпава выказана досыць рэалістычнымі сродкамі, таму ўсе працы даступныя ўспрыманню.

Карціны мастака маюць багата вобразаў, ідэй, сімвалаў і знакаў. Яны як бы канцэнтруюць у сабе і міфалогію, і рэлігіі свету, і розныя філасофскія плыні, і мінулыя цывілізацыі. Так аўтар разважае пра гісторыю чалавека і чалавецтва. Спалучэнне ў адной кампазіцыі цалкам розных элементаў здаецца парадаксальным, але пры гэтым дэманструе ўзровень развіцця сучаснага чалавека, якому даступныя веды і інфармацыя.

Робаты і іншапланецяне, лютыя тыгры і далікатныя жанчыны, рыцары і анёлы ды яшчэ мноства розных персанажаў напаўняюць марскія, нябесныя, горныя, пустынныя і ўрбаністычныя пейзажы палотнаў Ігара Карпава.

Сам Ігар Васільевіч так сказаў пра свае работы: «Кожная карціна — гэта гісторыя, якая працякла праз мяне і ў выніку знайшла сваё адлюстраванне на палатне. Тут усё звязана з чалавекам, са станоўчымі дасягненнямі, эмоцыямі. Камусьці мае працы дапамогуць зразумець свет, камусьці — саміх сябе».

Час працы: серада — нядзеля, 12.00–20.00


Міжнародны арт-фестываль сімвалічнага мастацтва

Дзе: г. Мінск, вул. Гікала, 4

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 5 BYN 

Тэма фестывалю сёлета — «За гранню свядомасці ляжыць новая рэальнасць». У экспазіцыі будуць прадстаўлены работы беларускіх і расійскіх майстроў, якія працуюць у розных напрамках: жывапіс, арт-аб’екты з металу, дэкаратыўна-прыкладное і тэкстыльнае мастацтва. «Сярод удзельнікаў — Дзмітрый Траяновіч, Лідзія Яцукевіч, Уладзімір Канонік, Ала Шкарадзёнак, Алег Барычэўскі, Людміла Рыбакова, Аляксей Лаціннік, Аксана Шаляпіна і Аляксандр Ермалаеў», — распавяла куратар выставы Людміла Рыбакова.

«Агульная ідэя мастакоў — адлюстраванне праз жывапіс унутранага свету чалавека, яго пошукаў, значэнняў. Праз творы паказаць магчымасці чалавека і розніцу быцця. Звярнуць увагу людзей на ўнутраныя працэсы, якія даюць рост і вырашэнне ўсіх жыццёвых пытанняў. Мастацтва становіцца не мэтай, а сродкам на шляху да самапазнання, самаўдасканалення. Карціны — гэта нейкія парталы, якія адкрыюць бясконцыя магчымасці існавання і самавыяўлення. Дзякуючы ім мы ўспомнім і зноўку адкрыем наша мінулае, тое, кім мы з’яўляемся, дзе пачалося наша жыццё і куды мы ідзем», — дадала арганізатар.

Падчас дзеяння праекта будуць праведзены майстар-класы аб магчымасцях развіцця творчага патэнцыялу чалавека і аб тым, што дае магчымасць развіваць творчасць у сабе.

Час працы: серада–панядзелак, 11:00-19:00.


Выстава партрэтаў ад маладых беларускіх мастачак «INGENIUM»

Дзе: Галерэя DK, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 7 BYN – для дарослых, 5 BYN – для студэнтаў/школьнікаў

Галерэя ДК запрашае на адкрыццё выставы Мацко Радаславы і Савік Таццяны INGENIUM, якое адбудзецца 12 жніўня ў 19:00. На выставе будуць прадстаўлены работы ў жанры партрэт.

Партрэт – гэта мастацкае выява чалавека з перадачай яго ўнутранага свету. Малюнак, які імкнецца да прыгажосці, заўсёды некалькі мадыфікуе яе, пры дапамозе індывідуальнага характару і заўсёды выказвае ідэю чалавецтва ў пэўным індывідуальным вобразе, вылучаючы ў ёй якую-небудзь асаблівую рысу. Для мастацтваў, мэтай якіх служыць малюнак, ідэі чалавецтва, нароўні з прыгажосцю як характарам роду будзе патрэбна выказаць характар індывіда.

INGENIUM — слова лацінскага паходжання, якое азначае “характар”.

Ідэйнай асновай для выставы паслужыла праца Артура Шапэнгаўэра «Свет як воля і прадстаўленне».

Час працы: чацвер — субота, 12:00–20: 00; нядзеля, 12:00—18:00.


Выставачны праект «Адкрыты архіў VL»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

З 9 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пачне працу выставачны праект «Адкрыты архіў VL», прысвечаны 70-гадоваму юбілею Валерыя Лабко.

У гэтым годзе 12 ліпеня Валерыю Лабко споўнілася б 70 гадоў. Юбілей паслужыў падставай пагаварыць пра гэтага чалавека, з імем якога звязваюць глабальныя змены ў беларускай фатаграфіі апошняй чвэрці ХХ стагоддзя і не толькі.

Постаць Валерыя Лабко шматпланавая і рознабаковая: ён сфармаваў складаную сістэму ўзаемаадносін і ўплываў у творчым асяроддзі фатографаў, займаўся новымі тэхналогіямі ў фатаграфіі, апярэджваючы свой час, запусціў і мадэраваў шэраг легендарных праектаў, у тым ліку на галоўным беларускім фотапартале «Zнята».

Фатограф, крытык, стваральнік «Мінскай школы фатаграфіі» — феномена ў беларускім фатаграфічным мастацтве канца 1980-х–1990-х гг., які зафіксаваў высокі ўзровень і сусветнае прызнанне беларускіх фатографаў, кіраўнік навучальных студый пры фотаклубе «Мінск», майстар партрэтнай і вулічнай фатаграфіі, настаўнік і лідар, правадыр новых ідэй і тэарэтык.

Экспазіцыя будуецца на прыватных архіўных калекцыях, беражліва захаваных і перададзеных для выставы сям’ёй, калегамі і аднадумцамі Валерыя Лабко. Серыя партрэтаў прадстаўлена вядомай балерынай, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Шэметавец. У гледачоў будзе магчымасць убачыць арыгіналы фатаграфій — своеасаблівыя «візітныя карткі», якія адлюстроўваюць інтарэсы, прыярытэты і напрамкі пошуку Лабко-фатографа.

На выставе будзе дэманстравацца фільм, які ўяўляе сабой серыю маналогаў людзей, датычных жыцця і творчасці Лабко. Іх успаміны ажыўляюць час, падзеі, гісторыі. Гэтымі кароткімі сведчаннямі мы хацелі б прадставіць сімвалічны партрэт чалавека, які сабраў, натхніў, навучыў думаць не адно пакаленне беларускіх фатографаў, змяніўшы само стаўленне да фатаграфіі як да аднаго з медыя сучаснага мастацтва.

Выставачны праект «Адкрыты архіў VL» у НЦСМ стане адным з серыі івэнтаў, прысвечаных Валерыю Лабко. Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура запускае праект «Секвенцыі» аб выразным метадзе, элементах мовы, які асвойвала творчая Беларуская фатаграфія ў 1980–1990-я гг., народны фотаклуб «Мінск» падтрымае агульную праграму прымеркаваных да юбілею Лабко праектаў выставай са сваіх фондаў.


Выстава «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 12 BYN — для дарослых, 10 BYN — для студэнтаў, пенсіянераў, 8 BYN — для школьнікаў

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA запрашаюць усіх наведаць новы выставачны праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны». Больш за 70 работ вядомых аўтараў з усяго свету можна будзе ўбачыць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) з 24 чэрвеня па 29 жніўня 2021 г.

Актуальнае мастацтва знаходзіцца ў бесперапынным пошуку новых формаў, інструментаў і матэрыялаў. Што калі замест палатна перад мастаком адкрыецца інтэрфейс камп'ютэрнай праграмы, а замест пэндзля і фарбаў у руцэ апынецца сцілус? Творчая майстэрня пераносіцца ... у віртуальнае асяроддзе!

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA прадстаўляюць праект, прысвечаны адной з самых запатрабаваных і дынамічна развіваюцца сфер сучаснай культуры — лічбаваму мастацтву. Праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютэрнай графікі. Лічбавыя сны» здзівіць вас неверагоднымі магчымасцямі камп’ютарнай графікі і дазволіць здзейсніць падарожжа скрозь мноства віртуальных светаў, народжаных фантазіяй самых таленавітых мастакоў.

Вы ўбачыце больш за 70 твораў прафесіяналаў з усіх канцоў свету (Расія, Польшча, Іспанія, Германія, Бразілія, Італія, Вялікабрытанія, Кітай, Літва і многія іншыя краіны).

Праект прадставіць усе актуальныя напрамкі камп’ютарнай графікі: Фотаарт (стварэнне сюррэалістычных калажаў на аснове фотаздымкаў), лічбавы жывапіс (карціны, выкананыя пры дапамозе графічнага планшэта), 3D-графіку (трохмерныя лічбавыя «скульптуры»). Вы пераканаецеся што стварэнне лічбавых твораў патрабуе не толькі віртуознага валодання сучаснымі камп'ютарнымі тэхналогіямі, але і шматгадовай практыкі, скрупулёзнага навострывання навыкаў, глыбокіх тэарэтычных ведаў і, вядома ж, бязмежнай фантазіі і невычэрпнага ўяўлення!

Экспазіцыю будуць суправаджаць інфармацыйныя стэнды, якія бліжэй пазнаёмяць вас з прадстаўленымі аўтарамі і працамі. Таксама на вялікім экране будуць дэманстравацца тэматычныя дакументальныя фільмы. Да таго ж кожны жадаючы зможа бясплатна паспрабаваць разгадаць займальны квэст па выставе.

Калі пытанне супрацьстаяння традыцыйнага і лічбавага мастацтва не пакідае вас абыякавым, калі вы самі трымаеце ў руках стілус, пэндзаль або аловак і хочаце даведацца сакрэты майстэрства прызнаных асаў, нарэшце, калі вы проста хочаце дадаць фарбаў і чарадзейства ў паўсядзённае жыццё — вас запрашаюць з галавой пагрузіцца у фантастычныя «Лічбавыя сны»!


Інтэрактыўная шоў праграма «Таямніцы музыкі і гукаў»

Дзе: Музей музыкі, г. Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 8

Калі: да 31 жніўня

Колькі каштуе: 25 BYN — для дарослых, 20 BYN — для студэнтаў/школьнікаў

«Музей музыкі» запрашае за яркімі ўражаннямі і новымі ведамі.

Праграма:

  • убачыць паблізу эксклюзіўныя музычныя інструменты (арган, раяль, арфу, клавесін...);
  • даведацца незвычайныя і дзіўныя факты пра іх;
  • пачуць музычныя фокусы і ілюзіі;
  • паспрабаваць згуляць самастойна на музычных інструментах.

Пасля праграмы з гідам вы можаце наведаць іншыя лакацыі «Музея музыкі», а таксама:

  • адпачыць у рэлаксарыі: у мяккім масажным крэсле ў цішыні і паўзмроку пазнаёміцца з гукатэрапеўтычнымі інструментамі;
  • правесці вопыты ў эксперыментарыі;
  • прайсці квэст па «Музеі музыкі»;

і іншае.

Музей працуе толькі па папярэднім запісе. Калі ласка, удакладняйце даступнасць і расклад і запісвайцеся праз форму на сайце або па тэлефоне + 375 (44) 464-43-31.

Колькасць гасцей: малыя групы ўсяго да 12 чалавек для вашага камфорту і бяспекі.

Расклад на жнівень:

  • Пятніца 17:00, 18:30
  • Субота 15:30, 17:00
  • нядзеля 15:30, 17:00

Cinemascope #shhh

kinopoisk.ru

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 10 верасня 

Колькі каштуе: 7 BYN

Сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам (18+)

Усё лета ў скульптурным дворыку Музея-майстэрні З. І. Азгура праходзяць сезонныя кінапаказы #Cinemascopeshhh пад адкрытым небам.

Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў існуючую гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў.

Навушнікі можна атрымаць на ўваходзе ў дворык пры прад'яўленні білета, пасля заканчэння сеансу яны падлягаюць вяртанню. Навушнікі падвяргаюцца апрацоўцы пасля кожнага выкарыстання.

У сувязі з тым, што паказы праходзяць пад адкрытым небам, рэкамендуецца браць з сабой цёплую вопратку, пледы. У выпадку неспрыяльнага надвор'я паказы пераносяцца ў скульптурную залу музея. У памяшканнях музея неабходна выконваць масачны этыкет. Усе фільмы ў рамках праекта #Cinemascopeshhh дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Фільмы: 

  • 24 жніўня 20.40 «Сіні аксаміт» 1986, Дэвід Лінч
  • 27 жніўня 20.40 «Кітайскі квартал» 1974, Раман Паланскі
  • 3 верасня 20.30 «Кабарэ» 1972, Боб Фосі
  • 7 верасня 20.10 «Парыж, Тэхас» 1984, Вім Вендерс
  • 10 верасня 20.10 «Нешта ў паветры» 2012, Аліўе Асаяс

Даведкі тут.


Выстава графікі Юрыя Якавенкі «Астральны нацюрморт»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі:  да 12 верасня

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

15 ліпеня 2021 г. а 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы графікі Юрыя Якавенкі «Астральны нацюрморт».

Праект у НЦСМ працягвае серыю персанальных выстаў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.

Працы Юрыя Якавенкі былі падораны каралеве Вялікабрытаніі Лізавеце II і папе Рымскаму Бенедыкту XVI, захоўваюцца ў Каралеўскім сходзе ў Швецыі і шматлікіх музейных сходах у Беларусі і за мяжой. Мастак з Гродна з’яўляецца ўладальнікам больш за 25 узнагарод біенале і конкурсаў графікі.

На рэтраспектыўнай выставе ў НЦСМ можна ўбачыць найбольш вядомыя графічныя серыі Юрыя Якавенкі. Адна з іх — серыя афортаў «Санет» (У суаўтарстве з Аляксандрам Ашуркам), удастоеная ў 2020 годзе Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Графіка». Серыя стваралася пад уплывам японскай графічнай школы і складаецца з 13 гравюр, сабраных у спецыяльны футляр.

Значная частка работ на выставе — сюррэалістычныя нацюрморты. У нацюрмортах Юрыя Якавенкі сістэмы выстройваюцца з прадметаў і раслін, змененых метамарфозамі і існуючых за гранню звыклага прадметнага свету. У многіх выпадках яны звязаны з тленнасцю матэрыяльнага, перш за ўсё чалавечага цела.

Выстава працягнецца па 12 верасня 2021 года.

Інфармацыя: +375 (17) 2350332, +375 (17) 3990978


Moon Cinema: кінапрагляды пад адкрытым небам

Дзе: Yoga Place Захад, г. Мінск, Ляшчынскага, 8, к. 1

Калі: да 26 верасня

Колькі каштуе: 5 BYN

Кожнуюнядзелю Moon Cinema будзе трансліраваць які-небудзь добры фільм, а барыста будзе рыхтаваць для наведвальнікаў магічныя летнія напоі.

Каб трапіць на сеанс — дастаткова проста запісацца. Папярэдняя рэгістрацыя абавязковая, так як колькасць удзельнікаў абмежавана умяшчальнасцю тэрасы (80 чалавек).

Расклад сеансаў:

  • 29 жніўня —  фільм «7 гадоў у Тыбеце»
  • 5 верасня — фільм «Зорачкі на зямлі»
  • 12 верасня — фільм «Фантан»
  • 19 верасня — фільм «Прасвятляйся»
  • 26 верасня — фільм «ПіКей»

Персанальная юбілейная выстава Івана Рагаценя 

Дзе: Музей кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: да 26 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

10 жніўня ў выставачнай зале музея кіно адкрылася персанальная юбілейная выстава мастака-пастаноўшчыка і мастака-дэкаратара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Івана Рагацені ў сувязі з яго 75-годдзем.

За 50 гадоў працы ў кіно Рагацень стварыў дэкарацыі для больш чым 35 разнастайных па тэматыцы і жанрах фільмаў і серыялаў, сярод якіх «Я, Францыск Скарына…» (1969), «Магіла льва» (1971), «Вянок санетаў» (1976), «Полымя» (1974), «Час яе сыноў» (1974), «Шляхціц Завальня» (1994), «У жніўні 44-га» (2001), а таксама «Вольф Месінг: той, хто бачыў скрозь час» (2009) і «Угрум-рака» (2020)…

У экспазіцыі прадстаўленыя эскізы і рабочыя чарцяжы разнастайных дэкарацый, кадры і фрагменты з фільмаў з ужо гатовымі аб’ектамі, арыгінальны прадметны шэраг, а таксама аўтарскія малюнкі і графіка: дзіцячае захапленне маляваннем Рагацень пранёс праз усё сваё жыццё. Ёсць тут і вітрыны з характэрнымі «сродкамі вытворчасці», якія майстар выкарыстоўвае ў сваёй творчасці.

Расклад працы: штодня з 11.00 да 19.00


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць».

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.