Вы тут

Што робіцца для засцярогі ад небяспечных забруджвальнікаў


Згодна з умовамі Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках (САЗ), да якой наша краіна далучылася ў 2004-м, да 2025 года трэба спыніць выкарыстанне абсталявання, у якім утрымліваюцца поліхларыраваныя біфенілы (ПХБ). У Беларусі прыкладна 500 уласнікаў маюць абсталяванне, у якім утрымліваюцца ПХБ, — 37 тысяч кандэнсатараў і каля 370 трансфарматараў. У краіне таксама захоўваецца больш за 10 тысяч тон непрыдатных пестыцыдаў. Для знішчэння такіх небяспечных адходаў у Гомельскай вобласці Беларусі будуецца спецыялізаваны аб'ект.


Шкодныя начынкі

Каб выконваць палажэнні Канвенцыі, а таксама дзеля вырашэння праблем са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі, у Беларусі распрацаваны і рэалізаваны тры нацыянальныя планы. Падрыхтаваны і здзяйсняецца чацвёрты ў межах падпраграмы 3 «Абыходжанне са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі» Дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2021—2025 гг.», расказала Вольга САЗОНАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Сярод рэалізаваных мерапрыемстваў — стварэнне заканадаўчай базы, якая рэгулюе парадак абыходжання з САЗ, праведзена іх інвентарызацыя, зроблена пераўпакоўка і забяспечана экалагічна бяспечнае захоўванне непрыдатных пестыцыдаў, а таксама абсталявання і адходаў, якія ўтрымліваюць поліхларыраваныя біфенілы (ПХБ), створана і аптымізуецца адзіная база пра САЗ і іншае.

Першапачатковы спіс хімічных рэчываў, абазначаных як стойкія арганічныя забруджвальнікі, утрымліваў 12 найменняў. Аднак па меры назапашвання інфармацыі пра хімічны састаў, уласцівасці САЗ, іх паводзіны ў наваколлі і ўздзеянне на жывыя арганізмы, пералік пашырыўся да 28 пазіцый. Дадаткова ўнесеныя рэчывы істотна адрозніваюцца сферамі прымянення і прызначэння. Асаблівасць прамысловых хімікатаў на аснове САЗ — іх выкарыстанне ў якасці прымесяў і дабавак у гатовых вырабах.

— Як правіла, утрыманне новых САЗ у канчатковай прадукцыі вар'іруецца ад 0,01 % да некалькіх працэнтаў, — удакладніла Вольга Сазонава. — Гэта азначае, што працэс выяўлення і ідэнтыфікацыі такіх вырабаў і рэгуляванне абыходжання з адходамі, якімі яны становяцца пасля завяршэння тэрміну службы, значна больш складаны ў параўнанні з хімічнымі рэчывамі, што выкарыстоўваюцца практычна ў чыстым выглядзе. Таму Мінпрыроды сумесна з Акадэміяй навук пастаянна працуе над распрацоўкай метадалогіі па выяўленні такіх рэчываў, правілаў і рэкамендацый па экалагічна бяспечным абыходжанні з імі.

А з 10 тысяч тон непрыдатных пестыцыдаў каля 13 % захоўваецца на тэрыторыі сяльгаспрадпрыемстваў і райаграсэрвісаў. 45 % — на комплексе па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскй вобласці. Каля 40 % — у падземных захаваннях, тры з якіх у Віцебскай вобласці, па адным у Гомельскай і Магілёўскай. Ужо ліквідаваны Гершонскае захаванне на Брэстчыне і Слонімскае на Гродзеншчыне. Больш за 2 000 тон непрыдатных пестыцыдаў з апошняга, якое было найбуйнейшым у краіне, вывезена на абясшкоджванне за межы краіны. У працэсе ліквідацыі — Петрыкаўскае (Гомельшчына) і Гарадоцкае (Віцебшчына) захаванні.

Па выніках мінулага нацыянальнага плана, з ужытку вывелі 62,6 % абсталявання з ПХБ, а на наступнае пяцігоддзе запланавана пазбавіцца ад усяго абсталявання са шкоднай начынкай. Працягнецца таксама далейшае ўдасканаленне заканадаўства і сістэмы выяўлення і ўліку САЗ, у тым ліку мерапрыемствы па актуалізацыі адзінай базы па САЗ, іх маніторынгу ў аб'ектах навакольнага асяроддзя, уплыву на насельніцтва, стварэнне аб'ектаў па абясшкоджванні і ліквідацыі небяспечных адходаў.

У прыватнасці, гэта закупка абсталявання і стварэнне аб'екта экалагічна бяспечнага знішчэння САЗ і іншых небяспечных адходаў на базе комплексу па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў у Гомельскй вобласці; абясшкоджванне ўсіх непрыдатных пестыцыдаў, якія захоўваюцца на складах, і прыкладна 60 % усяго абсталявання з ПХБ, праінфарміравала Вольга Сазонава.

Бяспечнае знішчэнне небяспечнага

Дзякуючы далучэнню да канвенцыі ў Беларусі рэалізоўваецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі Рэспублікі Беларусь, ГЭФ-6» на суму 8,4 млн долараў, расказаў яго кіраўнік Дзяніс КАВАЛЕНКА:

— Праект утрымлівае тры кампаненты: устойлівае кіраванне ПХБ, ліквідацыя запасаў непрыдатных пестыцыдаў, умацаванне і планаванне патэнцыялу для ўстойлівага кіравання хімічнымі рэчывамі.

У межах першага кампанента плануецца пасадзейнічаць прадпрыемствам краіны ў бяспечным абясшкоджванні абсталявання, якое ўтрымлівае ПХБ, у тым ліку праз сафінансаванне да 75 % кошту дадзенай працэдуры. Мінпрыроды праводзіць конкурс па адборы кампаній, якія такім чынам пасадзейнічаюць абясшкоджванню каля 430 тон такога абсталявання найбуйнейшых яго ўласнікаў. Наступным этапам мяркуюць падтрымаць арганізацыі, у якіх колькасць ПХБ-абсталявання складае ад некалькіх соцень кілаграмаў да некалькіх тон. Гатоўнасць да ўдзелу ў праекце пацвердзіла больш як 300 арганізацый, якія агулам маюць каля 600 тон ПХБ-абсталявання.

Паміж Мінпрыроды і арганізацыяй Geocoma для рэалізацыі другога кампанента заключана пагадненне на экалагічна бяспечнае знішчэнне 700 тон непрыдатных пестыцыдаў, якія захоўваюцца на складах сельгасарганізацый Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Кампанія ўжо рыхтуе гэтыя адходы да вывазу ў Германію на знішчэнне, паведаміў Дзяніс Каваленка:

— Праектам запланавана таксама абследаванне падземных захаванняў. Цяпер франтальна даследуецца найбуйнейшае з іх — Петрыкаўскае. Робяцца разлік плошчы і аэрафотаздымка з нанясеннем контураў захавання, адбіраюцца і аналізуюцца на хімічнае забруджванне глебы, вывучаюцца даныя маніторынгу стану падземных водаў, разлічваецца хуткасць распаўсюджвання пестыцыдаў у іх, а таксама фарміраванне арэолу забруджвання навакольнага асяродздя ў раёне. Па выніках будзе створаны план ліквідацыі захавання з ацэнкай тэрмінаў яго выканання і кошту. Такія ж планы будуць падрыхтаваныя і для ліквідацыі астатніх захаванняў.

Распрацоўка нарматыўных актаў прадугледжана трэцім кампанентам. Нацыянальны план выканання абавязкаў па рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі ўключаны ў Дзяржпраграму аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў на 2021—2025 гг.

— У найбліжэйшы час плануецца распрацоўка дакументаў па вызначэнні САЗ у паветры, асадку сцёкавых водаў, цвёрдх адходах, электратэхнічных вырабах, — дадаў эксперт. — Дзякуючы праекту ў айчынныя лабараторыі закуплена абсталяванне, якое дазваляе вызначаць небяспечныя хімічныя рэчывы ў вадзе. На сайце https://soz.mіnprіroda.gov.by/ можна паглядзець актуальную інфармацыю аб праекце ці аператыўна атрымаць адказы аб уздзеянні САЗ на насельніцтва.

Экалагічныя рызыкі

Мэта яшчэ аднаго праекта «Узгодненае кіраванне ўтылізацыяй азонаразбуральных рэчываў і стойкіх забруджвальнікаў у Беларусі, Украіне, Казахстане і Арменіі» — экалагічна бяспечны збор і знішчэнне такіх адходаў, а таксама азонаразбуральных рэчываў (АРР), якія вызначаны Манрэальскай канвенцыяй. Мяркуецца таксама стварыць сумесную сетку па ліквідацыі АРР для чатырох краін. Праект рэалізуецца з 2018-га і разлічаны на 60 месяцаў. Агульны бюджэт складае 19 млн долараў, з якіх на Беларусь прыходзіцца каля 5 млн. На тэрыторыі нашай краіны праект каардынуюць Мінпрыроды, Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскй вобласці (Комплекс) і кампанія «БелВТІ». Гэты праект уключаны ў Нацыянальны план, што падкрэслівае яго значнасць для нашай краіны, заўважыў Андрэй ПІНІГІН, каардынатар праекта:

— Чакаемы вынік яго рэалізацыі — стварэнне нацыянальнага патэнцыялу для перапрацоўкі САЗ і АРР. Для размяшчэння ўстаноўкі па перапрацоўцы небяспечных адходаў абраны Комплекс у Гомельскай вобласці, дзе цяпер ідуць работы. Закуплена тэхналагічнае абсталяванне коштам 2,5 млн долараў. Тут захоўваецца, дарэчы, каля 5 000 тон пестыцыдаў. Пастаўка, мантаж, увод у эксплуатацю і першы год работы будуць праходзіць пад наглядам спецыялізаванай кампаніі ААН ЮНІДА. Гэта дазволіць максімальна вытрымаць міжнародныя стандарты ў дачыенні да перапрацоўкі падобных адходаў, а аб'ект будзе першы на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Стварэнне гэтага аб'екта таксама паспрыяе імпартазамяшчэнню, бо пакуль падобныя адходы для знішчэння вывозяцца за мяжу.

Знішчэнне небяспечных адходаў значна паменшыць экалагічныя рызыкі ўздзеяння іх на наваколле. Непрыдатныя пестыцыды, напрыклад, якія захоўваюцца з 1970-80-х гадоў, маюць рызыку распаўсюджвання праз воднае асяроддзе. А частка з іх — самаўзгаральныя, дадаў спецыяліст:

— На будаўніцтве аб'екта мы прымяняем тэхналогію спальвання. Адпаведна, выкарыстоўваецца вялікая колькасць фільтрацыйных пылад. Тэхналагічная лінія — 8-метровая печ, побач з якой размешчаны яшчэ большага памеру фільтрацыйныя элементы, скруберы і спецыяльныя прыстасаванні для адсочвання і маніторынгу выкідаў.

Магутнасць аб'екта разлічана на знішчэнне 1600 тон небяспечных адходаў на год.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пестыцыды і ПХБ-абсталяванне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.