Вы тут

Новасібірская вандроўніца


У складзе каманды на Рэспубліканскім моладзевым цягніку #БеларусьМолодежьЕдинство праехала па Беларусі каля двух тысяч кіламетраў і кіраўніца Новасібірскага Цэнтра беларускай культуры, спявачка, вядучая культурных імпрэз Анастасія Дзяменцьева.


Анастасія ў рэдакцыі. Фота: Іван Ждановіч

Цягнік стартаваў 15 ліпеня з Гродна – моладзевай сталіцы Беларусі, а праз 8 дзён быў у Мінску. Гэта летні праект Мінадукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага камітэта моладзевых арганізацый і Беларускай чыгункі. У Год народнага адзінства цягнік атрымаў адпаведны “кірунак руху” пад дэвізам #БеларусьМолодежьЕдинство ды ўзяў пасажырамі ў вагоны маладых людзей з усіх рэгіёнаў краіны. Адной камандай і жылі на колах 100 энтузіястаў, вандравалі, удзельнічалі ў грамадска значных імпрэзах ды спазнавалі Бацькаўшчыну. Стартаваўшы з Гродна, цягнік пабываў у Полацку, Віцебску, Горках, Петрыкаве, Брэсце, Мар’інай Горцы і прыбыў у сталіцу.

Як аказалася ў камандзе Анастасія? У  рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”, закончыўшы вандроўку, расказвала пра тое. Скантактаваліся мы праз элпошту: даўно ж на сувязі з намі Новасібірскі ЦБК, якім Анастасія Дзяменцьева кіруе. “У Новасібірскую вобласць прыязджала дэлегацыя з Беларусі на чале з Міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам, – расказвала госця. – Былі ў дэлегацыі рэктары ВНУ, з Беларуска-расійскага ўніверсітэта ў тым ліку, з якім цэнтр наш актыўна супрацоўнічае. Ансамбль “Ягода” (мы з гарманістам Дзмітрыем Івашчанкам у ім) госці пабачылі. З’явілася ідэя: накіраваць нас на цягнік, і Мінадукацыі прапанову падтрымала. Дзмітрый не змог урэшце паехаць, а ў мяне – склалася ўсё, і калі трошкі сумнявалася, муж настойваў: “Едзь! Гэта ж цікава!”. Яны з сынам адпусцілі мяне на гістарычную Бацькаўшчыну. Была я ў камандзе як прадстаўніца беларускай культуры ў Новасібірскай вобласці”.

Больш блізкае знаёмства з зямлёй продкаў, дотык да яе гісторыі, культурнай спадчыны вельмі ўразілі Анастасію. Раней бывалі ў яе тут хіба што фестывальныя паездкі, ці ў складзе дэлегацый. Цягнік даў магчымасць глыбей акунуцца ў тутэйшае жыццё. І яна ў “кругасветцы па Беларусі” шмат фатаграфавала, штодзень выстаўляўляла ў Інстаграм посты: “Пра кожны горад, дзе бывалі: што там убачыла. Дзівосная скарбоначка фотаўражанняў! Вельмі займальнае падарожжа. Кожны дзень быў насычаны”.

Цягнік, расказвае, гэта лакаматыў і 4 вагоны (2 плацкартныя і 2 купэйныя), аформленыя ў тэму праекта. У камандзе – моладзь ад 18 да 31 года: студэнты, рабочыя, выкладчыкі, вяскоўцы, дэпутаты, валанцёры, спартсмены, блогеры, прадстаўнікі IT-сферы… Паколькі ў камандзе была расіянка Анастасія, прадстаўнікі Азербайджана, Таджыкістана, то праект стаў міжнародным. Па ходзе руху ў розных гарадах маладыя людзі знаёміліся са знакавымі аб’ектамі, славутымі мясцінамі, ушаноўвалі памяці герояў і ахвяр вайны, сустракаліся з кіраўнікамі арганізацый дзяржкіравання, дэпутатамі, лідарамі маладзёжных суполак. Пры тым гаварылі пра дзяржаўную маладзёжную палітыку ды тое, як задзейнічаць на карысць Радзімы стваральны патэнцыял моладзі, дапамагчы раскрыцца талентам.

З усіх горадоў, якія наведалі, Анастасіі найбольш запомніўся Петрыкаў: “І экскурсія па горадзе была, і па Прыпяці на цеплаходзе каталі. Музей дзеда Талаша наведалі. Тэатр мод прадстаўленне паказваў, працы майстроў розных былі на выставе. Якія таленавітыя людзі, якія цікавыя народныя рамёствы, якія прыгожыя вырабы з саломкі! Да таго ж і прырода багатая – мне такім запомніўся Петрыкаў. Мы нават пабывалі там, дзе здабываюць калійную соль – і я кавалачак яе вязу дадому: як сувенір”.

Заўважым: раней з Салігорска такія сувеніры везлі, а вось і Петрыкаў стаў горадам калійшчыкаў: на пачатку 2020-га выпусціў першую партыю ўдабрэнняў Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат. А з лістапада 2019-га там, на новым, Петрыкаўскім рудаўпраўленні “Беларуськалія”, пачалі здабываць сільвініт. Калі Петрыкаўскі ГАК выйдзе на праектную магутнасць, там будуць працаваць звыш паўтары тысячы чалавек.

З песняй "Белая Русь" на сцэне ў Віцебску

Незабыўныя ўражанні ў Анастасіі таксама ад Полацка. Дарэчы, там, у жаночым манастыры, у моладзі з цягніка быў працоўны дэсант (які там называюць: послух, послушание). Кожнаму з каманды знайшлася праца, яна ж была ў манастырскай кухни: “Перамыла больш за сотню талерак, кружак, ложак і відэльцаў. І яшчэ сталы накрываць дапамагала: мы там цэлы дзень харчаваліся. Ежа была поснай, атмасфера – узвышанай, духоўнай”. У Віцебску на цэлы дзень вандроўнікі ўпісаліся ў багатую праграму “Славянскага базара”, назбіралі станоўчых эмоцый на вуліцах горада-фестываля. Анастасія і выступала: на Плошчы Перамогі спявала “Белую Русь”, і ўдзячныя гледачы віталі яе – авацыямі.

У часе размовы мы гаварылі пра беларускія родавыя карані Анастасіі. Госця расказала, як усхвалявала яе Брэсцкая крэпасць, і як спявала з гарманістам Іванам Чайкай “Кацюшу” прама на брэсцкай вуліцы. Гаварылі й пра цікавыя планы Новасібірскага ЦБК ў новым сезоне. Пра тое раскажам наступным разам.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Новасібірская вандроўніца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.