Вы тут

Персанальнае прысвячэнне мастачкі Зоі Луцэвіч


Яскрава, імпульсіўна, гарэзліва... Так існуе ў творчасці Зоя Луцэвіч, мастачка з адметным пачуццём колеру, якое нараджаецца дзякуючы фантастычнаму жыццялюбству. І калі яго нестае ці проста трэба набрацца сіл перад асенне-зімовым сезонам, то абавязкова трэба наведаць прастору «Арт-Фабрыка» ў цэнтры сталіцы, дзе праходзіць выстаўка «Жыццё як мастацтва». Таму што гэта не проста паход на выстаўку, а сыход у іншасвет, у якім няма цемры. І справа не толькі ў колерах...


Таму што вялікая персанальная выстаўка Зоі Луцэвіч — гэта перамога жыцця. Над усім, што можа яго азмрочыць. Але насамрэч усё залежыць ад нашага разумення сутнасці і ўспрымання самых розных падзей. Што і дэманструе найперш сама аўтарка. Вялікая выставачная прастора напоўненая радасцю і адчуваннем каштоўнасці кожнага імгнення. Мудрагелістыя вобразы, гульня сімвалаў і сэнсаў, але загадкі самі па сабе такія вытанчаныя, што расшыфроўкай можна і не займацца, бо розум ашаломлены буйствам колераў і пачуваецца гарманічна-разняволена. Нават дзіўнаватае адчуванне на выставе Зоі Луцэвіч, якая любіць гуляць з гледачом. А тут колератэрапія ўзмацняецца кветкатэрапіяй — яны нібыта выходзяць з работ у залу, напаўняючы яе цеплынёй і пяшчотай. У кветках Зоі шмат любові, гэта, здаецца, сямейнае.

Сваю юбілейную выставу Зоя Луцэвіч прысвяціла маці, мастачцы Святлане Катковай, якая пакінула гэты свет напрыканцы мінулага года. Творчая натура, па-сапраўднаму апантаная мастацтвам, яна пісала да апошняга, ператвараючы віды з бальнічнай палаты ў задумлівыя пейзажы. Але крыніцай яе натхнення былі кветкі — іх заўсёды было шмат на яе работах. Шмат і ў гэтыя жнівеньскія дні, бо іх маці падарыла дачка: іх сумеснае чалавечае і творчае жыццё ідзе далей. У галерэі «Арт-Фабрыка» адчуваеш гэта вельмі востра, а таксама разумееш і бачыш на свае вочы вядомае яшчэ са школы: энергія не знікае. Зоя піша і гаворыць пра маму толькі ў цяперашнім часе. Таму што жывое яе мастацтва (яно ж наогул вечнае!). Таму, што таленавіты яе працяг — дачка, якая ўражвае вобразамі, формамі і ўвасабленнем жыццялюбства. І таму, што Зоя таксама мае творчае атачэнне (яна не самотная) і прыцягвае тых, хто гатовы ператварацца і ператвараць свет кветкамі, колерамі, фантазіямі. І любоўю. Бо тут усё — прызнанне ў любові. Каму?

Работы розных гадоў — за чатыры дзясяткі гадоў, калі Зоя пачала жыць мастацтвам. У сям'і з багатымі творчымі традыцыямі, здаецца, шлях дзяўчынкі быў прадвызначаны. Дзядуля Зоі — вядомы мастак-педагог Сяргей Каткоў, які ўмеў працаваць з дзецьмі, не толькі вучыў маляваць, але і абуджаў у іх асобу. Няма чаго дзівіцца, што мастачкай стала яго дачка Святлана. Ад яе творчы імпульс узяла Зоя — з дзяцінства яна хацела рабіць сваё мастацтва. Вядомае выслоўе «Я мастак, я так бачу» яна ўспрыняла як права на творчасць, якая будзе не падобная ні на чыю, і з юнацтва гатовая была абараняць гэтае права, нават у Германію вучыцца паехала. У яе была падтрымка — не толькі маці Святлана, але і маці Зоя Літвінава, якая была хроснай дзяўчынкі, стала для яе прыкладам творчай індывідуальнасці. І Зоя Луцэвіч стала працаваць без аглядкі на правілы і ўмоўнасці, тым больш што за ёй яшчэ была адна творчая лінія — прозвішча па-бацьку ідзе ад роду Янкі Купалы. Зоя нібыта нарадзілася і расла з адчуваннем, што быць творцам — гэта значыць быць сабой.

Цяпер Зоя Луцэвіч — мастачка, чые творы выстаўляліся ў самых розных краінах: ад Еўропы да ЗША. Яна ўмее працаваць у самых розных відах мастацтва: графіцы, жывапісе, кераміцы, працуе з тэкстылем, стварае плакаты, прапануе канцэптуальныя інсталяцыі, арт-аб'екты ды відэа-арт. Яна наогул адкрытая да эксперыментаў, за якімі цікава назіраць. Калі прыходзіць нейкая нерэальная ідэя, то Зоя ў рэальнасці знойдзе магчымасць ператварыць яе ў адмысловы фантастычны праект. Хто сочыць за яе творчасцю, той мог ацаніць яе аўтарскія талеркі ды кубкі, столікі для кавы ці малюнкі на аўташкле. Дарэчы, яе сутворца, скульптар Дзіма HІD, які займаецца аэраграфіяй на аўтамабілях, вельмі арганічна стаў удзельнікам персанальнай выстаўкі Зоі ў «Арт-Фабрыцы».

Яна наогул шчодра дзеліцца часткай сябе з сябрамі і блізкімі — і энергіяй твораў, і энергіяй кветак — іх яна дорыць сваім дзвюм мамам, якіх лічыць вялікімі мастачкамі і чыім меркаваннем заўсёды даражыла. Іх творы таксама размясціліся на выстаўцы Зоі Луцэвіч, таксама як і даніна павагі аддадзена заснавальніку мастацкай дынастыі Сяргею Каткову. Святлане Катковай наогул былі прысвечаны асобныя імпрэзы ў межах выстаўкі дачкі: 16 жніўня адзначылі дзень нараджэння Зоінай мамы з расповедам пра яе творчасць і кветкамі для яе — акварэлі мастачкі, якія пакуль нідзе не выстаўляліся, можна было ўбачыць тут. Вечар памяці стаў вечарам угаранавання. Усё, як яна хацела: яны выставіліся разам — Сяргей Каткоў, Святлана Каткова, яе сяброўка па жыцці Зоя Літвінава, яе дачка Зоя, яе ўнук Ян Вінцэнт... Іскрынка таленту перадаецца ў пакаленнях і запальвае агеньчык, саграваючы тых, хто судакранаецца з гэтымі творцамі.

Гэтымі днямі нагод для судакранання становіцца больш: з 23 жніўня працуе выстава Святланы Катковай у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, дзе прадстаўлены жывапіс і акварэлі. Але «Арт-Фабрыка» не адстае і таксама захоўвае магчымасць знаёмства з гэтай мастачкай і найлепшым, што яна стварыла за жыццё.

Прысвячэнне Зоі — гэта не проста ўдзячнасць дачкі, гэта пяшчота, якая праступае праз штрыхі і мазкі, расцякаецца праз фарбы і яскрава адцяняе светлыя пачуцці, якія перасягаюць Сусветы і прасторы. Гэта нечаканая выстаўка Зоі, якая ва ўсіх выстаўках заўсёды паўставала як магутная асоба. Тут яе персанальнае «я» не выпірае, прытым што навідавоку магутная плынь аўтарскага свету. Яе персанальнае «я» праступае праз адчуванне жыцця тых, хто прыйшоў перад ёй. Гэта ўдзячнасць не толькі за права быць сабой, а наогул за права быць у гэтым свеце, памножаная на любоў. А яна не знікае і суправаджае кожны крок, кожны жэст, кожнае слова. Разумееш — і хочацца жыць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Права быць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.