Кацярыну Хадасевіч-Лісавую добра ведаюць юныя чытачы Беларусі. Кнігі пісьменніцы, якая ўжо больш як дзесяць гадоў вядзе свой нязмушаны рэй з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, не залежваюцца ў кнігарнях, на паліцах школьных бібліятэк. Ёсць у прозе спадарыні Кацярыны элементы добразычлівай, займальнай гульні. Чытач і сам не заўважае, як становіцца яе ўдзельнікам, трапляе ў вір прыгод, падарожнічае па розных прасторах.
Дарэчы, ці не бальшыня кніг К. Хадасевіч-Лісавой выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда». Можна сказаць, у частцы знаёмства з беларускай дзіцячай літаратурай тым самым выдавецтва зрабіла сваім брэндам мастацкія творы спадарыні Кацярыны. Вось і казачная аповесць «Прыгоды лісачкі Красуні» — чарговая навінка «Звязды». Пра што расказвае кніга? Абаяльная і вясёлая гераіня казачнай аповесці Красуня перасялілася ў Дзівосны лес з мегаполіса. Яе гарадское мінулае мае таямніцу, якую яна не спяшаецца раскрываць. На новым месцы лісачка шукае і знаходзіць сяброў. Разам з казачнымі героямі чытач перажыве захапляльныя прыгоды, нечаканыя падзеі, страшныя здарэнні і нават разблытае сапраўдную дэтэктыўную гісторыю.
Дзесяць гісторый уключаны ў казачную аповесць: «Лісачка-навасёлка»; «Лісачка нямодная»; «Лісачка — прынцэса фон баранеса і вядзьмак»; «Лісачка і небяспечнае здарэнне»; «Лісачка — апавядальніца жахліўчыкаў»; «Лісачка наймае дэтэктыва»; «Лісачка адкрывае таямніцу»; «Лісачка і самы шчаслівы дзень»; «Лісачка і чупакабра»; «Лісачка, вампір і кава для мядзведзя». Кожная з красамоўных назваў сведчыць пра пэўнае дзейства, выказвае перад чытачом абяцанне, што ў аповесці-казцы разгорнецца цудоўны спектакль з некалькіх дзей.
У канцы кнігі аўтар і выдавецтва прапануюць уважлівым чытачам паўдзельнічаць у «Квэсце па Дзівосным лесе». А ілюстрацыі да кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Прыгоды лісачкі Красуні», якая ўбачыла свет тыражом 1100 экзэмпляраў, зрабіла кніжны графік Вольга Шпакоўская.
Мікола БЕРЛЕЖ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?