Вы тут

Калі героі вайны становяцца запамінальнымі літаратурнымі персанажамі


Так, ваенная тэматыка дужа актуальная для беларускай літаратуры... І ў ёй шмат персанажаў, чыймі прататыпамі былі рэальныя героі вайны.


Я. Колас і дзед Талаш.

Але адна справа — дакументальныя творы накшталт «Мы — з вогненнай вёскі» ці белетрызаваныя біяграфіі... Іншая рэч — мастацкі тэкст, дзе аўтар хоча быць вольным у сваіх задумах. А як спалучыць палёт фантазіі з фактамі, якія баішся змяняць нават у драбніцах? Аднойчы вядомы драматург Аляксей Дудараў абмовіўся: «Я б, напэўна, узяўся напісаць пра Заслонава, але толькі ў тым выпадку, калі мяне з усіх бакоў не будуць акружаць „узброеныя“ гісторыкі, для якіх кожная коска — гэта святыня, якая павінна вісець у рамцы. А мастацкі падыход — гэта не рамка». Нават Мележа часта папракалі ў тым, што ў ягоным рамане «Мінскі напрамак» партызанскія камандзіры выпісаны ідэалізавана-схематычна... Нездарма пісьменнікі вядомых гістарычных асоб часцей рабілі другараднымі персанажамі, а галоўнымі — выдуманых, Сотнікава, Ганну Чарнушку. Але ўсё-ткі ёсць творы, дзе алхімія мастацтва адбылася, і рэальная персона зажыла на старонках па законах мастацтва... Давайце ўспомнім некаторыя такія творы.

Якуб Колас «Дрыгва»: Дзед Талаш

«Выпрастае прыгнутую гадамі спіну, зірне па-арлінаму: — Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варты стары Талаш!»

Пачнём з найстарэйшага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны — легендарнага дзеда Талаша. Праславіўся Васіль Ісакавіч Талаш дзякуючы сваім подзвігам у вайне супраць белапалякаў і Якубу Коласу, які ў 1934 годзе надрукаваў аповесць «Дрыгва». Час быў нялёгкі, на Коласа абрынулася вульгарызатарская крытыка... А тэма савецка-польскай вайны была якраз актуальнай. Аповесць адразу набыла папулярнасць, перакладалася, перавыдавалася — і не з-за актуальнасці, а ўсім палюбіўся жыццялюбны, адважны герой, які ў свае восемдзясят з гакам узначальвае партызанскі атрад. Колас нават пісаў у вершы пра сваё бядотнае змаганне з цэнзурай:

Нічагусенькі няма на «Рубяжы»,
«Казкі жыцця» мае леглі пад нажы,
Глушыць ніву маю дзікая трава,
Засталася ад мяне адна «Дрыгва».

Цікава, што Колас працаваў над аповесцю, не бачыўшы свайго героя ў жыцці. «Упершыню сустрэўся з героем сваёй аповесці ў Мінску, у будынку Акадэміі навук. Гэта было ў 1934 годзе, пасля таго, як аповесць была выдадзена. Дзед Талаш прачытаў яе і вырашыў убачыць мяне. Мы гаварылі з ім пра аповесць. Дзед крыху крытыкаваў мае пралікі. Так, напрыклад, у аповесці дзед названы Рыгорам. На самай жа справе яго завуць Васілём (Ісакавічам). Я пераблытаў і імёны яго сыноў. Ён таксама не быў згодзен са мной і ў тым, што ён збег ад трох канваіраваўшых яго польскіх салдат. Дзед упарта стаіць на тым, што іх было пяць...»

Ужо з гэтага ўрыўка вы разумееце, наколькі Колас адгадаў характар свайго героя. Дзед Талаш быў упарты, харызматычны і з неардынарным пачуццём гумару. Дарэчы, так і застаўся аднаасобнікам, не пайшоў у калгас. Ад Якуба Коласа патрабаваў частку ганарару ад «Дрыгвы», бо лічыў, што мае на гэта права. Дый увогуле пра яго шмат баек і анекдотаў засталося…

Калі пачалася вайна, імя дзеда Талаша стала сімвалам народнага змагання. У жніўні 1941 года паэт Аляксей Суркоў надрукаваў у газеце «Известия» верш «Дзед Талаш» пра беларускіх партызан. Зразумела, што героя не маглі не завабіць у партызаны, хоць было яму 98 гадоў. У 1943-м жывы сімвал пераправілі ў Маскву. Захаваўся здымак, на якім Талаш і Колас сядзяць у гатэлі «Масква» і п’юць гарбату. «Я гляджу на яго сялянскі воблік, і мне з ім весялей» — сцвярджаў пісьменнік. Магутны дзед дажыў да 103 гадоў. А ў якасці літаратурнага вобраза працвітае і па сёння.

Аркадзь Куляшоў «Балада аб чатырох заложніках»: Мінай Шмыроў

Іх вядуць па жытняй сцяжынцы.
Чатырох.
Пад канвоем.
З дому.
Чатырнаццаць — старэйшай дзяўчынцы,
Тры гады хлапчуку малому.

Мінай Шмыроў (Бацька Мінай).

Яшчэ са школы запамінаюцца кранальныя радкі балады Аркадзя Куляшова... У аснову яе пакладзены рэальны факт. Фашысты ўзялі ў заложнікі дзяцей партызанскага камандзіра, бацькі Міная. Камандзір не мог пайсці на тое, каб здацца, нягледзячы на душэўныя пакуты. Заложнікаў расстралялі.

Стрэл.
Упаў хлапчук трохгадовы...
Кат ізноў пісталет узнімае...
На сцяне — заложнікаў цені...
Вось і ўсё.
Перад бацькам Мінаем
Станьце, ўсе бацькі, на калені!

Паэму Аркадзь Куляшоў напісаў у чэрвені 1942 г. Бацька Мінай, ён жа Мінай Піліпавіч Шмыроў, сапраўды легендарная асоба. Незадоўга да вайны ўзначальваў кардонную фабрыку, тады памерла яго жонка, пакінуўшы чацвёра дзяцей, малодшаму было 2, старэйшай — 13 гадоў. Мінай Піліпавіч, пачаўшы партызаніць, дваіх дзетак адправіў жыць да маці, дваіх — да цешчы... Потым хацеў забраць іх да сябе ў атрад, але бабулі не аддалі ўнукаў.

Заложнікаў трымалі ў Суражы, чакаючы, калі партызанскі камандзір здасца ці ад роспачы пачне рызыкоўныя дзеянні. «Што я тады думаў? Дзеткі мае дарагія, родныя мае. Ну як вам перадаць, як паведаць пра боль мой? А што рабіць, што прыдумаць? У бой ірвуцца мае хлопцы, гатовыя галовы за вас пакласці. Але як весці мне іх на танкі, на дзоты, пад нямецкія гарматы? Пераб’юць...» Старэйшая дачка Ліза перадала бацьку Мінаю цыдулку: «Тата, за нас не хвалюйся, нікога не слухай, да немцаў не ідзі. Калі цябе заб’юць, то мы бездапаможныя і за цябе не адпомсцім. А калі нас заб’юць, тата, то ты за нас адпомсціш».

Мінай прайшоў вайну... З’явілася ў яго іншая сям’я. Але, як сведчылі родныя, ягоная падушка штоноч была мокрай ад слёз. «Балада аб чатырох заложніках» узрушвае дасюль, чытач яскрава ўяўляе, што перажывае бацька забітых дзяцей.

Цікава, што ў рамане Лынькова «Векапомныя дні» бацька Мінай выведзены пад іменем бацькі Мірона. Аўтар пазбаўляе героя пакут выбару: яму проста паведамляюць, што яго дзеці расстраляныя.

Алесь Адамовіч «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой»: Ганна Адамовіч

«Выявілася, што я нават уласную маці па-сапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека пабачыў і зразумеў, калі пачалося жахлівае жыццё».

Так пісаў Алесь Адамовіч пра сваю маці, Ганну Мітрафанаўну Адамовіч. Менавіта яна стала галоўнай гераіняй у партызанскай дылогіі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Аўтар назваў яе Ганнай Корзун, запазычыўшы прозвішча ў цёткі. «Калі мне што і ўдалося ў рамане, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём».

Алесь Адамовіч з маці і братам Жэням.

Ганна Мітрафанаўна загадвала аптэкай у пасёлку Глуша. Муж пайшоў на фронт, а яна пачала дапамагаць партызанам і падпольшчыкам. Калі ўзнікла пагроза арышту, разам з дзецьмі сышла ў лес. Тое, што адбывалася з літаратурнай гераіняй Ганнай Корзун, можна параўнаць з успамінамі Ганны Адамовіч «І так было кожны дзень», якія друкаваліся ў часопісе «Нёман» у 1999 годзе.

У экранізацыі Віктара Турава 1967 года ролю Ганны Корзун сыграла Ніна Ургант. У аўтабіяграфічнай кнізе «Vіхі» Адамовіч прыводзіць такі партрэт сваёй маці: «Дзве тоўстыя касы, што па-вясковаму звісаюць спераду, выразны абрыс вуснаў, носа, які робіць твар капрызна-ўпартым. Такая вясковая красуня зусім верагодна, што магла не стрымаць абурэння, плюнуць у твар польскому „жалнежу“, калі ён па-салдацку груба схапіў яе за руку. Яна гэтак і зрабіла, наша магчымая мама, а потым суткі хавалася ў жыце, а яе шукалі раз’ятраныя палякі».

Бацькі Ганны былі раскулачаныя, высланыя ў Якуцію, і Ганна Адамовіч ратавала рэпрэсіраваных свакоў, «як з агню выхоплівала». Гэта ад маці пісьменнік успадчынніў гуманізм і адвагу. «Кожную смерць, кожнае раненне я аплаквала ў душы як маці. Увогуле ж ніхто не бачыў маіх слёз, ні мае дзеці, ні дзеці другіх маці. Я заўсёды прысутнічала на пастраеннях і пры адыходзе на баявыя аперацыі аддавала ўсім аднолькавую ўвагу, не вылучаючы сваіх дзяцей, — дабраслаўляла ўсіх».

Вобраз Ганны Корзун атрымаўся запамінальны і яркі, для аўтара раманаў ён увасабляў беларускі характар. «Можаш на людзей крыўдзіцца, але не на радзіму». Зрэшты, Адамовіч і змагаўся супраць няшчырай, пафаснай літаратуры пра вайну, за тое, каб паказваць падзеі праўдзіва, а герояў — жывымі…

«Вядома, рэальныя партызаны аказаліся зусім не такімі, якімі мне тады ўяўляліся. Горшымі? Не. Лепшымі? Не. Аказаліся жывымі людзьмі, а жывых адным словам не вызначыш. Калі да таго я адкрываў для сябе іншых людзей, дык тут, у партызанах, адкрыў самога сябе, бо страх смерці прасвечвае чалавека да дна — глядзі, які ты, і, калі можаш, старайся рабіцца трохі лепшым».

Іван Шамякін «Сэрца на далоні»: Яўген Клумаў

Яшчэ адзін яркі вобраз героя вайны стварыў пісьменнік-франтавік Іван Шамякін у рамане «Сэрца на далоні». Доктар Савіч, які ўзначальваў падполле, быў забіты акупантамі, але пасля абвешчаны здраднікам. Самае страшнае — некаторыя з тых, хто ведаў праўду, не хочуць пра яе распавядаць, каб не «замазацца» ды не дзяліцца славай змагароў. Доктар Яраш, былы студэнт Савіча, вырашае абяліць імя былога настаўніка. «Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-лекара, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год лекарскай дзейнасці патушыў дзясяткі эпідэмій. Яго паважалі ў горадзе. Няўжо такі чалавек мог прадацца?».

Яўген Клумаў з жонкай.

Прататыпам Савіча стаў доктар Яўген Клумаў. Ён быў са старой дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, жанаты на пляменніцы пісьменніка Караленкі. Калі працаваў на Лоеўшчыне, было гэта ў 1913-м, давялося ратаваць жыццё студэнту, які з-за нешчаслівага кахання спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Падчас аперацыі Клумаў трымаў у руках жывое сэрца студэнта. Пацыент застаўся жыць, а мясцовыя жыхары запомнілі выпадак. Шамякін бываў на Лоеўшчыне, чуў ад мясцовых пра цуд-доктара... Вось вам і вобраз «сэрца на далоні».

Пасля рэвалюцыі Клумаў стаў прафесарам, працаваў у мінскай бальніцы. Калі пачалася вайна, яму было за шэсцьдзясят. Мянушка доктара ў падполлі — таварыш Самарын. Восенню 1943-га Клумаў з жонкай былі схопленыя гестапаўцамі. Доктар адмовіўся супрацоўнічаць з акупантамі. У лютым 1944-га ён з жонкай загінуў у аўтамабілі-душагубцы па дарозе ў лагер Малы Трасцянец. У 1965-м Яўгену Клумаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У рамане, які Шамякін пісаў у час адлігі, адлюстравана складаная сітуацыя з высвятленнем гістарычнай праўды пра мінскае падполле. Усіх, хто апынуўся на акупаванай тэрыторыі, лічылі здраднікамі, прызнаваць факты, якія разбуралі ўхваленыя стэрэатыпы, адны баяліся, другія не хацелі... Імёны сапраўдных герояў нярэдка даводзілася даставаць з небыцця, ачышчаць ад бруду.

Пятрусь Броўка «Голас сэрца»: Алена Сцяпанаўна Броўка

Зніклі вы ўсе ў непраглядныя ночы...
Помню, хадзіў я увосень аднойчы,
Поўнымі гора, пакуты вачыма
Клікаў цябе між дратоў Асвянцыма.

Яшчэ адзін пранізлівы вобраз, вобраз маці — цэнтральны ў паэме Петруся Броўкі «Голас сэрца». У народнага паэта шмат напісана пра вайну, напрыклад, «Паэма пра Смалячкова», вядомага снайпера родам з Беларусі. «Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях»... Але паэма «Голас сэрца» вылучаецца шчырым, непрыхаваным болем... Ёсць нават радкі:

Знаю, ў жалезе былі твае рукі —
І гэта, і гэта не ўсе яшчэ мукі...
Хай бы лепш сэрца не чула, не знала,
Што мне адна паланянка сказала.

Алена Сцяпанаўна, маці Петруся Броўкі.

Любячы сын не змог нават у мастацкім творы агучыць усё тое, што даведаўся... З пачаткам вайны паэт адправіўся ў эвакуацыю, удзельнічаў у антыфашысцкай прэсе. Яго маці, Алена Сцяпанаўна, засталася ў вёсцы Пуцілкавічы, дапамагала партызанам. Яе арыштавалі. Пасля пакутлівага падарожжа па вязніцах трапіла ў Асвенцым. Жанчын змушалі цягаць вялізныя каменні, закопваць... Пасля адкопваць — і зноў цягаць на іншае месца. Аднойчы фашысты вырашылі скараціць колькасць вязняў — выстраілі ўсіх, і кожнага дзясятага адпраўлялі ў газавую камеру. Каля Алены Сцяпанаўны стаяла чатырнаццацігадовая дзяўчынка Ніна Подгал. Дзясяты лік выпаў на Ніну... Маці паэта абняла дзяўчынку і паставіла на сваё, дзявятае, месца. А сама адправілася на смерць... Ніна Подгал выжыла, менавіта яна і распавяла ўсё Петрусю Броўку.

Шкада, што гэтая гісторыя не прагучала падрабязна ў паэме, куды аўтар дадаў разважанняў на патрэбу дня... Але найлепшыя фрагменты твора гучаць па-ранейшаму кранальна.

Досыць мне ростані, родная, досыць.
Што ты загінула, — можа, здалося...
Лягу з дарогі, а ты пры мне сядзеш,
Сядзеш, маю галаву ты пагладзіш,
Скажаш: — Які ж ты, які ж ты сівенькі...—
А я прыгадаю, як быў шчэ маленькім…

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Жывыя людзі, а не схемы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.