Вы тут

Са скейтам па жыцці


Беларускіх спартсменаў-скейтбардыстаў на Алімпіядзе-2020 у Токіа пакуль няма, хоць аматараў экстрэмальнага катання на дошках з калёсамі ў краіне шмат. І створаны ў Мінску "Скейт-музей СССР".


Зварот да "экзатычнай" тэмы тут — не выпадковы. Спартыўны свет жыве Алімпіядай, Беларусь 9 ліпеня ўрачыста правяла ў Японію сваіх спартсменаў. Нагадаем, на XXXІІ Алімпійскіх гульнях краіну прадстаўляюць 109 спартсменаў, яны змагаюцца за медалі ў 20 відах спорту. На адкладзенай на год Алімпіядзе-2020 упершыню скейтбордынг прадстаўлены як від алімпійскі. Экстрэмалы, сярод якіх і 12-13-гадовыя падлеткі, разыграюць у Японіі прэстыжныя — бо першыя алімпійскія! — чатыры камплекты скейт-узнагарод: у мужчын і жанчын у дысцыплінах "парк" ды "стрыт".

"Падштурхнулі" нас у скейт-тэму сябры з Турцыі: Дзмітрый і Любоў Федуновы. Цыркавыя артысты "з савецкім мінулым", што зберагаюць у сэрцах цёплыя ўспаміны пра Беларусь і Мінск, маюць надзею зноў сюды прыехаць. Падрабязней пра гэтых адкрытых, таленавітых людзей мы пісалі: "Баланс для дваіх" (часопіс "Беларусь. Belarus", №8, 2019, ёсць у інтэрнэце). Як і пра даўняе захапленне Дзмітрыя скейтам. На самым пачатку 80-х у Мурманску з бацькам-слесарам яны дадалі ў "падвеску" скейта спружыны. Без падказак зрабілі тое, што ў 1941 годзе было зафіксавана як вынаходка. І "скейт Федунова" Дзмітрый з часам асвоіў віртуозна: робіць на ім проста неверагодныя трукі. У свае 59 мае выдатную фізічную форму, па-ранейшаму паказвае на сцэне праграму "Мастацтва індыйскіх ёгаў".

А цяперашні кіраўнік Беларускай федэрацыі скейтбордынга Глеб Бенцыоўскі ў 1988-м быў мінчанінам, калі "запаў" на скейт, і першую дошку, расказваў, падаравала яму бабуля ў час летніх вакацый на Каўказе. Сям'я Глеба з Кабардзіна-Балкарыі пераехала жыць у Беларусь, і ёсць у яго звесткі, што родавыя карані продкаў з адметным прозвішчам маглі быць з беларускіх ці то польскіх тэрыторый. Калі Дзмітрый Федуноў выклаў у сацсетках свае скейт-трукі, то спасылкі трапілі й да Глеба. Дарэчы, скейтары з розных краін сябруюць. І Глеб, ствараючы ў Мінску ўнікальны "Скейт-музей СССР" (ёсць інфармацыя ў інтэрнэце), выкарыстоўваў свае міжнародныя сувязі для папаўнення экспазіцыі. У часе нядаўняй сустрэчы ён паказваў экспанаты (а іх ужо больш за 700!), згадваў: карэспандэнты з "Голасу Радзімы" прыязджалі ўлетку 1988-га на базу адпачынку "Зялёны Бор" Мінскага завода халадзільнікаў. Глеб там упершыню "засвяціўся" як скейтар-аматар, да таго ж у змене былі равеснікі з замежжа, з якімі потайкам ад дарослых яны трэніраваліся. Спадзяюся, мае калегі напісалі ў той час пра юнага скейтара, і ўдасца знайсці той нумар газеты, і што нашае выданне вось такім чынам паспрыяла развіццю гэтага — цяпер алімпійскага — віда спорту ў Беларусі.

Скейт-трукі цыркавога ёга Дзмітрыя, безумоўна, уразілі й "класічнага" скейтара Глеба. Ды ўсё ж ён лічыць, што такі занятак не стане масавым: далёка не ўсім пад сілу рабіць такое. Скажам, каб віртуозна валодаць целам, аб'язджаць сотні фішак, рухаючыся спіной наперад — патрэбныя гады ўпартых трэніровак.

Глеб Бенцыоўскі

Дзмітрый Федуноў сапраўды стаіць асобкам ад іншых скейтараў, і ягонае майстэрства, блізкае да спартыўнага мастацтва, складана некаму паўтарыць. Але скейт-энтузіяст упэўнены: многія трукі ў сучасным скейтбордзе занадта рызыкоўныя, траўманебяспечныя. І вось таму трэба даць скейтарам новы імпульс, паказаць для моладзі магчымы кірунак руху, развіцця: па лініі "спартыўнага мастацтва", гульнёвых відаў. Дзмітрый прыдумаў дзеля таго і гульні: "Скейтбордны Чапаеў", "Скейтбордны більярд", скейтбол і шэраг іншых. А ці будуць у яго "віртуознага скейтбордынга" прыхільнікі, паслядоўнікі — пакажа час. Вось жа й не думаў ніхто раней, што стане скейт алімпійскім відам спорту — а стаў!

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Са скейтам па жыцці

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.